«Наша мова адна з самых прыгожых у свеце!» Тэнісістка Вольга Барабаншчыкава загаварыла па-беларуску

Вядомая ў нядаўнім мінулым беларуская тэнісістка (49-е найвышэйшае месца ў сусветным рэйтынгу) перайшла на родную мову. Аб гэтым яна распавяла ў сацсетках. Раней Барабаншчыкава падтрымала беларускі пратэст.

«Прыгажосць беларускай мовы, — напісала Вольга Барабаншчыкава на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — 

Сёння, калі я пачала размаўляць на беларускай мове, мне стала крыху сорамна і хвалююча.  Але чаму мне павінна быць сорамна? — падумала я адразу.  Бо мы ж не вінаватыя ў тым, што ў нас так пастаўлена адукацыя. Калі кожны гаворыць на расійскай, і першая мова дакладна не беларуская ..

Я лічу, што не трэба саромецца гаварыць на сваёй мове. Мне здаецца, нам варта чытаць пабольш нашай роднай літаратуры, таго ж Караткевіча, і іншых выдатных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Дзякуй ім за тую спадчыну, якую менавіта яны захавалі для ўсіх нас, будучых пакаленняў.  Калі б не яны — у каго б мы вучыліся?

Рэалізацыя дня: асабіста мне было дзіўна ўсведамляць, што мой ангельскі і нават польскі ў разы лепшы, чым мая родная беларуская мова.

Але я яскрава разумею, што ніколі не позна вучыцца!  Тым больш, наша мова такая цудоўная, адна з самых прыгожых у свеце!

Сапраўдная беларуская мова вельмі мяккая і меладычныя.

Сёння я яшчэ больш закахалася ў нашу цудоўную ды чароўную мову! Я ўпэўнена, што многім з нас вельмі прыемна чытаць гэты пост толькі з-за неверагоднай прыгажосці беларускай мовы.

Толькі паслухайце вершы Пімена Панчанкі:

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж Яна вечная жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

Гэта ластавак шчабятанне,

Звон світальны Палескіх крыніц,

Сінь чабор І Барвы зарніц,

І буслінае клекатанне.

Мне здаецца, гэта сапраўдная асалода для вушэй. Сёння я ўсвядоміла, што мы ўсе з вамі валодаем гэтай найвялікшай спадчынай!

Я ў захапленні!

Вялікі дзякуй за гэтую магчымасць і натхненне неверагоднай @katy_pac, якая перадала мне гэтую дзіўную эстафету.

А вам падабаецца беларуская мова?

Хацелі б, каб у нашай краіне больш людзей размаулялi па-беларуску?

Шчыра абдымаю».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: