«Наша сіла — не ў размаху, а ў пастаянстве і ў напорыстасці»

Выйшаў на 15 хвілін — трапіў на 10 сутак. Мінскі гід-перакладчык, аўтар праекта «Менскі велашпацыр» і саліст гурта «Гарадскі вал» Раман Абрамчук распавёў «Новаму Часу» пра тое, як стаў «дарадцам НЕХТА», правёў акрэсцінска-жодзінскае турнэ і якім бачыць развіццё пратэставага руху.


Напісалі маркерам на руцэ «Советчик НЕХТА» і білі

Рамана затрымалі ўвечары 13 кастычніка, калі ён выйшаў на ланцуг салідарнасці ў сваім раёне.

— Было забаўна: перад гэтым я быў у арт-вёсцы, у вельмі прыгожым месцы з вельмі цікавымі людзьмі. Вярнуўся, сказаў жонцы: я на 15 хвілін. Нічога з сабой не ўзяў, выйшаў даволі лёгка апрануты. Пастаяў хвілін 10. Пад’ехалі два бусы, усе пабеглі. Я быў перакананы, што ў нас перавага ў часе, і я спакойна ўцяку.

Але разлік не спрацаваў. Відаць, у дварах была засада: выбеглі з трох бакоў, Рамана і яго суседзяў павалілі на зямлю і сталі збіваць. Адразу разбілі нос. Двое заламалі рукі і павялі ў бус. Крычалі, каб ні на каго не глядзеў, тулава прыгнулі так, каб яно было паралельна зямлі. Рукі сцягнулі будаўнічай сцяжкай і патузалі яе, здзёршы скуру да крыві. Тыя сляды на руках Рамана яшчэ не да канца загаіліся.

У бусе забралі тэлефоны.

— Перад гэтым была абвестка, што Apple выдаліць тэлеграм-каналы, якія дэананімізавалі сілавікоў, і прапаноўвалі падтрымаць іх падпіскай. Я на ўсе падпісаўся. І калі ўсё гэта ўбачылі, пачалі біць. У мяне знайшлі, што я ў НЕХТА адпраўляў паведамленне кшталту «Сцяпан, стэла — пройгрышны варыянт, там усё адпрацавана, давай збірацца ў іншым месцы». І мне прыйшоў адказ «Спасибо, ваше сообщение принято». Я не ведаю, ці яны настолькі дурныя, што не разумеюць, што гэта аўтаматычнае паведамленне. Але мне сказалі: «Ах, ты ещё и переписываешься с ним!» і напісалі маркерам на руцэ «Советчик НЕХТА». І за гэта білі. Чамусьці яшчэ крычалі, што я супраціўляўся, і ў РУУСе адразу сказалі пра гэта.

«Адзін хрыпеў, што праз такіх, як я, яны дзяцей не бачаць»


Тыя паўгадзіны, якія прайшлі ад моманту затрымання да РУУСа, Раман згадвае як самыя страшныя. Бо, апроч збіцця, была абсалютная невядомасць.

У РУУСе завялі ў сутарэнне і паставілі на расцяжку: максімальна развёўшы ногі і ўзняўшы ў гару рукі, павярнуўшы іх тыльным бокам да сцяны.

— Я глядзеў на ногі: калі ля мяне былі трэнікі і красоўкі тых, хто затрымліваў, — усё, максімальна сціскаешся, бо будуць біць. А калі звычайныя міліцэйскія боты і штаны — то стаіш спакойна.

Больш за тое, калі Раман спытаў у міліцыянта, ці можна апусціць рукі, той дазволіў трымаць іх за спінай. Пасля гэтага тыя, што ў трэніках, Рамана не чапалі, хаця на астатніх крычалі.

На яго склалі два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, з якім Раман пагадзіўся часткова (удзельнічаў, але лозунгаў не выкрыкваў) і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, з якім суразмоўца не пагадзіўся.

Некалькі разоў падыходзілі перапісваць даныя, двойчы вадзілі ў актавую залу і здымалі на камеру. Запытвалі ўсю інфармацыю пра Рамана і членаў яго сям’і, пра тое, адкуль ён даведаўся пра акцыю. Адзін з тых запісаў пасля паказалі ў эфіры дзяржтэлебачання.

— Аднойчы вывелі ў калідор, і там была нейкая група, падобная на ГУБАЗіК. Яны спыталі ў мяне: «Будзеш яшчэ хадзіць?» Я адказаў: «Дасць Бог смеласці — буду». І адзін з іх, дарэчы, без маскі, сказаў: «О, малайчына, праўду сказаў».

У Рамана склалася ўражанне аб поўнай рассінхранізацыі дзеянняў міліцыянтаў. Яны па некалькі разоў запытваліся адно і тое ж, сварыліся паміж сабой і ўвогуле працавалі без энтузіязму.

— Адзін нават у бусе хрыпеў мне ў вуха, што праз такіх, як я, яны дзяцей па вечарах не бачаць.

Раман заўважыў, што мэтанакіраваная агрэсія, як і спагада, у гэтай сістэме сустракаюцца хутчэй як выключэнні. Пераважная ж маса проста выконвае сваю працу і не задаецца пытаннем — зло гэта ці дабро?

На Акрэсціна змясцілі ў карцар


З РУУСа вязняў павезлі на Акрэсціна. У адсек аўтазака, разлічаны на дваіх, закінулі пяцярых. Паветра не хапала, па дарозе Раману стала дрэнна. Хлопец з суседняга адсека, Эдуард, стаў яго падтрымліваць і патрабаваць дапамогі — за гэта яму на рукі надзелі кайданкі. Замест дапамогі Раман дачакаўся толькі крыкаў і пагрозаў збіцця.

У ізалятары Раману амаль не далі паглядзець, ці ўсе яго рэчы перадалі з РУУСа. Толькі праз нейкі час пасля вызвалення ён зразумеў, што зніклі ключы ад кватэры, але на якім этапе гэта адбылося — ён не ведае.  

Ужо было за поўнач, калі арыштаваных завялі ў запоўненую камеру. Спаць давялося на вузкіх лавах. А раніцай Рамана вывелі з камеры і змясцілі ў карцар. З якой прычыны — ён так і не даведаўся.

— Там ужо ноч праседзеў Сяргей Маслоўскі (былы начальнік ДАІ Мінскай вобласці, пра яго падрабязна пісалі тут. — НЧ). Не было ніякай вады. Мы грукаліся ў дзверы і прасілі вывесці нас у прыбіральню, нам адказвалі: «Добра, чакайце» — і гэта цягнулася гадзінамі. Мы не ведалі, што адзіная магчымасць схадзіць у прыбіральню была ў камеры, без вады. Таксама хацелася піць, і толькі потым нехта — ці тое іншая змена, ці тое фельчар — даў нам бутэльку з вадой.

Праз стрэс, адсутнасць вады, пыл і духату ў карцары Раману стала дрэнна. Прыйшла фельчар, агледзела, сказала — будзе жыць, толькі папрасіла ў аховы адчыніць акенца.

У той жа дзень адбыўся суд. Перад гэтым на нейкія 5 — 7 хвілін вязняў з карцара перавялі ў іншую камеру, і за гэта час Раман паспеў памыць галаву і крыху прывесці сябе ў парадак.

— Я выглядаў даволі бадзёра і крыху супакоіўся, — зазначае Раман. — Суд быў па скайпе. Аказалася, што чалавек, які прывёў мяне ў кабінет суда, быў і сведкам. Я візуальна яго запомніў.

Раман заявіў хадайніцтва аб адвакаце, з якім у яго была заключаная дамова, але не быў упэўнены, што яго знойдуць і дапусцяць да працэсу. Таму вельмі здзівіўся, калі адвакат з’явіўся і з ім атрымалася перамовіць. Больш за тое, знайшліся сведкі з боку Рамана.

Па выніку суда Раман атрымаў 10 сутак — па 5 за кожны пратакол, і зноў адправіўся на некалькі гадзін у карцар. Пасля на 1,5 сутак яго перавялі ў звычайную камеру, дзе было «пазітыўна» і «свае людзі», а затым — у Жодзіна.

Адчуванне народнага супраціву і каронавірус


Прымалі ў Жодзіна досыць агрэсіўна, але не білі. Першая камера, у якую трапіў Рома, была без ацяплення і з адчыненай форткай. Але на наступны дзень яго перавялі ў іншую камеру, дзе ўсё было ў парадку.

— Усё залежала ад ахоўнікаў: бывалі нармальныя, а бывалі тыя, хто наўмысна хаміў, уключаў у 6 раніцы на ўсю гучнасць гімн і прамову Лукашэнкі, крычаў пра адбой.

Самым складаным за час зняволення для Рамана стала невядомасць і адчуванне поўнай бяспраўнасці. Але трымацца дапамагалі людзі побач і думкі пра тое, што ты — не ў самым горшым становішчы, а таксама памяць пра палітвязняў, якія ўжо многія месяцы за кратамі.

— А яшчэ ўсе арыштаваныя сваёй падтрымкай ствараюць такое мікраасяроддзе, якое супрацьстаіць гэтаму беззаконню навокал. Калі мне стала дрэнна ў аўтазаку, хлопцы адразу памяняліся месцамі, трымалі мяне падчас язды бліжэй да адтуліны зверху, хаця самі стаялі ў абы-якіх паставах. І ў камерах усе падтрымліваюць, дзеляцца.

Але затрыманне і першыя дні зняволення, прызнаецца Рома, усё ж пакінулі свой адбітак. Ён стараецца хутчэй праходзіць праз месца, дзе яго затрымлівалі, прымае пэўныя захады перасцярогі. Але з часам, гаворыць суразмоўца, гэта праходзіць, да таго ж вельмі дапамагае падтрымка людзей, якая не заканчваецца.

Раману давялося сядзець з рознымі людзьмі — як з блізкага яму асяроддзя, так і з абсалютна далёкага, з якімі ў звычайным жыцці, магчыма, нават давялося б канфліктаваць. Але пры ўсім гэтым ёсць тое, што іх аб’ядноўвае — прага перамен. І гэтае адчуванне — сапраўды народнага супраціву — з’явілася ў Рамана менавіта ў зняволенні.

З практычных парадаў суразмоўца раіць загадзя падрыхтаваць для сябе «трывожную торбу», каб блізкія потым маглі перадаць на суткі. І, апроч адзення і прадметаў гігіены, пакласці туды кнігі — іх Раману вельмі не хапала. Увогуле, перадачы — гэта нават не столькі рэчы, колькі сродкі сувязі з блізкімі і магчымасць пераканацца, што з імі ўсё ў парадку.

Яшчэ адна рэч, якую Рома вынес са зняволення, — каронавірус. Ён распавядае, што ў камеры ў Жодзіна з ім былі два хлопцы з тэмпературай, але ўрача ім не выклікалі двое сутак. Праз два дні пасля вызвалення Раман захварэў сам. Пазней выявілася, што адзін з сукамернікаў губляў нюх.

«Калі тут усё будзе пераўтварацца ў Паўночную Карэю — я з’еду»

Пабачыўшы карную сістэму знутры, Раман пераканаўся, што яна «ў напружанні» і дзесьці «відавочна абвальваецца». І яшчэ — там, як ні дзіўна, прысутнічае чалавечнасць. На пытанне, што з усім гэтым рабіць пасля перамогі, суразмоўца адказвае: ставіць на рэйкі законнасці.

— У нейкай сваёй усёмагутнасці гэтая сістэма мяне не пераканала. Але я б не стаў рабіць прагнозы наконт будучыні нашых пратэстаў. І ў Польшчы, і ў Сірыі ўсё пачыналася з мірных пратэстаў. У нас усё неяк вельмі інтэнсіўна, проста іначай. Але ці дакладна мы пераможам — я не ведаю. Бо ўладам нішто не замінае ў нейкі момант, калі ўжо нічога не застанецца, проста скінуць бомбу на самую актыўную кропку пратэстаў, знішчыўшы ўсё разам з людзьмі.

Нельга мяняць мірны характар пратэстаў, бо гэта адназначна ператворыцца ў сірыйскі варыянт, перакананы Раман Абрамчук. Але і аддаваць добраахвотныя чалавечыя ахвяры таксама не варта.

— Мне здаецца, цяпер трэба найперш думаць пра бяспеку людзей. Трэба, каб было як найменш ахвяраў, найменш збітых і затрыманых. За чалавека трэба змагацца. Наша сіла, магчыма, не ў размаху нейкай разовай акцыі, а ў пастаянстве і напорыстасці.

Пакуль што Раман не бачыць будучыні сваёй сям’і ў Беларусі і гаворыць, што яго жыццё цяпер — «сядзенне на чамаданах».

— Я не магу нічога інвеставаць у гэтую краіну — ні сіл, ні ідэй, ні грошай. Усё ў настолькі падвешаным стане, што не ведаеш, што будзе далей. Прафесіі ў мяне фактычна не засталося. Таму поўная няпэўнасць наконт будучыні. Калі тут усё будзе пераўтварацца ў Паўночную Карэю — я з’еду. Калі будзе магчымасць заставацца і нешта рабіць для пашырэння рамак свабоды — я застануся.

Фота Яны Трусіла

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: