Наталлю Хершэ пераводзяць у магілёўскую турму. Пра гэта паведаміла сама палітзняволеная

Брат Наталлі Хершэ атрымаў ліст, дзе палітзняволеная піша, што яе з гомельскай жаночай калоніі пераводзяць у магілёўскую турму, распавядае «Свабода».

Рашэнне аб змене ўмоваў адбыцця пакарання днямі ўхваліў суд Чыгуначнага раёну Гомеля. На якой падставе суд прыняў такое рашэнне, пакуль невядома, бо суд быў закрытым, ён праходзіў 24 верасня ў жаночай папраўчай калоніі ў Гомелі, дзе адбывала пакаранне Наталля Хершэ.

Сваякам у калоніі па тэлефоне інфармацыю пра рашэнне суду не далі. Пры гэтым сакратарка суду паведаміла, што «прадстаўленне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволенае».

Брат палітзняволенай Генадзь Касьян пісьмова звярнуўся да начальніка калоніі, каб высветліць гэтае пытанне. Паводле самой Наталлі Хершэ, яе пераводзяць у магілёўскую турму.

Натальля Хершэ ў гомельскай калоніі адмовілася шыць форму для сілавікоў, за што трапляла ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. Яна абскарджвала ўмовы ўтрымання, таксама тройчы адмовілася пісаць заяву аб памілаванні.

Каго з палітвязняў ссылалі ў магілёўскую «крытку»

У Магілёве знаходзіцца «крытая» турма №4, вядомая сярод іншага і тым, што там адбывалі зняволенне беларускія палітвязні

У крытую магілёўскую турму і раней накіроўвалі вядомых палітычных вязняў, сярод іншага за адмову пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. На турэмны рэжым вязні трапляюць па выраку суду на тэрмін да трох гадоў.

У магілёўскай «крытцы» адбываў тэрмін былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, асуджаны ў 2011 годзе на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. У турму палітыка пераводзілі па рашэнні суду як злоснага парушальніка рэжыму са шклоўскай ПК № 17.

У магілёўскай турме адбываў два з паловай гады свайго тэрміну (у 2012-2015 гадах) актывіст анархісцкага руху, палітвязень Мікалай Дзядок. Сюды яго перавялі як «злоснага парушальніка» са шклоўскай ПК-17. Малады чалавек быў асуджаны за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі на 4,5 года зняволення.

У магілёўскую «крытку» змяшчалі і ўдзельніка «Плошчы-2010» Яўгена Васьковіча, які атрымаў 7 гадоў зняволення за напад на будынак КДБ у Бабруйску. Палітвязня перавялі ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму з магілёўскай калоніі № 15.

Якія ўмовы ў «крытай турме»

Яўген Васьковіч расказаў, што ў крытай турме ўмовы больш жорсткія.

«Цягам тыдня пасля прыезду вязня ставяць на строгі рэжым. Гэта значыць, дазволена толькі адна бандэроль (да 2 кілаграмаў) і адно кароткае спатканне (2 гадзіны) на год. Атаварка таксама абмежаваная, пару базавых. Памятаю, што палову з гэтых грошай трэба было траціць на мыла, паперу для прыбіральні, станкі, крэмы для і пасля галення. Другую частку можна было патраціць на што пажадаеш. Але звычайна не хапае тых ці іншых хадавых тавараў: гарбаты, цыгарэтаў, кіпяцільніка», — удакладняе ён.

У турме Яўген Васьковіч быў на прафілактычным уліку як «схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў». Гэта значыць, што па-за межамі камеры павінен быў перасоўвацца толькі ў кайданках. А ў зоне (прынамсі, у 15-й калоніі) з такім прафулікам давалі чырвоную бірку.

«Рэжым такі, што хочаш ці не, але вучышся дамаўляцца з супрацоўнікамі: трэба зрабіць так, каб і атрымаць, што жадаеш, і не даць таго, што хочуць яны. За парушэнні можна трапіць на «кічу» (штрафны ізалятар), — кажа Яўген. — Там штрафны ізалятар знаходзіцца ў сутарэнні. Пры мне замест вакна стаялі тры «цаглінкі» армаванага шкла, і замест чацвёртага была доўгая труба. Сядзіш без нічога: толькі вафельны ручнічок, паста, шчотка, пластыкавы кубачак і мыла. На табе мусіць быць толькі танюткая кашуля, танюткія штаны і гумавыя сланцы. Кормяць тры разы на дзень, як паўсюль».

Паводле Яўгена Васьковіча, агулам на «кічах» у зоне і на крытай (большая частка на крытай) ён правёў 360 сутак. Але калі адвакатка запрошвала паперу пра колькасць сутак, ёй зрабілі непраўдзівую выпіску, дзе было на 50 дзён менш, чым Яўген сапраўды адседзеў.

«Таму дакладна можна сказаць: калі хочаш, каб цябе не турбавалі міліцыянты і не зневажалі, трэба быць гатовым «кіпішнуць» і атрымаць за гэта пабоі ды чарговыя суткі «кічы», — кажа Яўген.

На «крытцы» Яўген Васьковіч быў увесь вызначаны для яго тэрмін — тры гады. Паводле суразмоўцы, адміністрацыя калоніі глядзіць, наколькі для яе небяспечны той ці іншы вязень.

«Больш небяспечных стараюцца доўга не трымаць у зоне і хутчэй пазбаўляюцца ад чалавека, сплаўляюць на крытую. Вывезлі мяне за пастаяннае парушэнне раскладу: я адмаўляўся працаваць і адмаўляўся выконваць прыбіранне, якое на мяне вешалі як пакаранне. Была стандартная працэдура: пазбавілі ўсяго да мінімуму (перадачы, атаварка, спатканні), потым чатыры разы ў «кічы», потым месяц памяшкання камернага тыпу, суд — і на крытую», — падсумоўвае ён.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: