Навігатар беларускай незалежнасці: блогер стварыў карту месцаў, звязаных з БНР

Як беспамылкова трапіць у месцы звязаныя з абвяшчэннем БНР, або на магілу Рамана Скірмунта на Палессі або Міколы Абрамчыка ў Парыжы? Дзе помнік слуцкім паўстанцам у Германіі ці будынак у Мінску, дзе абвясьцілі незалежнасьць БНР? У гэтым дапаможа гістарычная карта на базе GoogleMaps, якую стварыў мінскі блогер.
Альшанскія могілкі ў Празе. Айцец Андрусь Абламейка.

Альшанскія могілкі ў Празе. Айцец Андрусь Абламейка.

На карце Максіма Ляшко да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі больш за 60 кропак, адзначае Дзмітрый Гурневіч на сайце Радыё «Свабода».

Гуглаўская карта працуе і ў якасці дадатку на смартфонах. Задаўшы ёй зыходны пункт можна беспраблемна патрапіць у абранае месца. Сам стваральнік карты кажа, што нанёс амаль усе памятныя мясціны, звязаныя з БНР і яе дзеячамі.

«Каб кожны мог самастойна паўдзельнічаць у святкаванні юбілею, асабліва калі ён не ў Мінску. Гэтых кропак, вядома, значна больш, але я дадаў самыя важныя», — кажа Ляшко.


Аўтар карты прапануе дасылаць яму адрэсы важных аб'ектаў, якія варта на яе ўнесці. Адпраўляць паведамленні ён прапануе праз Твітэр або Фэйсбук.


Паводле nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!