Навукоўцы высветлілі, калі ў арганізме знікаюць наступствы пасля COVID-19

Рэгулярныя заняткі фітнесам наўпрост спрыялі таму, што пацыенты рабіліся здаровымі значна хутчэй. А поўнае выздараўленне наступае ў большасці на працягу паўгода.

Фота bobrdeti.by

У 95% тых, хто ачуняў пасля каранавіруса, не застаецца незваротных наступстваў у выглядзе рэспіраторных або сардэчных захворванняў. Добрая навіна і тое, што сімптомы цалкам знікаюць на працягу паўгода. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні ізраільскіх медыкаў, паведамляе korrespondent.net.

Даследаванне 166 пацыентаў з COVID-19, якія ачунялі ад хваробы, было праведзена  медыцынскім цэнтрам Шаарэй-Цэдэк. У ім прынялі ўдзел пацыенты ва ўзросце ад 18 да 86 гадоў з лёгкай, сярэдняй і цяжкай формай хваробы.

Даследаванне выявіла, што ў 94% людзей праз тры месяцы пасля актыўнай фазы захворвання назіралася дыхавіца. Яна была найбольш распаўсюджаным і ўстойлівым сімптомам, яе выяўлялі ў 57% пацыентаў.

Акрамя таго, 55% пацыентаў скардзіліся на агульную слабасць, 25% — на ўстойлівы кашаль і 18% — на болі ў грудзях. Яшчэ да 11% не вярталіся пачуццё смаку і нюх, а ў 8% былі неўралагічныя сімптомы — такія, як галавакружэнне або слабасць у канечнасцях.

Аднак на працягу шасці месяцаў дыхавіца і большасць іншых сімптомаў цалкам знікалі.

«Мы можам з асцярожнасцю казаць, што большасць сімптомаў праходзіць на працягу трох-шасці месяцаў. Амаль усе пацыенты, якіх мы абследавалі, праз шэсць месяцаў паведамлялі пра прыкметнае паляпшэнне агульнага стану, і вынікі тэстаў гэта пацвердзілі. Мы таксама выявілі, што рэгулярныя заняткі фітнесам тры-чатыры разы на тыдзень наўпрост спрыялі таму, што пацыенты здаравелі значна хутчэй», — сказаў дырэктар Інстытута лёгкіх у Шаарэй-Цэдэк прафесар Габрыэль Ізбіцкі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: