«Не будзе ніякага майдану, калі ты зробіш сумленныя выбары»

У мінчанкі Ганны Чарняўскай ёсць усё для камфортнага жыцця: каханы муж і цудоўная дачушка, уласная кватэра і магчымасць займацца любімай справай. Але гэтымі днямі Ганна і яе сям’я апынулася ў эпіцэнтры мінскіх пратэстаў. Яна распавядае, відавочцамі якіх падзей яны сталі, і чаму звычайныя людзі больш не могуць трываць бязмежжа, якое пануе ў краіне апошнюю чвэрць стагоддзя.

Дзяўчына расказвае, што яшчэ да выбараў, як і многія, сутыкнулася з несправядлівасцю. «Было бачна, што ідзе непраўдзівая гульня», – гаворыць яна, маючы на ўвазе нерэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты і затрыманні людзей на дазволеных мітынгах.

– У нас знаёмы гуляў у цэнтры Мінска 14 ліпеня і трапіў на 10 сутак. Яго забралі, збілі, хаця ў яго маленькае дзіця і ён у дэкрэце, – распавядае Ганна Чарняўская.

Па яе словах, усё тое бязмежжа, якое мацавалася ў Беларусі цягам 26 гадоў, настолькі вылезла навонкі, што яго ўжо ніяк немагчыма схаваць.

– Надакучыла, што нас трымаюць за ідыётаў, – кажа суразмоўца.

Яна ўзгадвае, як хадзіла з мужам галасаваць на 56-ы ўчастак у адну са школ у Каменнай Горцы. Узяўшы бюлетэнь, Ганна перавярнула яго, каб спраўдзіць подпісы на адваротным баку. Іх, як і належыць, было два, але… яны былі абсалютна ідэнтычныя. Калі дзяўчына звярнула на гэта ўвагу жанчыны ў камісіі, тая ўзяла і паставіла «для супакаення» яшчэ і свой подпіс, які адрозніваўся ад папярэдніх. Ганна не ўпэўнена, ці не стала гэта падставай для таго, каб прызнаць яе бюлетэнь несапраўдным, хаця паводле выбарчага заканадаўства
подпісаў павінна быць не менш за два.

– Я і ўсе знаёмыя, з якімі размаўляла, ішлі на гэтыя выбары як у тумане, не ведаючы, чаго чакаць. Нам жа ніколі не прадастаўляюць інфармацыю, падманваюць, мы нават не ведаем, якія ў нас правы і як гэта павінна адбывацца. Выгадна, каб мы нічога не ведалі. Толькі цяпер нам хоць нешта расказалі. Хоць і так усё было зразумела, можна было б не галасаваць. Але надзея памірае апошняй, усё роўна верыш у сумленне людзей на ўчастках, – зазначае Ганна Чарняўская.

Але цуду не здарылася, і на 56-м участку праўдзівых вынікаў галасавання 9 жніўня так і не пабачылі. Таму Ганна з мужам, як і многія, вырашылі адстойваць свае галасы пасля абвяшчэння вынікаў.

Яна звяртае ўвагу, што на пратэсты выходзяць не маргіналы і п’янтосы, а звычайныя людзі, у якіх ёсць жытло, дзеці, праца, і якім ёсць, што губляць. Ганна згадвае вялікую салідарнасць людзей, якія збіраюць грошы на дапамогу звольненым, і гаворыць, што сама гатовая ахвяраваць для людзей сродкі, толькі каб яны не ішлі на здзелку з сумленнем.

– Асабліва брыдка, калі гэта настаўнікі. Мне страшна ўсведамляць, што маё дзіця будзе вучыцца ў такіх людзей.

Увечары 10 жніўня Ганна засталася дома з маленькай дачкой, а яе муж Міхаіл сустрэўся з сябрам ля «Кароны» на вуліцы Кальварыйскай у Мінску.

– Па яго словах, там было чалавек 300–400, і прыехалі ваенныя з аўтаматамі і атачылі іх. Людзей адцяснілі ў краму, яны стаялі ў шоку і не ведалі, што рабіць. Адзін з вайскоўцаў прыставіў Мішаваму сябру аўтамат да галавы. Але нехта з калег суцішыў яго.
 
Фота Міхаіла Чарняўскага з крамы «Карона», людзей узялі пад прыцэл байцы «Алмазу»

Фота Міхаіла Чарняўскага з крамы «Карона», людзей узялі пад прыцэл байцы «Алмазу»


Тут нашую размову перапыняе тэлефонны званок: Ганне тэлефануе бабуля, каб спраўдзіць, ці ўсё з ёй добра.

«Гэта нармальна, калі родныя тэлефануюць адзін аднаму і кажуць, што пачулі твой голас – і гэтага дастаткова? Ніколі не думала, што да такога дойдзе. Проста жах нейкі, як на вайне», – не стрымліваючы слёз гаворыць дзяўчына.


– Пачаўся абстрэл гумовымі кулямі і светлашумавымі гранатамі, прыехала спецтэхніка, – працягвае яна. – Я была дома і думала, што пасівею і ў мяне здарыцца разрыў сэрца, бо інфармацыі няма, інтэрнэту таксама, я толькі бачу, як едуць машыны... Зарава, нібыта ідзе бамбёжка горада. Тут хапалі людзей па дварах, а пасля дзвюх гадзін ночы пачаўся гул – па дарозе пайшоў АМАП, грукаючы па шчытах, і паехала калона спецтэхнікі.


Сям’я Чарняўскіх жыве ў доме побач з метро «Каменная Горка», і Ганна, паклаўшы дачку спаць, з акна назірала, як АМАП загнаў людзей у краму «Алмі» і там стаў затрымліваць усіх без разбору.

– Затрыманні людзей у дварах нагадвалі адлоў жывёл, калі паляўнічыя іх выпускаюць, а потым ловяць. Гэта было страшна. Наўпрост пад маімі вокнамі гучалі выбухі. У мяне прачнулася дзіця і стала запытвацца: “Мамачка, што гэта грыміць?”

Ганна Чарняўская старалася ўсё здымаць на відэа, каб засталіся сведчанні. Яна спадзяецца, што ўсе тыя, хто сёння твораць злачынствы на беларускіх вуліцах, рана ці позна будуць асуджаныя і панясуць пакаранне. Але ва ўсім гэтым мінчанка знаходзіць і пазітыўныя моманты. Напрыклад, як беларусы салідарызуюцца і дапамагаюць адзін аднаму: закупаюцца бінтамі, каб дапамагаць параненым, пакідаюць ваду, адчыняюць двары і пад’езды, каб хаваць пратэстоўцаў. І абураецца таму, як можна верыць прапагандзе з дзяржаўнага тэлебачання.

– Хіба мне заплацілі, каб я адчыняла пад’езд, дапамагала гэтым маладым хлапчукам уцякаць? А пра майдан? Ды не будзе ніякага майдану, калі ты зробіш сумленныя выбары! Нават калі пераможа Лукашэнка – я з гэтым пагаджуся і прыму, таму што гэта выбар людзей. Бо мне важна, каб мой голас не скралі. Але калі мяне на маіх вачах спрабуюць падмануць, калі ніхто з маіх знаёмых за яго не галасаваў, як я магу верыць у 80%? Гэтая лічба абсурдная.

Суразмоўца прызнаецца, што калі ў яе з’явілася дачка, свет перакуліўся, і яна стала думаць іншымі катэгорыямі: як будзе жыць яе дзіця? У сувязі з гэтым узнікаюць і думкі пра пераезд.

– З аднаго боку, хочацца ўцячы, з іншага — думаеш, чаму я павінен бегчы? Няхай бяжыць той чалавек, які давёў да гэтага краіну. Я люблю сваю краіну. Дзесьці можна знайсці лепшыя дарогі, лепшую зарплату, але нешта больш важнае застанецца тут. Таму мы хочам жыць у Беларусі, мы не хочам адсюль бегчы.

Пакуль Ганна робіць тое, што ў яе сілах, з улікам дзіцёнка на руках. Яна збірае ў сваім доме подпісы людзей, якія прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую, каб накіраваць іх у Цэнтрвыбаркам і патрабаваць сапраўдных лічбаў па сваім участку. Дзяўчына разумее, што гэта – толькі фармальны крок, але перакананая, што гэта зможа стаць сведчаннем, якое дапаможа даказаць праўду ў будучыні. Таксама Ганна распаўсюджвае інфармацыю сярод сваіх знаёмых і сваякоў, якія не могуць знайсці аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі, што
адбываюцца ў краіне. Гэта, дарэчы, можа рабіць кожны, нават той, хто не вырашаецца на адкрыты пратэст.

Відэа прадастаўлена сям’ёй Чарняўскіх

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: