Наведвальніка рэстарацыі «Поедем, поедим» будуць судзіць за абразу абаронцаў Курапатаў

У аўторак, 17 ліпеня, у судзе Мінскага раёна адбудзецца разгляд справы аб адміністратыўным правапарушэнні ў дачыненні да аднаго з наведвальнікаў рэстарацыі «Поедем, поедим».
Грамадзянін Нелюб С.А. абвінавачваецца ў здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 9.3. КаАП "Абраза", за якое прадугледжана адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе штрафу памерам да 20 базавых адзінак.

На судовы разгляд у якасці заяўніка запрошаны старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, паводле скаргі якога і была ўзбуджаная адміністратыўная вытворчасць у дачыненні да правапарушальніка Нелюба С.А.

Як паведаміў прэс-службе Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, пасдтавай для скаргі стаў інцыдэнт з удзелам Нелюба, які адбыўся 14 чэрвеня:

— У гэты дзень абаронцы Курапатаў трымалі варту каля брамы рэстарацыі "Поедем, поедим", не дапускаючы працы забаўляльнай установы каля месца гібелі тысяч ахвяраў камуністычнага рэжыму. Грамадзянін Нелюб, які прыехаў да рэстарацыі на машыне, выказваў абурэнне грамадскай вартай, абаражаў пратэстоўцаў і нават спрабаваў скіраваць свой аўтамабіль наўпрост на людзей. Былі выкліканы супрацоўнікі ДАІ, якія на патрабаванне Нелюба склалі на ўдзельнікаў грамадскай варты блізу дзясятка пратаколаў па артыкуле 18.23 КаАП за парушэнне правілаў дарожнага руху, а на мяне склалі яшчэ і пратакол па артыкуле 23.34 за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Я звярнуў увагу супрацоўнікаў ДАІ, што аўтамабіль грамадзяніна Нелюба не праходзіў належны тэхагляд, і на гэтай падставе на яго таксама быў складзены адміністратыўны пратакол. Гэты чалавек яўна не чакаў такога павароту падзеяў, і адрэагаваў на справядлівыя заўвагі міліцыянтаў бруднай і непрыстойнай лаянкай, абражаючы ўсіх прысутных. Давялося запатрабаваць ад міліцыі зафіксаваць гэткія супрацьпраўныя паводзіны Нелюба. Агулам па маёй заяве на яго былі складзеныя два пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні: адзін за няпройдзены тэхагляд аўтамабіля, а другі за нецэнзурную лаянку. Усе прысутныя пры гэтым інцыдэнце могуць пацвердзіць, што паводзіны Нелюба былі яўнай правакацыяй, ён свядома шукаў канфлікту, хваліўся, што ягоы бацька ў 1942 годзе служыў у войсках НКУС. Суд павінны даць належную ацэнку дзеянням правапарушальніка. Паглядзім, як павядзе сябе ў гэтым выпадку судовая сістэма Беларусі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні па выніках падзей 14 чэвеня суд Партызанскага раёна Мінска ўжо аштрафаваў старшыню БНФ Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Кунцевич
  • 2018-07-14 09:33:56
Вось для такіх асоб і будаваўся рэстаран на "касцях"