«Нават у хуткай каталіся амапаўцы». Чарговая гісторыя з цыклу «Мне яшчэ пашанцавала»

У нейкі момант дзяўчына пачала баяцца не толькі аўтазакаў або міліцыянтаў у форме, але нават звычайнага транспарту. Падчас разгону адной з акцый яна ўбачыла двух супрацоўнікоў АМАПу ў аўтамабілі хуткай дапамогі. Гэта ўжо пятая гісторыя з праекту Белсата «Мне яшчэ пашанцавала».
Мілана. Фота: Белсат

Мілана. Фота: Белсат

Мілане 21 год. Раней яна ніколі не цікавілася палітыкай. Але ўлетку ўсе яе сябры казалі толькі пра адно. Пра выбары, пра тое, што гэтым разам нешта мае змяніцца. Цяпер Мілана згадвае тыя размовы са смехам: маўляў, спярша нават спрабавала змяніць тэму размовы, але марна. Прагаласаваўшы ў родным Жодзіне, дзяўчына вярнулася ў Гродна, дзе да нядаўняга часу жыла і працавала.

Не кожная наша гісторыя поўная пасінелых целаў і жудасных крыкаў. З аднаго боку, Мілане, вядома, пашанцавала. Пакуль у Гродне збітыя людзі ўжо не змяшчаліся ў РАУС і ўлады нават адкрылі для затрыманых турму, яна пасля першага свайго затрымання трапіла ў бальніцу з нервовым знясіленнем. Як толькі выйшла — адразу ж адправілася на акцыі. У ланцуг салідарнасці, на жаночыя маршы і гэтак далей. 

У бусе па абодва бакі ад Міланы сядзелі супрацоўнікі АМАПу. Дзяўчына прыгадвае, што чамусьці была ўпэўненая: жанчын затрымліваць не будуць. Яна пачала задыхацца ад шоку і паспрабавала ўзяць сябра, які сядзеў насупраць, за руку.

«Не рыпайся», — кінуў ёй адзін з сілавікоў.

Яна і сама не можа растлумачыць, адкуль знаходзіла сілы выходзіць на акцыі ледзь не штодня. «Галоўнае было — рабіць перапынкі ды адседжвацца», — згадвае дзяўчына. У нейкі момант Мілана пачала баяцца не толькі аўтазакаў або міліцыянтаў у форме, але нават звычайнага транспарту. Падчас разгону адной з акцый яна ўбачыла двух супрацоўнікоў АМАПу ў аўтамабілі хуткай дапамогі.

 

Малюнак Міланы. Фота: Белсат

Другую сустрэчу з супрацоўнікамі праваахоўных органаў дзяўчына перажыла 22 жніўня. Тады Аляксандр Лукашэнка, акрыяўшы ад шоку першага тыдня пратэстаў, змяніў мясцовыя ўлады ў Гродне ды выступіў на плошчы Леніна. Усяго за дзве сотні метраў ад той трыбуны Мілану вялі за шыю ў бок міліцэйскага аўтамабіля. Ёй пагражалі згвалтаваннем, абяцалі «закінуць у сабачнік», але ўрэшце проста адпусцілі.

Мілана кажа, што да апошняга не збіралася пакідаць Беларусь. Аднак старэйшая сястра і бацькі яе пераканалі. У 21 год яна баіцца грамадскага транспарту ў роднай краіне ды ў агляднай будучыні не збіраецца вяртацца ў Беларусь. Але ёй, як і ўсім нашым героям і гераіням, «яшчэ пашанцавала».

 blstv.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: