Назіранне за чарнобыльскімі ваўкамі заўчасна завершана: драпежнікаў забілі

Унікальны для Беларусі праект па назіранні за ваўкамі закончыўся з-за забойства драпежнікаў.

Воўк, пазначаны ашыйнікам з GPS-перадатчыкам. фота: Ахова птушак Бацькаўшчыны

Воўк, пазначаны ашыйнікам з GPS-перадатчыкам. фота: Ахова птушак Бацькаўшчыны


У лістападзе супрацоўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам з супрацоўнікамі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка адлавілі і пазначылі двух ваўкоў адмысловымі каляровымі ашыйнікамі, а яшчэ аднаго – ашыйнікам з GPS-перадатчыкам, які можа дасылаць сыгналы пра перамяшчэнні драпежніка. Але назіранні ў чарнобыльскай зоне вымушана скончыліся. Адзін з ваўкоў знік і не трапляе на фотапасткі, другога застрэлілі яшчэ ў канцы снежня, а трэцяга, з «разумным» ашыйнікам, смерць ад кулі напаткала 24 лютага...

Віктар Фянчук з «Аховы птушак Бацькаўшчыны», які каардынуе «воўчы праект», расказвае Польскаму радыё, што яны ставілі перад сабой дзве мэты.

Першая — навуковая. Сабраць дадзеныя пра жыццё ваўкоў, якую тэрыторыю яны займаюць, чым харчуюцца. З ваўкамі звязана вельмі шмат мітаў, асабліва сярод паляўнічых, напрыклад, што нібыта яны ядуць тонамі мяса. Для нас вельмі важна атрымаць навуковыя дадзеныя, колькі яны ядуць, што ядуць. Другой важнай мэтай з'яўляецца папулярызацыйная і асветніцкая праца. Мы палічылі, што вынікі навуковага праекту будуць цікавыя ня толькі навукоўцам, але і шырокаму колу. Таму мы змяшчаем атрыманыя дадзеныя на сайце vouk.by.

Па словах Віктара Фянчука, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік з'яўляецца вельмі цікавым месцам для назірання за ваўкамі. Да гэтага часу праводзіліся назіранні за 10 ваўкамі, якія жылі ў глыбокай чарнобыльскай зоне, з якой яны ніколі не выходзілі. Аднак апошнім часам у СМІ паявілася шмат інфармацыі аб тым, што чарнобыльская зона стала нібыта рассаднікам ваўкоў, якія выходзяць па-за тэрыторыю запаведніка, у якім паляванне на драпежнікаў забароненае. Навукоўцы вырашылі праверыць гэтую інфармацыю — паспрабаваць даведацца, як паводзяць сябе драпежнікі на перыфэрыі чарнобыльскай зоны.

— Можа яны сапраўды выходзяць вонкі і ходзяць па вёсках? Для гэтага мы адлавілі і пазначылі трох ваўкоў. Мы высветлілі, што яны сапраўды выходзяць па-за межы Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка, але выходзяць ня ў вёскі, а на быдламагільнікі. На гэтых быдламагільніках неадпаведным чынам пахаваныя парэшткі памерлых кароў. Мясцовыя паляўнічыя адмыслова ствараюць умовы, каб ваўкі прыходзілі на гэтыя быдламагільнікі. Калі б чалавек адмыслова не ствараў па-за зонай умовы, багатыя на лёгкае харчаванне, то ваўкі спакойна жылі б у межах запаведніка. Нашыя ваўкі менавіта там і трапілі пад кулю паляўнічых. Таму наш эксперымент быў хутка скончаны.

На сайце vouk.by змешчаныя прыклады інфармацыі са СМІ, у якіх паведамляецца пра небяспеку, якую ў вёсках ствараюць ваўкі. Спецыялісты ездзяць у гэтыя месцы і аказваецца, што гэта непраўдзівая інфармацыя. Большасьць з такіх навін — несапраўдная.

Віктар Фянчук адзначае, што ваўкоў абвінавачваюць несправядліва.

Праект па назіранні за ваўкамі паспяхова працягваецца ў Белавескай пушчы. За “воўчымі” навінамі можна сачыць на сайце vouk.by.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: