Наталля Дуліна: Я перажыла свой страх, хоць ведаю, што да мяне могуць прыйсці ў любы момант

Былая выкладчыца МДЛУ ў інтэрв'ю «Салідарнасці» — аб пратэстах студэнтаў, арышце, злачынным маўчанні і бадзёрасці духу.
Экс-дацэнт кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталля Дуліна стала вядомая восенню мінулага года як адзін з нямногіх выкладчыкаў, якія ўсталі на абарону сваіх студэнтаў.

Пасля гэтага былі папярэджанні кіраўніцтва і звальненне, далучэнне да КС і арышт на 14 сутак. А потым яна з болем перажывала арышты і затрыманні сваіх і чужых вучняў, знаёмых і незнаёмых людзей, пісала скаргі ў суды, лічыла сваім абавязкам хадзіць на працэсы над палітвязнямі.

Карэспандэнт «Салідарнасці» сустрэла Наталлю ў бадзёрым, калі не сказаць, баявым настроі:

— Вы ведаеце, несправядлівасць у мяне заўсёды выклікала вельмі моцны дух супярэчнасці. Я злуюся, раблюся дзёрзкай і іду туды, куды лічу патрэбным, дзе я павінна быць.

Яна кажа, што на абвяшчэнне прысуду Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку не магла не прыйсці.

— Было вельмі шмат людзей, шмат дыпламатаў — некаторых ужо ведаю ў твар, таму што бачыла іх на іншых працэсах. Але ў залу нікога з нас не пусцілі. Вельмі ветлівыя міліцыянты перагарадзілі дарогу. Спачатку яны спасылаліся на адсутнасць распараджэння, а пасля сказалі, што ўжо позна — пасяджэнне пачалося.

Але сысці ад будынка суда не мог ніхто, нягледзячы на міліцыю, на чорны бус, на АМАП. Мы дачакаліся, калі выйшлі родныя і адвакаты, і сустракалі іх апладысментамі, — успамінае Наталля нядаўнія падзеі.

Прапаную ёй вярнуцца да падзеяў верасня мінулага года.

— 1 верасня мы планавалі зладзіць страйк. Аб'яднацца ўсім разам — студэнтам і выкладчыкам — і пайсці да Міністэрства адукацыі. Такія планы былі ва ўсіх ВНУ, — распавядае Наталля. — Але прайсці нам не далі. Дарогу перагарадзіў АМАП, міліцыя, курсанты акадэміі МУС.

Тады мы разбіліся на невялікія групы і, схаваўшы ўсю сімволіку, сталі прабірацца. На праспекце ў раёне пл. Перамогі ўбачылі, што частку груп ужо разганяюць…

Пераказваючы храналогію падзей тых лёсавызначальных для ўсёй краіны дзён, суразмоўніца раз-пораз спрабуе аналізаваць паводзіны тых, ад каго залежала вельмі многае.

— Вывучаная бездапаможнасць — гэта тое, што тычыцца нашых чыноўнікаў. Тыя ж дэканы, загадчык кафедры — яны ж таксама чыноўнікі. Яны прывыклі нічога не рабіць без загаду. Калі трэба вырашыць нейкую праблему, далёка не ўсё ў стане зрабіць гэта самастойна.

Яшчэ да затрымання мяне неаднаразова выклікала рэктар і казала: «Навошта вы лезеце? Гэта справа дэканаў». Але яны нічога не рабілі, нягледзячы на шматлікія просьбы студэнтаў.

1 верасня мы ўсё ж такі сабраліся ў калону, але да Міністэрства нас не пусцілі, мы прайшліся па горадзе. Людзей сталі хапаць, калі калона стала рассмоктвацца. Але ў той дзень нам пашанцавала, нікога з нашых не ўзялі, аднак спалох быў вельмі моцным.

На наступны дзень да ўніверсітэта падтрымаць нас прыйшлі выпускнікі. Прыехаў АМАП і пачаў іх хапаць. Я гэта ўбачыла і кінулася да буса, стала адчыняць дзверы, лаяцца, казаць, што я выкладчык. Але некалькі чалавек усё роўна забралі.

3 верасня студэнты ўжо ў чарговы раз паспрабавалі выклікаць на размову адміністрацыю. Рэктар у гэтым не прымала ўдзел. Выйшаў прарэктар, ён быццам бы не чуў пытанняў, якія яму задавалі, а ўвесь час казаў адно і тое ж: «Прыходзьце да мяне, я заўсёды адкрыты для размовы».

4-га на вялікай змене студэнты спявалі песню з мюзікла «Адрынутыя» на англійскай мове. Наляцелі людзі ў масках, АМАП, хлопцаў сталі забіраць. Такой агрэсіі не чакаў ніхто! Я ўжо пасля бачыла гэтыя жудасныя відэа. А ў той момант я была на кафедры ў іншым корпусе.

Тут хтосьці з выкладчыкаў ўбачыў у телеграм-канале: «Глядзіце, што ў нас адбываецца!». Я кулём туды. Але заспела ўжо толькі частку студэнтаў, якія высвятлялі адносіны з ахоўнікам.

Я адразу да іх: «Пайшлі да рэктара!». Мы падняліся, нам прапанавалі пачакаць, рэктар была занятая, яна якраз дамаўлялася з РУУС, каб нашых хлопцаў не перадавалі на Акрэсціна. Тады яна сапраўды дамаглася таго, каб студэнтаў прывезлі назад ва ўніверсітэт, пазней ім прызначылі суды і далі штрафы.

Пасля рэктар выйшла да нас. Прыбеглі бацькі, іншыя студэнты, быў вялікі сход, казалі на падвышаных танах. Менавіта падзеі гэтага дня сталі ў нашым універсітэце трыгерам.

На наступны дзень ужо не адна я захацела стаць побач са студэнтамі на перапынку. Выкладчыкі і іх вучні стаялі і пляскалі ў ладкі, падтрымліваючы адно аднаго. Пасля гэтага больш за дваццаць педагогаў нашага ўніверсітэта запісалі відэазварот.

Затым супраць гвалту захацелі выказацца і іншыя. У другім відэа сам зварот доўжыўся дзесьці дзве хвіліны, а потым яшчэ шэсць хвілін трансляваўся спіс усіх, хто далучыўся да нас. Тады яшчэ людзі не баяліся, не думалі, што адкрыта выказваць сваё меркаванне — рызыкова», — кажа Наталля.

Яна памятае, як у тыя дні адміністрацыя першай устала на барацьбу з іншадумствам і паспрабавала разбірацца з «непажаданымі».

— Нас, выкладчыкаў, выклікалі да рэктара групамі, і яна да кожнага старалася падабраць «індывідуальны ключык». Камусьці казала, што гэтымі відэа мы сапсавалі імідж універсітэта, і цяпер да нас не паедуць замежнікі, камусьці, што зрэжуць заробкі, іншым, што ім праплацілі за ўдзел. Мне прыгразілі РАУС. Але калі стала зразумела, што на мяне падобныя пагрозы не дзейнічаюць, рэктар выклікала мяне зноў і сказала: «Калі вы не спыніцеся, у студэнтаў будуць праблемы».

Для мяне асабіста 4 верасня стала нейкай кропкай адліку. Глядзець на гэта і нічога не рабіць не было сіл. На вялікай змене мы, выкладчыкі, выходзілі разам са студэнтамі, спявалі з імі песні, а самі глядзелі па баках, ці не пад'едуць бусы.

Пачаліся Маршы студэнтаў з жорсткімі разгонамі. 17 кастрычніка забралі і некалькі нашых студэнтаў. Усім далі суткі. На наступны дзень выкладчыкі выйшлі з плакатамі. На адным было напісана: «Нашы студэнты сядзяць, А мы за іх будзем стаяць», — распавядае суразмоўца.

Аб сваіх «сутках» яна кажа значна менш эмацыйна, чым аб тым, як перажывала за іншых. Папярэджвалі, узялі, спалохалася — што тут такога, калі дзеці сядзяць.

— Я туды трапіла ў канцы кастрычніка. Да гэтага ўжо былі арыштаваныя мае студэнты. Напэўна, таму, калі мяне затрымалі, я адчула палёгку. Да таго моманту я адчувала жудаснае пачуццё віны ад таго, што яны сядзяць, а мы тут працягваем хадзіць на заняткі.

Спалох быў толькі ў першы момант затрымання. У РАУС у дзяжурцы я апынулася адна і проста добра адпачыла, паколькі была вельмі стомленая пасля ўсіх падзей. Там мне паказалі скрын, на якім я стаяла паміж АМАПам і студэнтамі. Аднеквацца было марна, таму на судзе я адмовілася ад адваката і прызнала сваю віну. Я ж сапраўды там была, а не выпадкова праходзіла міма.

Спачатку мяне адправілі на Акрэсціна, а праз некалькі дзён пасля суда этапавалі ў Баранавічы. Там у нас была камера на 19 чалавек. Усе — нашы. Было вельмі прыемна знаходзіцца разам з тымі людзьмі. Вядома, я не кажу пра бытавыя ўмовы, калі няма гарачай вады, калі туалет — гэта прыніжэнне, калі прагулка — два разы за ўвесь час, а душ раз на тыдзень... Выйшла 13 лістапада, а 12-га забралі студэнтаў, — цяжка ўздыхае Наталля.

Працэс над студэнтамі яна таксама перажывала, як ўласны боль, хадзіла на пасяджэнні, патрабавала суда ў большае памяшканне, каб пускалі ўсіх ахвотных, падтрымлівала бацькоў і ганарылася разам з імі дзецьмі.

— Гэтых хлопцаў і дзяўчат бралі зусім рандомна, па надуманых прычынах. З таго, што ім ставілі ў віну, не пацвердзілася нічога, адвакаты разбілі ў пух і прах усе абвінавачанні, але тым не менш колькі запытаў пракурор, столькі ім і далі.

Больш за ўсё мяне ўразіла, як паводзілі сябе рабяты — светлыя, усмешлівыя, нязломныя. Я думаю, у іх было адчуванне задавальнення, яны разумелі, што маюць рацыю, што нічога дрэннага нікому не зрабілі, гэта ім зрабілі дрэнна. А яны адчувалі сваю правату. Я ведаю, гэта дапамагае.

Вельмі ўразіла, што ўсе бацькі не проста падтрымліваюць сваіх дзяцей, а і ганарацца імі. Гэта важна! Падчас сваіх сутак мне давялося сустрэцца з дзяўчынай, якая на пытанне аб перадачах сумна ўздыхнула: «Мне не свеціць». Аказалася, у яе бацькі — ябацькі. Не пазайздросціш, калі ў сям'і такое. Таму што падтрымка незнаёмых людзей — гэта цудоўна, але калі цябе не разумеюць блізкія людзі — гэта жахліва, — зноў цяжка ўздыхае субяседніца.

Яна прызнаецца, што на фоне ўсяго таго, што адбываецца, цалкам спакойна паставілася да свайго звальнення.

— Я 29 гадоў працавала на адным месцы, любіла тое, што рабіла, і старалася. Але калі мяне звольнілі, у мяне не было адчування нейкага краху. У той момант для мяне ўсё ж такі больш важнымі былі іншыя падзеі. І я не ўспрыняла гэты факт, як шакавальны.

Хоць тут іншая сітуацыя. Некаторыя прадметы, якія я вяла, акрамя мяне ніхто не вёў. Я выдатна разумела, што адміністрацыі на гэта напляваць. Слабым звяном апынуліся наша кафедра і загадчык. Пасля майго звальнення яны папрасілі ў мяне матэрыялы, пыталіся, хто б змог мяне замяніць. Я паабяцала дапамагчы ўсім, чым магла, але тут... мяне затрымалі. Таму пытанне яны вырашалі самі.

Разумееце, у чалавека заўсёды ёсць выбар, нават калі ён ідзе ў газавую камеру. Хтосьці спрабуе збегчы і выратаваць сябе, а хтосьці ідзе наперад і хавае іншага за сваю спіну ў надзеі выпхнуць яго і выратаваць. Чалавек заўсёды можа зрабіць выбар. Гэта я пра тых выкладчыкаў, якія не заступаліся ні за студэнтаў, ні за звольненых калегаў, у тым ліку за мяне.

У маім выпадку калегі проста маглі адмовіцца разбіраць мае гадзіны, так як ва ўсіх і так перабор. Але яны закрылі гэты пралом. І калі хтосьці ўсё ж такі стаў на маю абарону і звярнуўся да рэктара з просьбай вярнуць мяне, тая сказала, што ўжо няма стаўкі, усе гадзіны разабраныя, — без якіх-небудзь крыўдаў распавядае Наталля.

Вядома, ва ўніверсітэт яна б не вярнулася ў любым выпадку. Дакладней, не змяніла б сваю пазіцыю, несумяшчальную, па яе словах, сёння з працай выкладчыка ў Беларусі. Яна з удзячнасцю гаворыць аб усіх, хто яе падтрымаў у першыя дні і падтрымлівае ўвесь гэты год.

— У той дзень, калі мяне звольнілі, прыйшлі студэнты, прыйшлі выпускнікі, многія прапаноўвалі і настойвалі на дапамозе, тэлефанавалі нават з-за мяжы. Адразу сталі падыходзіць людзі і прасіць дапамагчы вывучыць мову. Так я набрала вучняў, зарэгістравалася ў падатковай і стала працаваць на сябе.

— Вы дастаткова катэгарычны чалавек, не баіцеся за сябе?

— Памятаю, калі выйшла пасля сутак, праплакала два дні. У мяне быў жывёльны страх. Такі страх да гэтага ў мяне быў толькі раз у жыцці, калі я трапіла ў Італіі ў землятрус. Страх, калі ты разумееш, што цяпер цябе можа не стаць. Але я перажыла гэты свой страх. Я гэта зрабіла, і я вярнулася да нармальнага жыцця.

Хоць я ведаю, што «пад каўпаком», што за мной назіраюць, што «на алоўку». Таму што тэлефануюць маім родным, якія наогул жывуць у іншым горадзе, калі мяне не могуць знайсці, нядаўна ў мяне быў ператрус, забралі ноўтбук, праўда, літаральна на днях вярнулі назад. Я разумею, што да мяне могуць прыйсці ў любы момант і паставіць усё, што заўгодна.

Але я не магу змяніць сябе. Цяпер нават голас важны, таму што мы ўсе ўжо зразумелі, які кошт маўчання.

Мне многія бацькі скардзяцца цяпер на новаўвядзенні ў школах: я пытаюся, чаму вы не ідзяце да дырэктара? Яны адказваюць: гэта ўсё роўна нічога не дасць. Ну дык таму і не дасць, што ўсе маўчаць.

Для мяне важна, каб у мяне была чыстае сумленне, каб я была ў ладзе з сабой. Я лічу правільным тое, што раблю, і, напэўна, гэта надае мне сілы. Таму я захоўваю такі настрой, — дзеліцца сакрэтам бадзёрасці духу чароўная Наталля Дуліна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: