Навукоўцы: ад таго, наколькі хутка вы ходзіце, можа залежаць, ці цяжка хварэеце на COVID-19

У людзей, якія ходзяць павольна, у 2,5 разы больш шанцаў цяжка захварэць на COVID-19 у параўнанні з тымі, хто ходзіць хутка.

У працы даследчыкаў выкарыстоўваліся даныя больш чым 400 тысяч чалавек сярэдняга ўзросту. Мэта — вывучыць сувязь паміж індэксам масы цела (ІМТ), тэмпам хады, рызыкай заражэння цяжкім COVID-19 і смяротнасцю, паведамляе tut.by.

Павольнай лічылася хуткасць хады менш за 4,8 кіламетра на гадзіну, сярэдняя складала ад 4,8 да 6,4 кіламетра на гадзіну, а хуткая — больш за 6,4 км/г.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што сярод людзей з нармальнай вагой у тых, хто ходзіць у павольным тэмпе, у 3,75 раза больш шанцаў памерці ад каронавіруса, чым у тых, хто ходзіць хутка. Даследчыкі таксама выявілі, што ў людзей, якія маюць звычку крочыць павольна, у 2,5 раза больш шанцаў цяжка захварэць на COVID-19, чым у тых, хто адносіцца да самай хуткай групы.

Прафесар Ейц, спецыяліст па фізічнай актыўнасці з Універсітэта Лестэра і вядучы аўтар даследавання, адзначыў: «Ужо вядома, што атлусценне і слабасць з'яўляюцца ключавымі фактарамі рызыкі для цяжкасці COVID-19 і смяротнасці ад яго. Наша даследаванне ж паказала, што ў людзей, якія ходзяць у павольным тэмпе, значна вышэйшая рызыка сур'ёзных захворванняў, звязаных з COVID-19, незалежна ад іх вагі».

Аўтары працы мяркуюць, што тэмп хады можа стаць самым простым і лёгка вымяральным паказчыкам стану здароўя чалавека: пастаянная павольная хада пакажа на дрэннае самаадчуванне, а хуткая — стане прыкметай таго, што ў арганізме ўсё добра.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: