Наталля Масюкевіч: «Нават не ўяўляеце, колькі агрэсіі я атрымала ад педагогаў!»

Бацькі часам кажуць: «Ай, дзеці разбяруцца самі!» Так, разбяруцца — за школай. Здымуць гэтую разборку ды выкладуць у сеціва… Бацькі маюць даваць дзецям абарону і апеку. Калі ёсць знешняя пагроза для дзіцяці, першымі мабілізавацца маюць бацькі.
Наталля Масюкевіч

Наталля Масюкевіч

У рамках фестывалю WATCH DOCS Belarus у Гродне прайшоў паказ фільма «Сустрэча выпускнікоў» шведскай рэжысёркі Ганны Одэл. Фільм прысвечаны праблеме булінгу ў школьным асяроддзі. У якасці госці на паказе прысутнічала мінскі псіхолаг Наталля Масюкевіч.

Пасля прагляду спадарыня Наталля адказала на пытанні і распавяла аб праблеме булінгу на аснове свайго шматгадовага досведу працы. budzma.by прапануе некаторыя моманты з аповеду спецыяліста.

 

Фота і відэа: дакументаванне булінгу

Праблема булінгу з’явілася не сёння і не ўчора. Згадайце хаця б савецкі фільм «Пудзіла» 1983 года. Ці казку «Брыдкае качаня». Сёння булінг проста набывае новыя формы і нашмат часцей выходзіць у публічную прастору. Напрыклад, кібербулінг, калі дзеці і падлеткі цкуюць ахвяру ў сацыяльных сетках. З дапамогай тэлефонаў шмат якія моманты булінгу дакументуюцца: здымаюцца на фота і відэа. Вось вам і адказ, чаму апошнімі гадамі тэма булінгу гучыць даволі голасна.

Чытайце таскама:

Бацькі і школа: як дапамагчы свайму дзіцяці

 

Праблема не аднаго чалавека

Булінг — гэта сістэмная агрэсія супраць асобы ў групе. Менавіта сістэмная, бо калі мы зараз з вамі перасварымся ў зале — гэта не будзе булінг. Будзе звычайная сварка. А тут фокус акурат на групе, на ўстойлівасці і развіцці працэсу. Класічны прыклад — школьны клас. Булінг не ёсць праблемай аднаго чалавека: ахвяры ці агрэсара, бацькоў ці настаўнікаў. Гэта складаная, нібы слаёны пірог, праблема.

 

Вылучаешся? Ты ў зоне рызыкі!

Выбар ахвяры можа быць цалкам выпадковым, але найчасцей у зону рызыкі трапляюць дзеці, якія нечым вылучаюцца. Буйны дзіцёнак або маленькі, у акулярах ці з брэкетамі, вельмі разумны вучань або наадварот. Калі ты заўважны, то стаеш патэнцыйнай ахвярай. Агрэсія ўтрымлівае энергію, якую трэба некуды накіроўваць. Калі няма супраціву, а ёсць маўклівая згода, значыць, агрэсія будзе адно накручвацца і ўзрастаць.

 

«Зоркі», «сераднячкі», «адрынутыя»…

У класе заўжды ёсць размеркаванне па катэгорыях. Найвышэйшая — гэта «зоркі», тыя, хто ўсім падабаецца. Наступная — «сераднячкі». Далей — «адрынутыя». Ну і ўрэшце — «казлы адпушчэння», або ахвяры. У псіхолагаў ёсць вельмі просты тэст. Дзецям даюць паперкі і прапануюць напісаць імёны трох аднакласнікаў, якіх яны хацелі б запрасіць на дзень нараджэння. Вынікі, як правіла, расстаўляюць усё па сваіх месцах: даюць разуменне, хто да якой катэгорыі належыць.


«Санкцыя на булінг»

Настаўнік, сам не будучы агрэсарам, адначасна можа даць «санкцыю на булінг». Як? Да дошкі выходзіць чытаць верш 11-гадовая дзяўчынка з фарбаванымі каляровымі валасамі. Чытае слаба, запінаецца, а настаўнік вазьмі ды і скажы: «Валасы пафарбаваць паспела, а верш падвучыць — не!» Гэта і ёсць санкцыя на агрэсію з боку аднакласнікаў. Настаўнікі — вельмі цяжкая катэгорыя. Нават не ўяўляеце, колькі агрэсіі ў свой бок я атрымала ад педагогаў за гады працы!

 

Агрэсію нельга зняць поўнасцю

Агрэсію дзіця спазнае ўпершыню не ў школе, а яшчэ ў 2-3 гады, атрымаўшы па попе ад маці. Тады яно яшчэ не можа нічога зрабіць у адказ, але агрэсія ўжо прысутная. Агрэсію ніколі нельга зняць поўнасцю. Можна вучыцца канфліктнай кампетэнцыі, пускаць гэтую энергію ў іншае рэчышча. У агрэсіі шмат сілы, гэта жыццё! Рэч акурат у самарэгуляцыі, а не ва ўтапічнай спробе стварыць «стэрыльны свет» без негатыўных эмоцыяў.

 

Дарослыя маюць разбірацца з дарослымі

Ёсць такое паняцце — трохкутнік Карпмана: агрэсар, ахвяра і збаўца. Пры гэтым агрэсар можа мяняцца ролямі з ахвярай. Напрыклад, прыходзіць у школу бацька дзіцяці-ахвяры, знаходзіць крыўдзіцеля і крычыць на яго: «Я табе зараз увалю!» Гэта няправільна. Па законе так таксама нельга. Дарослыя маюць разбірацца з дарослымі, маюць дамаўляцца.

 

«Самі вы дэбілы, выхоўвайце лепш!»

Часам у бацькоў ахвяры нараджаецца варыянт забраць дзіця са школы, перавесці ў іншы клас. Але што гэта значыць? «Зліць» дзіця? А за агрэсарам замацаваць статус моцнага, маўляў, працягвай? Так нельга. Была ў мяне мама, у якой дзіця ў чацвёртым класе аказалася ў такой сітуацыі. Настаўнік адмахнуўся, адміністрацыя кажа: «Самі вы дэбілы, выхоўвайце лепш!» Сям’ю цкавалі разам з дзіцем.

У такіх выпадках я кажу: размаўляйце, калі ёсць з кім размаўляць. У нас, на жаль, дарослыя людзі, тыя ж настаўнікі, вельмі рэдка прызнаюць свае памылкі. Бо прызнаць — страціць уладу. І вось калі ўжо размаўляць зусім няма з кім, значыць, склалася хранічная сітуацыя для дзіцяці. Трэба ратаваць. Як у амерыканскіх фільмах: накрыць пледам, даць кубак з гарбатай і знесці як мага далей.


Чытайце таксама:

Беларусь — адзін з сусветных лідараў па цкаванні ў школах

 

Выпіла віна і расплакалася ў ваннай

Знаёмая, 40 гадоў, у якой сын-школьнік, з’ехала ў Ізраіль. Яе выклікаюць на бацькоўскі сход. Яна думае: «Ну, зараз пачнецца…» Яе вітаюць, запрашаюць усярэдзіну. Заходзіць, а там няма іншых бацькоў, яна адна! Думае: «Усё, нешта нарабіў…» А пасля адбываецца зусім дзіўнае: па чарзе да яе падыходзяць настаўнікі і хваляць сына, маўляў, і тут стараецца, і тут добра. Калі яна вярнулася дадому, яе трэсла. Выпіла віна і проста расплакалася ў ваннай.

Чаму так? Бо чалавек з постсавецкай прасторы не можа такога сабе ўявіць. У нас бываюць адваротныя выпадкі. Маці вяртаецца з бацькоўскага сходу з адчуваннем, што ўжо не дзіця, а… яна сама баіцца настаўніцу! Бо тая нават на сходзе слова не дасць сказаць.

 

ЗША: «Так, у нас ёсць праблема булінгу…»

У ЗША датычна прафілактыкі булінгу ёсць цікавая практыка. У пачатковай школе класы (там па 15 чалавек) штогод перамешваюць, пераводзяць дзяцей з класа ў клас. Навошта? Каб не ствараліся трывалыя групоўкі ды іерархіі. А яшчэ — каб дзіця вучылася камунікаваць з вялікай колькасцю аднагодкаў. Мне гэтая сістэма не вельмі падабаецца…

Затое ў ЗША адкрыта кажуць: «Так, у нас ёсць праблема булінгу, мы яе вырашаем…» А ў нас хто прызнаецца? Па маім досведзе з 20-ці педагогаў прызнаюцца толькі двое.

 

А гісторыка звольнілі за п’янку…

У тэме булінгу яшчэ адна цікавая роля — гэта сведка. Як ні дзіўна, сведкі таксама траўмуюцца, хоць іх асабіста могуць не біць і не цкаваць. Але яны бачаць, а значыць — не дыхаюць, баяцца, перажываюць тое самае, што і ахвяра. Адсюль і мараль: «Лепш буду сядзець ціха, не высоўвацца».

Бывае і наадварот. Неяк, калі я вучылася ў восьмым класе, мама аднакласніка патэліла маёй. Мая мама пасля ў мяне пытаецца: «А што з гісторыкам здарылася?» Аказалася, што размова пра тое, як настаўнік гісторыі па-хамску са мной размаўляў на ўроку. Я ўнутрана яго паслала і забылася. А вось аднакласнік распавёў сваім бацькам, тыя пазванілі маёй маме… Гэта гісторыя пра адказнасць. А гісторыка таго, дарэчы, пазней звольнілі за п’янку.


 

Першымі мабілізавацца маюць бацькі

Бацькі часам кажуць: «Ай, дзеці разбяруцца самі!» Так, разбяруцца — за школай. Здымуць гэтую разборку ды выкладуць у сеціва… Бацькі маюць даваць дзецям абарону і апеку. Калі ёсць знешняя пагроза для дзіцяці, першымі мабілізавацца маюць бацькі. А як часта бывае? Бацькі ігнаруюць або плачуцца: «За што ж мне такое…» Ці самі робяцца агрэсарамі: «Ах ты дубіна!»

А ёсць іншы алгарытм размовы з дзіцем. Што ты зрабіў, каб самому вырашыць сітуацыю? Якая дапамога патрэбная? Якія ёсць варыянты? Давай паспрабуем. Спачатку ты, калі што — я. Можам пайсці разам, я пастаю побач, але зробіш ты ўсё самастойна!

 

 

Мы вучымся разумець адно аднаго

Каб змагацца з праблемай булінгу, трэба працаваць з усімі дзейснымі асобамі. У Мінску з дзецьмі ўжо тры гады праводзяцца медыятыўныя практыкі, дзе медыятарам выступае псіхолаг, які вучыць вырашаць канфлікты. Настаўнікам тлумачаць, што такое гвалт: фізічны, фінансавы, эмацыйны і г.д. Таксама разбіраюцца сітуацыі ў канкрэтным класе канкрэтнага педагога.

Праца з адміністрацыяй школаў — гэта спроба навучыць не замоўчваць прыкрыя выпадкі, бо гэта велізарная праблема: кожны інцыдэнт мае быць зарэгістраваны, а пасля — праведзеная праца. Для бацькоў — семінары ды індывідуальныя кансультацыі. Мы вучымся разумець адно аднаго, і гэта, мабыць, галоўнае.

 

Алесь Кіркевіч, budzma.by  

Фота — Аляксандр Саенка

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: