Наталлі Раентавай прызначылі 8 месяцаў калоніі за ўкус сілавіка ў цывільным падчас разгону жаночага маршу

Вырак агучылі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Здарэнне адбылося ў тралейбусе ў жніўні 2020 года падчас разгону жаночага маршу пратэсту.


Пракурор прасіў у суду 2 гады зняволення, перадае «Радыё Свабода».

Згодна з матэрыяламі справы, вечарам 29 жніўня Наталля і Аляксандр Раентавы ўдзельнічалі ў суботнім жаночым маршы. Калі АМАП пачаў разгон, Наталля з братам забеглі ў тралейбус. Рукой паказалі іншым удзельнікам, каб яны таксама забягалі туды. Гэтым яны і прыцягнулі ўвагу. Брат і сястра праехалі адзін прыпынак, пасля чаго ў салон забеглі невядомыя людзі ў чорным і пачалі іх выцягваць.

Наталля на стадыі папярэдняга следства сведчыла, што ўкус быў ад страху. У судзе яна яшчэ раз адзначыла, што не разумела, што людзі ў чорным і цывільным адзенні — супрацоўнікі міліцыі. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза паказала, што Раентава ў момант затрымання «не была ў стане афекту, усведамляла свае дзеянні і магла імі кіраваць».

З улікам таго, што Наталля Раентава тры месяцы правяла ў СІЗА, ёй засталося адбыць пяць месяцаў пакарання. Прысуд можа быць абскарджаны ў вышэйшай судовай інстанцыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: