Не дабрачыннасць, а роўныя правы: як у Беларусі вырашаюць праблемы людзей з інваліднасцю (фота, відэа)

Людзям з інваліднасцю не трэба шкадаванне і міласціна. Ім трэба ўключэнне ў грамадства, магчымасць удзелу ў прыняцці рашэнняў, недыскрымінацыйнае стаўленне. Гэтыя каштоўнасці і іх увасабленне паспрабавалі рэалізаваць удзельнікі кампаніі «Павестка 50», якая цягам трох гадоў ажыццяўлялася ў пяці гарадах Беларусі.

sprotyv.info

Што такое кампанія «Павестка 50»?

Беларусь стала апошняй краінай Еўропы, якая падпісала Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Да падзеі, якая адбылася ў 2015 годзе і павінна кардынальна змяніць стаўленне да людзей з інваліднасцю ў беларускім грамадстве, ішлі восем гадоў. Дакумент ратыфікавалі ў 2016 годзе, а летась быў створаны Нацыянальны план імплементацыі яе палажэнняў.

Усё гэта — важныя і патрэбныя крокі на дзяржаўным узроўні. Але для таго, каб яны былі дзейснымі, неабходна ўлічваць спецыфіку і патрэбы людзей у кожным канкрэтным рэгіёне. Гэта наўрад ці магчыма пры існуючай у Беларусі вертыкальнай сістэме ўлады, калі ўсе рашэнні прымаюцца «зверху», і потым спускаюцца «ўніз». У гэтым сэнсе кампанія «Павестка 50» — адзін з першых у нашай краіне прыкладаў таго, як пытанні лакальнага ўзроўню можа вырашаць мясцовая супольнасць.

Кампанія «Павестка 50», якая рэалізоўвалася пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, пачалася тры гады таму з даследавання гатоўнасці беларускіх гарадоў да ўвасаблення 50-ці палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Па яго выніках было адабрана пяць пілотных гарадоў: Шчучын, Столін, Бабруйск, Стоўбцы, Валожын. У іх стварылі рабочыя групы, куды ўвайшлі людзі з інваліднасцю, супрацоўнікі сацыяльных службаў, дзяржаўных органаў і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Менавіта яны заняліся распрацоўкай мясцовых стратэгій (павестак) для рэалізацыі Канвенцыі ў сваіх гарадах. Гэта дапамагло не толькі вызначыць і пачаць вырашаць найбольш актуальныя мясцовыя пытанні, але і рэалізаваць базавы прынцып Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю: «Нічога для нас без нас!».

Падрабязней пра мэты і задачы кампаніі можна паглядзець у гэтым кароткім роліку:



Як рыхтаваліся мясцовыя павесткі?

У пілотных гарадах актывістам дапамагалі беларускія і замежныя эксперты. Гэта партнёры, якія ўжо маюць досвед у вырашэнні падобных праблем. Напрыклад, арганізацыя «Еўрапейскі дом» з Даніі, дзе гэтым займаліся 20 – 30 гадоў таму. Ці фонд TUS з Польшчы, якая праходзіла падобны шлях каля васьмі гадоў назад, да таго ж тэрытарыяльна і ментальна гэтая краіна нам вельмі блізкая.

Цягам трох гадоў праводзіліся круглыя сталы па абмеркаванні праблематыкі, навучальныя семінары пра метады стварэння мясцовай павесткі, бо для большасці ўдзельнікаў гэта быў першы досвед такой працы. Затым адбыліся навучальныя візіты ў Польшчу і Данію, сесіі стратэгічнага планавання мясцовых павестак. За час кампаніі ў пяці гарадах пры дапамозе міні-грантаў Еўрасаюза ўдалося рэалізаваць сем праектаў, накіраваных на вырашэнне праблем людзей з інваліднасцю. У выніку трохгадовай працы распрацавана пяць і падпісана чатыры павесткі, якія ўяўляюць сабой джэнтэльменскія пагадненні па рэалізацыі плана дзеянняў для забеспячэння роўнасці правоў людзей з інваліднасцю.

У кожным горадзе гэты план дзеянняў свой, і ён адлюстроўвае пакрокавае вырашэнне тых ці іншых праблем. Напрыклад, для Валожына актуальнымі праблемамі з’яўляюцца адсутнасць безбар’ернага асяроддзя, дыскрымінацыя дзяцей з інваліднасцю ў школе, працадаўладкаванне людзей з інваліднасцю, недасведчанасць іх аб сваіх правах і адсутнасць рамонту сродкаў рэабілітацыі. У Шчучыне — недастатковая асветленасць далёкіх ад цэнтру вуліц, адсутнасць сацыяльнага таксі, недастатковая даступнасць будынкаў, нізкая сацыялізацыя і ўзровень працаўладкавання людзей з інваліднасцю. У Століне акцэнтавалі ўвагу на недаступнасці асяроддзя, адсутнасці магчымасці незалежнага пражывання і недастатковай кваліфікацыі сацыяльных работнікаў. Асноўнымі мэтамі мясцовай павесткі ў Стоўбцах сталі прававое інфармаванне і забеспячэнне даступнасці гарадскога асяроддзя. А ў Бабруйску спрабуюць змагацца з самаізаляцыяй людзей з інваліднасцю, распавядаюць ім пра іх правы, а таксама мяняць стаўленне да іх гараджан.

Улада прыкладае намаганні, але сістэма застаецца нягнуткай

Падчас фінальнай імпрэзы кампаніі ў Мінску, якая называлася «Форум рэгіянальнага развіцця: фокус на інваліднасць», казалі не толькі і не столькі пра яе вынікі, колькі пра выклікі, якія паўстаюць пасля таго, як праграма дайшла да заключнай кропкі, а таксама пра перспектывы. Апроч таго эксперты абмеркавалі, ці ёсць у Беларусі мясцовыя супольнасці, як пераадолець успрыманне замежнай дапамогі як дабрачыннасць з боку багатых краін, а таксама ўвасабленне праектаў рэгіянальнага развіцця. Праграма форуму ўключала ў сябе воркшопы на розныя тэмы, звязаныя з інваліднасцю: працаўладкаванне, архітэктурная даступнасць, этыкет інваліднасці і інклюзіўнасць у нефармальнай адукацыі.

Сяргей Драздоўскі

Сяргей Драздоўскі

Па словах кіраўніка Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, рэгіянальнае развіццё мае на ўвазе не толькі ргіёны Беларусі. «Беларусь — адзін з рэгіёнаў Еўропы, і мы адназначна адчуваем сябе часткай еўрапейскай цывілізацыі».

У сваю чаргу кіраўніца Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Мінску Андрэа Віктарын падкрэсліла, што каб палепшыць сітуацыю людзей з інваліднасцю, трэба пытацца пра тое, як гэта можна зрабіць, непасрэдна ў іх. Яна зазначыла, што пасля чатырох гадоў працы ў Беларусі з боку міністэрстваў сталі прыкладаюцца агульныя намаганні для таго, каб вырашаць пытанні ў гэтай сферы.

Андрэа Віктарын

Андрэа Віктарын

«Наша сумесная мэта — каб людзі з інваліднасцю мелі доступ да поўнага спектру паслугаў і магчымасць напоўніцу карыстацца сваімі правамі. Трэба адыходзіць ад дыскрымінацыі і ад таго, што людзям з інваліднасцю патрэбная дапамога, а арыентавацца на тое, што ў іх ёсць правы», — сказала Андрэа Віктарын.

Каардынатар кампаніі «Павестка 50» Міхаіл Мацкевіч нагадаў, што да праблем людзей з інваліднасцю заўсёды павінен быць індывідуальны падыход. Па яго словах, агулам кампанія ахапіла больш за 1500 чалавек. Быў распрацаваны інструментарый мясцовых павестак для рэалізацыі Канвенцыі, які можна выкарыстоўваць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Апроч таго ўдзельнікі кампаніі атрымалі новыя веды, навыкі, каштоўнасці, выраслі ў прафесійным плане і займелі досвед каманднай працы па вырашэнні лакальных праблем.

Міхаіл Мацкевіч

Міхаіл Мацкевіч

«Дзякуючы кампаніі я змог паездзіць па розных гарадах і зразумець, што нягледзячы на тое, што людзі жывуць у адной краіне, яны па-рознаму гавораць пра свае праблемы, у іх розныя ўзаемаадносіны ўнутры гарадоў, яны па-рознаму адчуваюць і бачаць шляхі развіцця і рашэнні праблем, — распавёў Міхаіл Мацкевіч. — Падчас кампаніі ў удзельнікаў выпрацаваліся каштоўнасці: цяпер мы не хочам казаць пра дабрачыннасць (у адносінах да людзей з інваліднасцю. — НЧ). Мы хочам казаць пра роўныя правы».

Безумоўна, не ўсё ў кампаніі ішло так ідэальна, як хацелася б. На думку каардынатара кампаніі, асноўныя сладанасці ўзнікалі праз тое, што ў Беларусі яшчэ не сфармаваліся мясцовыя супольнасці, няма ўсведамлення адказнасці за тое месца, дзе мы жывем. Таксама ў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый няма рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю ў рэгіёне, а мясцовыя ўлады не да канца разумеюць прынцыпы працы недзяржаўных арганізацый і іх прапановы.

«Хутчэй, было чаканне, што мы — мяшок з грашыма. Але справа ж не ў грошах, а ў змене палітыкі і фармаванні культуры (вырашэння праблем.— НЧ)», — зазначыў Міхаіл Мацкевіч.

На яго думку, беларуская сістэма ўлады нягнуткая для такога метаду планавання, які прадугледжваюць мясцовыя павесткі. Таму і ўцягнутасць іх у кампанію не была моцнай.

Аксана Шэлест

Аксана Шэлест

Тым не менш удзельнікі ацэньваюць кампанію як паспяховую і адзначаюць, што галоўным для іх быў той досвед, які яны атрымалі падчас працы. Ён дапаможа ім далей самастойна, па-за межамі кампаніі, працаваць над паляпшэннем якасці жыцця людзей з інваліднасцю і вырашаць многія іншыя пытанні ў сваіх рэгіёнах. А на думку сацыёлага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Аксаны Шэлест, якая даследавала эфекты кампаніі «Павестка 50», галоўным яе вынікам з'яўляецца запуск працэсаў лакальнага планавання, якія рэалізуюць Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Гэты вынік не дасягальны ні сёння, ні заўтра, але без арыентацыі на яго немагчыма прыйсці да істотных зменаў.

Такія дапаможнікі можна выкарыстоўваць для рэалізацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю на мясцовым узроўні

Такія дапаможнікі можна выкарыстоўваць для рэалізацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю на мясцовым узроўні







Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!