Нават «замоўленае» сацыялагічнае даследаванне зафіксавала пагаршэнне матэрыяльнага становішча беларусаў

Афіцыйнае сацдаследаванне засведчыла зніжэнне даверу беларусаў да Лукашэнкі. Паводле яго вынікаў, яму давярае 66,5% апытаных. А як вядома, паводле афіцыйных вынікаў выбараў ён атрымаў 80,1%.


Такія лічбы прыводзіць Еўрарадыё са спасылкай на БЕЛТА.

Раней пра «маштабнае сацыялагічнае даследаванне», якое праводзілася на працягу месяца «ў два этапы» расказваў Лукашэнка. Паводле яго слоў, яму было б «вельмі складана» выступаць на Усебеларускім народным сходзе, «не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве». І сацыёлагі паспелі да сходу, які адкрыецца 11 лютага!

Высветлілася, што сацапытанне праводзілі з 12 студзеня да 8 лютага Аналітычны цэнтр ЕсооМ з удзелам фонда «Украінская палітыка», і «ва ўзаемадзеянні з акрэдытаванымі ў Беларусі сацыялагічнымі цэнтрамі». Было апытана 9896 чалавек у 108 населеных пунктах.

Што было заяўлена пра вынікі даследавання? Акрамя ўзроўню даверу ў Лукашэнкі, агучылі ўзровень даверу апазіцыі — 17,2%. Як вядома, афіцыйна Святлана Ціханоўская атрымала на выбарах толькі 10,1%.

64,9% беларусаў лічаць, што за апошні год эканамічная сітуацыя пагоршылася (амаль столькі ж «давяраюць» Лукашэнку), у 50,6% пагоршылася матэрыяльнае становішча і толькі 4% (!) лічаць, што вінаваты ў гэтым кіраўнік дзяржавы.

Аналітычны цэнтр ЕсооМ вядомы ў Беларусі тым, што пастаянна праводзіў праўладныя «экзіт-полы» на ўсіх прэзідэнцкіх выбарах, і непазбежна аддаваў перавагу Лукашэнку. Па-за «экзіт-поламі» пра яго дзейнасць не было нічога вядома. Падаецца, гэтае заказанае ўладамі «даследаванне» — першая практыка цэнтра такога кшталту.

Фонд «Украінская палітыка» вядомы ва Украіне тым, што абслугоўваў былых дэпутатаў-«рэгіяналаў» з партыі Януковіча. Лічбы яго даследаванняў заўсёды былі маніпулятыўныя, і ў выніку на выбарах перамагаў, як правіла, зусім не той кандыдат, перамогу якога прадказвалі «сацыёлагі» арганізацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: