«Наўмысна правёў адзіночны пікет». Вяскоўца судзяць за «палітычнага» снегавіка ля хлява

14 студзеня ў Гомелі прайшоў суд над 62-гадовым Сяргеем Качалавым, які зляпіў у сябе ў двары снегавіка і напісаў на ім: «Жыве Беларусь», паведамляе TUT.BY.


Мужчына жыве ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна. 24 снежня ён зляпіў снегавіка каля дома. На наступны дзень пачалася адліга — і снегавік растаяў. Аднак праз пару дзён да вяскоўца прыйшоў участковы і прад'явіў яму фота таго самага снегавіка, а затым склаў на мужчыну пратакол паводле артыкуле 23.34 КаАП — за несанкцыянаваную акцыю.

— Выкарыстаўшы бел-чырвона-белую сімволіку і надпіс «Жыве Беларусь», наўмысна правёў адзіночны пікет без адпаведнага дазволу райвыканкама, які выявіўся ў публічным выказванні сваіх грамадска-палітычных настрояў, чым парушыў закон “Аб масавых мерапрыемствах”, — зачытала пратакол суддзя Тамара Застаўнецкая.


— Напісана тут нібы пісьменна, вядома, — пераступае з нагі на нагу мужчына. — Але на самай справе я проста зрабіў снегавіка ла хлява. Ніякіх палітычных ... э-э-э ... нічога я не пераследваў. Нідзе я не ўдзельнічаў, нідзе не выступаў, са сцягамі не бегаў. А проста зрабіў снегавіка. Снегавікі ж усякія бываюць — воўк-снегавік, ліса-снегавік. А я напісаў: «Жыве Беларусь», як Янка Купала казаў. Нічога такога страшнага, я лічу, не напісаў. Я ж не напісаў: «Не жыве Беларусь». Я ж хачу, каб наша Беларусь квітнела, каб жыла яшчэ. Чаму нас за гэта гнятуць, не ведаю.

 

Фота: Алена Бычкова, TUT.BY

 

— Дзе вы ўстанавілі снегавіка? — пытаецца суддзя.

— Ну, ля хлява, дзе снег выграбаў.

— Гэты снегавік быў бачны з вуліцы?

— З вуліцы ён дрэнна быў бачны. Дык і прастаяў ён гадзіну-паўтары. Я пайшоў у хлеў дровы складаць. А хтосьці сфатаграфаваў і, відаць, далажыў куды трэба. Жонка даведалася, збегала, сцерла гэты надпіс — ды і ўсё.

— Якая мэта была ў вас, калі вы ўстанавілі гэтага снегавіка? — удакладняе Тамара Застаўнецкая.

— Ды ніякай. Зрабіў снегавіка.

— Вы калі зляпілі яго, потым што рабілі?

— Пайшоў у хлеў, сваімі справамі займацца.

— Не стаялі побач, сэлфі не рабілі?

— Ды не-е-е. Сваімі справамі займаўся.

Сяргей яшчэ раз дадаў, што ніякіх палітычных мэтаў, калі ляпіў снегавіка, не пераследаваў. Сказаў, што ўсім задаволены: «Пенсію атрымліваем своечасова. Жыць можна ў гэтай краіне і квітнець».

Суд адправіў справу на дапрацоўку, бо, на думку суддзі, з пратаколу не зразумела, якім чынам і ў чым выявіўся адзіночны пікет, у якім абвінавачваюць мужчыну.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: