Нашчадак рэпрэсаваных: «Я да сёння адчуваю сябе членам сям’і ворагаў народа»

У сям’і Ігара Станкевіча 20 чалавек зведалі сталінскія рэпрэсіі ў 1937–1938 гадах, восем з іх былі расстраляныя ў Воршы. Праз даследаванне сямейнай трагедыі мужчына прыйшоў да стварэння мемарыялу ў аколіцы Кабылякі — «аршанскіх Курапатах».
Мемарыяльны камень у Кабыляках паставілі ў 1990 годзе. Фота Радыё Свабода

Мемарыяльны камень у Кабыляках паставілі ў 1990 годзе. Фота Радыё Свабода

Пра рэпрэсіі не казалі


У Прэс-клубе Беларусі Ігар Станкевіч прадставіў вынікі свайго даследвання аб рэпрэсіях на Аршаншчыне.

— У мяне дома быў альбом са старымі здымкамі, і маці ніколі не магла распавесці, хто на іх. Толькі пра маіх прадзеда і прабабку неяк расказала, што яны нібыта былі расстраляныя, а за што і калі — не ведала. Гэта хавалі ў сям’і, — падзяліўся з «Новым Часам» даследчык. — Але ў нас была сваячніца, цяпер ёй 94 гады, і яна пачала распавядаць, што гэтага расстралялі, гэтага расстралялі… Але за што і калі — таксама невядома. Калі з’явіўся інтэрнэт, я знайшоў у базе «Мемарыяла» прозвішчы сваіх прадзеда і прабабкі, потым там аказаліся яшчэ некалькі імёнаў сваякоў.

Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч

У 2015 годзе Ігар звярнуўся ў архіў Свярдлоўскай вобласці, на які была спасылка ў адной са спраў брата прабабкі Антона Каменскага, якога арыштоўвалі некалькі разоў. І ў архіве знайшліся справы на Антона і яго стрыечнага брата Мікалая. Сярод папер быў і пратакол допыту Антона, дзе ён пералічвае ўсіх сваякоў. Ігар пачаў шукаць іх і высветліў, што амаль усе яны былі расстраляныя за шпіянаж на карысць Польшчы, у тым ліку і жанчыны.

Тады ж мужчына даведаўся пра Кабылякі — адно з найбуйнейшых месцаў аршанскіх расстрэлаў. Ігар Станкевіч не ведае, ці тут палеглі яго продкі, але вырашыў, што хоча пакінуць тут знак у памяць пра іх. Павесіў мемарыяльныя шыльды, да яго далучыліся іншыя сваякі рэпрэсаваных, і такім чынам у Кабыляках стаў шырыцца народны мемарыял, які паўстаў тут у 1990-х.

Ад калгасніка да старшыні райвыканкама

У 1982 годзе, яшчэ да адкрыцця Курапатаў у Мінску, пры пракладцы чыгункі пад Воршай была знойдзена расстрэльная магіла на 50 чалавек. Афіцыйная камісія ўстанавіла, што гэта былі даваенныя расстрэлы НКУС. Створаная яшчэ ў 1990-х база рэпрэсаваных змяшчае 1738 імёнаў людзей, расстраляных пад Воршай.
Паводле нацыянальнага складу большасць з іх (1128 чалавек) былі беларусамі, другая група — палякі (503 чалавекі). І гэта афіцыйныя звесткі ў «русіфікаваным» рэгіёне — цікава, што на гэта скажа кіраўнік дзяржавы, згодна з выказваннем якога, за часы сталінскіх рэпрэсій у Беларусі не забілі ніводнага паляка?

94% расстраляных складалі мужчыны, узрост ад 30 да 60 гадоў. Найбольш распаўсюджаныя заняткі — калгаснікі, рабочыя, аднаасобнікі. Але некаторыя прафесіі выбіваюцца са спісу, напрыклад, вартаўнікі (37 чалавек), хатнія гаспадыні (сярод якіх прабабуля Ігара Станкевіча), 37 настаўнікаў, кіраўнікі прадпрыемстваў (38 чалавек), кіраўнікі сярэдняга звяна (22 чалавекі), вялікая група святароў (з 20 чалавек 18 былі праваслаўныя, адзін ксёндз, адзін равін). Сярод забітых аказаўся і старшыня Чашніцкага райвыканкама, а таксама сакратар Сенненскага райкаму камсамолу.

Удалося аднавіць нават асобныя біяграфіі расстраляных. Напрыклад, ксёндз Адольф Каэтанавіч Кашыц, які служыў у аршанскім касцёле, меў настолькі кепскія фінансавыя справы, што пісаў ліст у польскую дыпмісію з просьбай даслаць грошай на паліто.

Адукацыя ў большасці забітых была пачатковая, незакончаная пачатковая, альбо яе ўвогуле не было. Але НКУСаўскія каты не задумваліся пра тое, што непісьменныя людзі не справяцца з абавязкамі польскіх шпіёнаў…

Асноўная маса расстраляных жыла ў Воршы, наступнымі ішлі Сенненскі, Лепельскі, Ушацкі, Бягомльскі, Заслаўскі і Барысаўскі раёны. Цікава, што з адной вёскі звычайна пад рэпрэсіі трапляла некалькі чалавек, але выключэнне склалі вёскі Малыя і Вялікія Жаберычы і Радзіца — тут расстралялі ажно 40 чалавек. Аказалася, частка з іх былі забітыя як члены банды антыбальшавіцкага змагара Юркі Моніча, бо ў гэтых аколіцах у 1920-х месцілася яго база. Атрымліваецца, бальшавікі помсцілі людзям, звязаным з ім, хоць прайшло ўжо больш за 10 год.

Расстрэлы па разнарадках

Адметна, што ўсплескі арыштаў на Аршаншчыне ў 1937 – 1938 гадах супадалі з выхадам загадаў аб карных аперацыях НКУС (напрыклад, загад 00447 ад 30 ліпеня 1937 года «Пра рэпрэсаванне былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў»). Першыя прысуды па згаданым загадзе былі вынесены ўжо ў жніўні 1937 года, а іх пік адбыўся ў лістападзе. Расстрэлы ж пачаліся ў верасні і найбольшай моцы дасягнулі ў лістападзе – снежні 1937 — студзені 1938 года.

Даследчык савецкіх рэпрэсій 1920 – 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў тлумачыць гэта тым, што чэкісты «закрывалі каляндарны год».

 — Гэта значыць, «дабівалі» па разнарадках мінулы год. То бок, прыходзіла разнарадка «зверху», колькі людзей трэба было расстраляць, а план за 1937 год быў невыкананы — таму такі ўсплеск расстрэлаў быў у студзені. Да таго ж у снежні 1937 года расстрэлы былі прымеркаваныя да выбараў у Вярхоўны савет (тады адбывалася так званая зачыстка ад контррэвалюцыйных элементаў), — патлумачыў гісторык.

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў

Ігар Кузняцоў зачытаў цытату з архіва следчай справы былога начальніка НКУС аб тым, чым павінен быў займацца начальнік аперсектара: 

— «Знайсці месца, дзе прысуды будуць прыводзіцца ў выкананне, і месца, дзе закопваць трупы. Калі гэта будзе ў лесе, неабходна загадзя зрэзаць дзёран, і пасля ім пакрыць месца, каб усяляк канспіраваць яго, бо яны (месцы. – НЧ.) могуць стаць месцамі рэлігійнага фанатызму. Апарат ніякім чынам не павінен ведаць ні месца прывядзення ў выкананне прысудаў, ні колькасць выкананых прысудаў, бо ён можа стаць распаўсюднікам гэтых звестак». Вось чаму мы сёння з вялікай цяжкасцю спрабуем адшукаць канцы.

Разнарадкі былі не толькі па колькасці расстраляных, але і па іншых класіфікацыях.

— Напрыклад, у 1938 годзе прыходзіць загад расстраляць пэўную колькасць святароў. А ў начальніка аперсектара быў адзін святар у раёне, ды яго ўжо расстралялі ў 1937-м. Тады ён тэлефануе свайму калегу ў суседні раён і запытваецца, ці ёсць у яго святары. І калі ёсць, іх прысылалі, — прыводзіць рэальны прыклад Ігар Кузняцоў.

У сваім даследванні Ігар Станкевіч паспрабаваў прааналізаваць, колькі дзён чалавек знаходзіўся ў засценках аршанскага НКУС. І хоць гэтыя лічбы вельмі ўмоўныя, але ў сярэднім атрымаўся 71 дзень. Мінімум з моманту арышту да расстрэлу праходзіла 3 дні, максімум 332 дні.

— Можна прывесці прыклады, калі чалавека арыштоўвалі, расстрэльвалі, і толькі праз некалькі дзён заводзілі дакументы з яго прызнальнымі паказаннямі, — каментуе Ігар Кузняцоў. — 96% былі расстраляныя ў пазасудовым парадку, і толькі 4% спраў разглядалі ў судзе.

Многіх расстрэльвалі ўвогуле без складання дакументаў, таму правільна казаць, што ў Воршы было расстраляна не менш за 1800 чалавек, а верагодна, што гэтая лічба большая, падсумоўвае гісторык.

Асноўная маса абвінавачанняў — польскі шпіянаж (1046 чалавек), антысавецкая дзейнасць (379), шпіянаж (194). Прычым на аднаго чалавека маглі павесіць некалькі абвінавачванняў.

Уладам непатрэбная памяць пра рэпрэсіі

— Я да сёння адчуваю сябе членам сям’і ворагаў народа. Бо мне не даюць магчымасці нават сімвалічна пазначыць месца расстрэлу сваіх продкаў, — зазначае Ігар Станкевіч.

Справа ў тым, што ўжо досыць працяглы час нашчадкі расстраляных у Воршы вядуць перамовы з Аршанскім райвыканкамам.

— Мой дзед Маркевіч Аляксей Захаравіч быў расстраляны ў Воршы. Мая бабуля Матруна Маркевіч выткала канву беларускага сцяга, арнамент. Летась мне захацелася даведацца, дзе быў расстраляны мой дзед. Мы прыехалі ў Кабылякі, і мяне паразіў бруд, які там быў. Мы з цяжкасцю туды дабраліся. Мяне гэта кранула. Я напісала ў Аршанскі райвыканкам. Адказу на першы ліст не атрымала, напісала паўторна. Тады адказалі, што месца расстрэлу не ўсталявана, — падзялілася сваёй гісторыяй спадарыня Дзіна Кацар.

Дзіна Кацар

Дзіна Кацар

Яна і яшчэ шэраг аршанскіх актывістаў сталі «бамбіць» райвыканкам лістамі, хадзілі на прыём да тагачаснага старшыні Аляксандра Пазняка, якога ўжо знялі. Нашчадкаў рэпрэсаваных улады запрасілі абмеркаваць тэкст мемарыяльнай шыльды, якую пагадзіліся павесіць у Кабыляках. Актывісты прапанавалі, каб на ёй на чатырох у тыя часы дзяржаўных мовах было напісана «Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій». Але калі атрымалі ўзгоднены тэкст, надпіс на шыльдзе быў зусім іншы: «Месца памяці і смутку». Больш за тое, польскую мову на «дазволенай» шыльдзе замянілі на англійскую, патлумачыўшы гэта тым, што яна больш распаўсюджаная.

— Нас, груба кажучы, надзьмулі. Мы прасілі адно, а атрымалі іншае. Адзінае, што зрабілі ўлады з гэтым месцам, – прыбралі смецце. Але месца трагедыі так і не пазначылі, — кажа Дзіна Кацар.

Дзеда мастака Міколы Купавы расстралялі пад Воршай яшчэ ў 1919-м

Дзеда мастака Міколы Купавы расстралялі пад Воршай яшчэ ў 1919-м

Да таго ж невядома, які лёс чакае народны мемарыял у Кабыляках, бо крыжы і памятныя знакі людзі ўсталёўвалі самі, без дазволу мясцовых уладаў.

Пакуль што аршанскія чыноўнікі не пагражалі знесці стыхійны мемарыял. Затое гэтая пагроза ўжо гучала ў іншым нацыянальным некропалі — Курапатах, дзе ўлады рыхтуюцца ўсталяваць афіцыйны помнік.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць