Наш рэлікт: як адпачыць у Белавежскай пушчы па-каралеўску

Яшчэ ўчора — месца адпачынку для «моцных гэтага свету», сёння Белавежская пушча даступная амаль для ўсіх. Ад маёнтку Дзеда Мароза і ляснога заапарку з дзікімі жывёламі да гатэльнага комплексу «Баярскі гасцінец», запаведныя месцы даюць мноства магчымасцяў далучыцца да рэліктавай прыроды з максімальным камфортам.

Фота www.booking.com

Узгадаем, хто і як праводзіў час у Белавежскай пушчы, і чым яна можа быць цікавая кожнаму з нас менавіта ў гэтыя дні.

Белавежская пушча — самы стары запаведнік Еўропы, які раскінуўся паабапал беларускай і польскай мяжы. Яе плошча складае 150 тысяч гектараў — гэта два Сінгапуры альбо амаль пяць Мінскаў. Першыя згадкі аб лясах на гэтай тэрыторыі належаць Іпацьеўскаму летапісу Х стагоддзя. Лічыцца, што тады гэтую тэрыторыю засяляла племя ятвягаў — зацятыя паганцы, суворы і ваяўнічы балцкі народ, скарыць які не атрымлівалася вельмі доўга ані кіеўскім, ані літоўскім князям.

У пушчы на сёння жывуць 12 000 відаў жывёлаў. Большая частка з іх — беспазваночныя, аднак 69 — гэта млекакормячыя. Акрамя ўсім вядомых зуброў, гэта высакародны алень, рысь, дзікі конь — тарпан, і нават балотная чарапаха.

Сярэдні ўзрост дрэваў у Белавежскай пушчы — 81 год, узрост жа некаторых дубоў ацэньваецца ў больш чым у палову тысячагоддзя.

Каралеўскія паляванні

Цалкам магчыма, што тыя дубы-старажылы яшчэ бачылі князёў, якія ладзілі ў Пушчы свае паляванні. Яшчэ да таго, як гэтыя лясы так называліся, у іх паляваў кіеўскі князь Уладзімір Манамах. У 1276 годзе валынскі князь Уладзімір Васількавіч заснаваў там горад Камянец.

Ужо ў ХV стагоддзі, як вядома, пушчу выкарыстоўвалі для ваенных мэтаў. Незадоўга за бітвы пад Грунвальдам, рыхтуючыся да паходу на захад, Ягайла адправіў у пушчу шматлікія паляўнічыя атрады для нарыхтоўкі мяса для сваёй вялізарнай арміі. Нарыхтоўшчыкі — княжацкія воіны з дзідамі і арбалетамі, цягам паўгода забівалі ў пушчы літаральна ўсё, буйнейшае за труса: тураў, зуброў, аленяў, ласёў, кабаноў. Відаць, гэтая вялікая «чыстка» так спустошыла пушчу, што пазней Ягайла выдаў прывілей, згодна з якім паляванне на буйнога звера ў Пушчы забаранялася ўсім, акрамя самога караля і ягонага стрыечнага брата Вітаўта.

Паляванне на тура, рэканструкцыя. Фота welcome-belarus.ru

Менавіта ўнук Ягайлы, Жыгімонт І «Стары» стварыў у Пушчы адмысловы заказнік для аховы зуброў. З 1541 года сённяшнія ахоўнікі Пушчы і адлічваюць яе запаведны статус.

«Устава на Валокі», «Лясны статут» і іншыя прававыя акты ХVІ стагоддзя рэгламентавалі паляванне на зубра. Галоўным чынам, праз штрафы за забойства яго мясцовымі жыхарамі — людзьмі нешляхетнага роду. Праўда, іншым жывёлам пашанцавала не так моцна — у тым жа стагоддзі з Пушчы і іншых усходнееўрапейскіх лясоў знік тур (дзікі бык) — якраз у выніку варварскіх паляванняў.

У апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай паляванне набрала па-сапраўднаму дэкадэнцкі размах. Да прыезду караля Аўгуста III і ягонай світы жывёлаў са звярынца проста зганялі ў вялікі вальер, з якога вёў адзін калідор. Калі кароль з сям’ёй і світай размяшчаўся ў адмыслова пабудаванай для яго альтанцы, «паляванне» пачыналася: калідор адкрываўся — і загоншчыкі пачыналі гнаць звярэй, якія несліся ўдоўж каралеўскай альтанкі, дзе кароль і світа іх расстрэльвалі з агнястрэльнай зброі. Падчас аднаго такога «палявання» ў 1752 годзе былі забітыя 142 зубры.

Паляванне караля Аўгуста ІІІ у 1757 годзе. Фота darz-bor.info

Пад Расіяй

У складзе Расійскай імперыі Белавежская пушча была па кавалках раздадзеная набліжаным Кацярыны ІІ, якія прымалі ўдзел у заваяванні Рэчы Паспалітай. Аднак у 1802 годзе Аляксандр І сваім загадам забараніў паляванне на зубра на тэрыторыі Пушчы.

У тым жа стагоддзі Пушча — бадай упершыню — зрабілася месцам неафіцыйных сустрэч кіраўнікоў дзяржаваў. 6–7 кастрычніка 1860 года ўвайшлі ў гісторыю як «Паляванне ў Белавежскай пушчы» — сустрэча кіраўнікоў некаторых еўрапейскіх краінаў па ініцыятыве Александра ІІ. Тады на паляванне з рускім царом выязджалі герцаг Саксен-Веймарскі, прынцы Карл і Альберт Прускія, Аўгуст Вюртэмбергскі і Фрыдрых Гесен-Касельскі. Падчас паляванне было знятае напружанне з цяжкіх перамоваў у Варшаве. Лічыцца нават, што еўрапейскія госці дабраславілі цара на рэформы, дзякуючы чаму праз год і было прынята рашэнне аб адмене прыгоннага права.

Паляванні пры царах праводзіліся адзін раз на тры гады ў дазволены перыяд — увосень. У царскім паляванні звычайна ўдзельнічалі каля 25 паляўнічых і да дзвюх тысяч загоншчыкаў. Цар хацеў паказаць сябе дэмакратам — мяса забітых жывёл раздавалася мясцовым сялянам. Дзеля праўды, паляванні Мікалая ІІ таксама былі рэгуляваныя. Напрыклад, і ў год з багатай дзічынай (1900-ы) самыя вопытныя паляўнічыя не стралялі па зубровым статку. А з-за вялікага падзяжу жывёл у 1909-м паляванне наогул не праводзілася. Ёсць успаміны кіраўніка пушчы Галенкі, які піша, што «вялікі князь Мікалай Мікалаевіч малодшы не столькі страляў, колькі разглядаў дзічыну ў бінокль».

Цар Мікалай II на паляванні ў Белавежскай пушчы. Беларускі архіў кінафотадакументаў. Фота Tut.by

Чырвоныя цары ў Пушчы

У вірлівым пачатку ХХ стагоддзя Пушча вельмі хутка змяняла гаспадароў. Рэліктавы лес знаходзіўся пад акупацыяй нямецкіх войскаў, потым — цалкам у складзе Польшчы. Дарэчы, і ў міжваенны перыяд паляванне там не спынялася. У 1938 годзе палякі прымалі ў сябе вугорскага рэгента Міклаша Хорці, які пазіраваў у пушчы з забітай рыссю.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Пушча адышла да СССР, а потым — зноў да Германіі, аднак, гэтым разам, ужо нацысцкай. Па заканчэнні Другой сусветнай вайны Пушча была падзеленая амаль пароўну між БССР і Польскай Народнай Рэспублікай.

Пасля вызвалення ад нямецкіх войскаў дзейнасць запаведніка была адноўлена пастановай Рады Народных Камісараў Беларускай ССР у кастрычніку 1944 года. А яшчэ за пяць гадоў да гэтага, у 1939-м, Пушча была прызнана нацыянальным запаведнікам. Праўда, ужо тады запаведнасць не распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю пушчы. А гэта значыць, што і пры СССР «дзяржаўныя мужы» забаўлялі сябе і сваіх гасцей паляваннямі на буйных жывёлаў.

Дакладна вядома, што Пушчу не раз наведваў Мікіта Хрушчоў — вялікі аматар палявання, Леанід Брэжнеў, Мікаян, Суслаў, а таксама Пётр Машэраў.

Белавежская пушча, нібы магніт, цягнула людзей з уладай. І ў свеце гэтага ўжо і не выпадковым падаецца, што найвялікшая імперыя ХХ стагоддзя знайшла свой канец менавіта там — у рэзідэнцыі Віскулі, дзе былі падпісаныя пагадненні аб спыненні існавання Савецкага Саюза.

Баярскі гасцінец

Блізу запаведных лясоў спрадвеку адпачывалі, набіраліся сілаў і набліжаліся да прыроды тыя, хто меў у гэтым патрэбу. І калі раней гэтыя мясціны належалі князям, імператарам і іх набліжаным, сёння адпачынак амаль у самой Пушчы перастаў быць прыкметай элітарнасці. Прыкладам таго з’яўляецца гатэльны комплекс «Баярскі гасцінец» на польскім баку пушчы.

Фота www.booking.com

Месца для пабудовы комплексу было абрана невыпадкова — ён стаіць на рацэ Нараўка. Той самай, на якой 250 гадоў таму ставіў свае альтанкі для палявання Аўгуст ІІІ. Аднак цяпер жывёлам тут нічога не пагражае — наадварот, пастаяльцы Баярскага гасцінца за невялікую плату могуць узяць у пакой свайго гадаванца.

Пакоі знаходзяцца ва ўтульных драўляных доміках, і каб замовіць іх, ужо не трэба быць сябрам ЦК КПСС — кошты ў «Баярскім гасцінцу» даволі дэмакратычныя.

Да прыкладу, адзін пакой у гістарычным будынку каштуе 37 еўра — сняданкі і цудоўны від на прыроду ўключаныя. У спісе ж паслуг для пастаяльцаў ужо няма палявання. Затое ёсць сплаў на каяках, велападарожжы, экскурсіі па Пушчы і многае іншае. У гатэльным комплексе ёсць усё як для працы, так і для адпачынку: ад прасторнай і камфортнай канферэнц-залы з пакоямі для перамоваў, да лазні, месца пад вогнішча і рэстарану на 120 асобаў, які, да таго ж, робіць зніжкі сталым кліентам.

Калі яшчэ адпачынак у гэтых запаведных месцах быў такім даступным? Мусіць, хіба толькі ў часы ятвягаў!

Замоўнік ТАА «Ірвінга Группа»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: