Наталлі Гарачка прысудзілі 3 сутак

У Барысаве сёння судзілі актывістку з Мінску Наталлю Гарачка, затрыманую ўвечары 1 верасня расійскімі вайскоўцамі.

4 верасня Наталлю Гарачка прывезлі з ізалятару ў Барысаўскі раённы суд, паведамляе Радыё "Свабода".

Вядома, што на яе заведзена адміністрацыйная справа, паводле пратаколу, яна абвінавачваецца ў «нецэнзурнай лаянцы на адрас вайскоўцаў».

Справу разглядаў суддзя Сяргей Герасімовіч

У суд прыехала дачка актывісткі Юлія, якая расказала карэспандэнту Свабоды пра марныя спробы напярэдадні перадаць Наталлі перадачу.

«Маці затрымалі ўвечары ў пятніцу, а мы з праваабаронцам Валерам Шчукіным змаглі прыехаць ў ізалятар часовага утрымання Барысава ў суботу. Але ў мяне не прынялі ані прадукты, ані цёплыя рэчы, і нават сродкі асабістай гігіены не ўзялі. Сказалі, што выходны, і таму нібыта нельга. Такім чынам яна ўжо тры ночы там прабыла, а ў якіх умовах — невядома», — сказала Юлія Гарачка.

Паводле Юліі, яе маці ехала на сустрэчу з сынам Іванам, які служыць ў вайсковай частцы ва Уруччы, а цяпер знаходзіцца на палігоне пад Барысавам дзеля ўдзелу ў манеўрах. Што непасрэдна адбылося з маці, Юля ня ведае. Ведае толькі, што на палігоне маці спачатку спынілі расейскія вайскоўцы, якія перадалі яе беларускім. Трох вайскоцаў — двух шарагоўцаў і афіцэра — сёння Юлія ўжо бачыла ў судзе. Дзяўчына мяркуе, што гэта будучыя сведкі на працэсе над яе маці.

Юлія Гарачка

Юлія Гарачка

Юлія Гарачка мяркуе, што маці не рыхтавала ніякай правакацыі. Маці і яна ўжо раней прыяжджалі да Івана пад Барысаў, бо ён прасіў прывезці ежы.

«Ён раней званіў, прасіў прывезці адмысловых прадуктаў, бо тая ежа, якой яго тут на палігоне кормяць, яму не падыходзіла. Мы прыяжджалі на аўтамабілі, даяжджалі да КПП і крыху далей да лесапілкі ды сустракаліся з ім. Ніякіх знакаў там няма, што нельга ехаць. Але маці гэтым разам была без аўтамабіля, дабіралася сама, як яна прайшла туды, ня ведаю. Відаць, спынілі і тады ўсё пачалося, дэталяў ня ведаю. Чула ад афіцэра, які даваў інструкцыі вайскоўцам, якія будуць сьведкамі, каб казалі, што нібыта фатаграфавала ды ім пагражала. Але чым яна можа пагражаць? Вельмі дзіўна!», – распавяла Свабодзе Юлія Гарачка.

Юлія паведаміла, што справай яе маці апякуецца грамадзянская кампанія «Наш дом», якая прадаставіла адваката і аказвае арганізацыйную дапамогу.

Суд пастанавіў арыштаваць Гарачка на 3 сутак. Наталлю выпусцяць ў 19.50. Яна паспела сказаць, што пратаколу дагэтуль не бачыла. Праваабаронцу павялі па калідоры ў закрытаяе памяшканне.

Паводле СМІ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: