Назіральніка, які здымаў на відэа падлік галасоў, арыштавалі на 14 сутак

14 суткамі адміністрацыйнага арышту пакараў суд назіральніка за мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Пятра Маркелава. Маркелава затрымалі на выбарчым участку, паведамляе «Свабода».

Судзіла назіральніка суддзя Маскоўскага раённага суда Тацяна Матыль, якая знаходзілася ў спісах неўязных у краіны Еўрасаюза за меркаваны ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі.

У самым пачатку адміністрацыйнага працэсу суддзя забараніла весці відэаздымку. Яна не дапусціла ў якасці абаронцы старшыню грамадскага аб’яднання «Прававая ініцыятыва» Вікторыю Фёдараву. Пётр Маркелаў хадайнічаў аб яе ўдзеле ў працэсе, бо, паводле яго, як беспрацоўны не мае сродкаў, каб наняць прафесійнага адваката. Пётр Маркелаў заявіў, што парушаецца ягонае права на абарону, гарантаванае Канстытуцыяй.

За што судзілі Пятра Маркелава?

На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў Пётр Маркелаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блёку» Стаса Шашка. Як давераная асоба Маркелаў меў права працаваць на выбарчым участку таксама як назіральнік, чым і скарыстаўся.

17 лістапада, у асноўны дзень галасавання, Маркелаў праводзіў назіранне на выбарчым участку № 286 і застаўся там пасля 20.00, калі галасаванне закончылася і пачаўся падлік галасоў. І вось тут здарыўся канфлікт, які закончыўся выклікам міліцыі.

Падрабязней пра затрыманне:

На выбарчым участку затрымалі кандыдата Стаса Шашка і Пятра Маркелава (відэа). Дапоўнена



Што ў пратаколе, складзеным на Маркелава?

Паводле складзенага на Пятра Маркелава пратаколу, ён нібыта «громка крычаў» і парушаў грамадскі парадак, а таксама адмовіўся выканаць загад міліцыянтаў пакінуць участак і пайсці за імі ў райаддзел міліцыі. «Упіраўся нагамі», калі яго выводзілі з участку, сказана ў міліцэйскім пратаколе.

Пётр Маркелаў сваёй віны не прызнаў. Паводле яго, галасы выбарнікаў лічыліся з парушэннямі, і ён мусіў умяшацца, каб абараніць закон. Паводле Маркелава, сябры камісіі не запісвалі лічбаў, і таму было незразумела, як адбылося складанне галасоў.

«Я мусіў спыніць гэтае злачынства, здымаючы яго на відэа. Мая спроба абараніць закон ёсць сведчаннем таго, што я з павагай паставіўся за нормаў маралі, гэта не было хуліганствам. Бо хуліганства — гэта наўмыснае грэбаванне нормамі маралі, а мой намер быў накіраваны на адваротнае — на аднаўленне парадку», — сказаў суду Пётр Маркелаў.

Адмовіўся Маркелаў прызнаць і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Былы назіральнік патлумачыў, што не пакінуў участак на патрабаванне міліцыянтаў, бо збіраўся зафіксаваць і спыніць злачынства, якім быў недакладны падлік галасоў. Пётр Маркелаў прасіў суд спыніць справу супраць яго праз адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння ў ягоных дзеяннях.

Пра падзеі на выбарчым участку сведчылі Настасся Сахарчук, Лізавета Пракопчык і Стас Шашок, былы кандыдат у дэпутаты. Паводле апошняга, падлік галасоў на ўчастку, як і казаў Маркелаў, праводзіўся негалосна і недакладна.

«Пракантраляваць падсумаванне галасоў было немагчыма. Пётр запатрабаваў, каб галасы пералічылі, але сябры камісіі на гэта сказалі, што ён парушае парадак. Між тым, ён нікога не зневажаў, не лаяўся. Так, ён пачаў відэаздымку, але толькі і ўсяго», — згадаў сведка Стас Шашок.

Паводле сведкі, неўзабаве на ўчастак прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Назіральнікі спрабавалі распавесці міліцыянтам пра тое, што на ўчастку несумленна лічаць галасы, але міліцыянты палічылі вінаватым Пятра Маркелава.

«Яго схапілі, жорстка павалілі на падлогу, заламалі рукі, апранулі кайданкі, хаця было бачна, што ён нічога не парушаў і не збіраўся збегчы», — згадала пра затрыманне Пятра Маркелава сведка Анастасія Сахарчук.

А вось што распавяла пра прычыну канфлікту на ўчастку сведка Лізавета Пракопчык.

«Ішоў падлік галасоў. Сябры камісіі мелі стосы бюлетэняў і вялі падлік галасоў за кожнага з кандыдатаў. Але пры гэтым лічбаў не запісвалі. А Пётр, як назіральнік, мог бачыць, колькі прыблізна аддалі галасоў кожнаму з кандыдатаў. Але ў выніковым пратаколе аказаліся лічбы, якія значна не супадалі з ягонымі назіраннямі. Тады ён запатрабаваў пераліку галасоў і пачаў здымаць тое, што адбываецца на ўчастку», — распавяла пра падзеі сведка Лізавета Пракопчык.

Суд праглядзеў відэа падзеяў, якія адбыліся на ўчастку. На першым відэа было бачна, як Маркелаў спрабуе патлумачыць міліцыянтам, што на ўчастку адбываецца парушэнне выбарчага закону, а гэта ёсць крымінальным злачынствам. Заканчваецца відэа мітуснёй у кадры — у выніку назіральнік сам аказваецца на падлозе. На другім відэа сярод мужчынскіх галасоў, якія яўна спрачаюцца, гучыць: «Гэта яўная хлусня...», «Гэта плявок у твар моладзі». Потым чуваць жаночы голас: «Я не абавязана вам нічога паказваць, малады чалавек, пакіньце памяшканне...Усё, выклікайце...».

 

 

На тэрыторыі 286 участка, дзе балатаваўся Стас Шашок, знаходзіцца інтэрнат № 1 МГЛУ, у якім пражывае некалькі соцень студэнтаў. Стас Шашок мяркуе, што большасць з іх прагаласавалі за яго, бо ён быў «адзіным непраўладным кандыдатам». Між тым, паводле выніковага пратаколу, за Стаса Шашка на ўчастку прагаласавала толькі 46 выбарцаў, хаця назіральнікі сцвярджаюць, што за яго было пададзена больш за 100 бюлетэняў.

Сведкі Аўчыннікава і Копаць, якія працавалі сябрамі камісіі на ўчастку № 286, у суд не з’явіліся. Суд зачытаў іх паказанні. Паводле сведкі Аўчыннікавай, Маркелаў перашкаджаў падліку галасоў, а пасля таго, як яго выдалілі з участку, «праца была працягнута». Сакратар камісіі Копаць таксама засведчыла, што Маркелаў «паводзіў сябе агрэсіўна», і таму старшыня камісіі «націснула трывожную кнопку». Гэтыя сведкі не ўбачылі, каб Маркелава міліцыянты павалілі на падлогу. «Яго ўзялі за рукі і вывелі з памяшкання», — прагучала з паказанняў.

Не прыйшоў у суд і міліцыянт Валодзька, які затрымліваў назіральніка Маркелава. У паказаннях сведкі таксама сказана, што Маркелава вывелі з будынку, бо ён «паводзіў сябе з выклікам, перашкаджаў працы».

Былы кандыдат у дэпутаты Стас Шашок са скаргай у Цэнтрвыбаркам не звяртаўся. «Няма сэнсу. Яны адзін аднаго пакрываюць», — мяркуе Стас Шашок.

Пётр Маркелаў паспеў пракаментаваць вырак. Ён сказаў, што гэта яўна запалохванне ўсіх назіральнікаў, якія мусяць сумленна выконваць сваю працу і змагацца з парушэннямі закону. «Атрымліваецца, мяне пакаралі якраз за тое, што я супрацьстаяў злачынствам на выбарчым участку. Гэта вельмі сімвалічна. Ну, нічога, пачытаю 14 дзён кніжкі».

Былога назіральніка ўзялі пад варту ў судовай зале. Сябры, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Пятра Маркелава, сказалі, што ён не рыхтаваўся да пасадкі, і нават не браў з сабой сродкі асабістай гігіены.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: