«Наша Ніва» абавязаная заплаціць 8700 рублёў штрафу

«Наша Ніва» ўсё ж абавязаная заплаціць 8700 рублёў за 20 асобнікаў газеты, надрукаваных на прынтары. Так вырашыла суддзя Вярхоўнага суда Алена Кастрама.


«Наша Ніва» абскарджвала рашэнне суддзі Эканамічнага суда Эрнэста Койры. Ён палічыў, што старыя прынтар і ноўтбук, якія выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы газеты, з’яўляюцца прадметамі адміністратыўнага правапарушэння, а іх агульны кошт перавышае 1160 рублёў (40 базавых велічынь).

Гэта мінімальная сума, патрэбная для таго, каб пакараць за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць».

Атэставаны спецыяліст склаў заключэнне з ацэнкай тэхнікі. Аказалася, што насамрэч 21-гадовы прынтар каштуе 173 рублі, а 8-гадовы ноўтбук — 229 рублёў. А значыцца, прыцягваць да адказнасці няма за што.

Аднак суддзя Алена Кастрама вырашыла іначай, пакінуўшы папярэдняе рашэнне без змен.

Два разы на год рэдакцыя «Нашай Нівы» друкуе 20 папяровых асобнікаў газеты, каб адправіць іх у Мінінфарм і іншыя ведамствы. Такая рассылка — патрабаванне закона. Асобнікі — гучна сказана, бо кожны з іх уяўляе з сябе ўсяго толькі аркуш А3, надрукаваны з двух бакоў. Рассылаюцца гэтыя аркушы бясплатна. Рэдакцыя нідзе іх не прадае.

Усё пачалося з ліста тагачаснага міністра інфармацыі Ігара Луцкага на адрас міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі з просьбай праверыць «Нашу Ніву». У выніку падатковая інспекцыя Ленінскага раёна вырашыла, што ПВУП «Суродзічы», якое з’яўляецца заснавальнікам «Нашай Нівы», праз друк тых асобнікаў павінна быць пакарана за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Міністэрства інфармацыі лічыць, што друк нават 20 асобнікаў газеты мусіць ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці абавязковай ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасць. Гэта стала фармальнай прычынай прыцягнуць «Суродзічы» да адказнасці. Але ж для пакарання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць трэба, каб кошт «прадмету адміністратыўнага правапарушэння» перавысіў 1160 рублёў (40 базавых). У той час як пралічаны сабекошт падрыхтоўкі тых старонак з усімі выдаткамі — 28 рублёў і 68 капеек.

Тады падатковая прыдумала такі ход: прызнаць прадметам правапарушэння не толькі няшчасныя 20 аркушаў паперы, а яшчэ і тэхніку, з дапамогай якой гэтыя аркушы раздрукавалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: