Не ходяць у тэатры і кафэ, маюць праблемы з працай. Што беларусы думаюць пра людзей з інваліднасцю?

У Мінску прадставілі вынікі даследавання дынамікі грамадскага меркавання па аспектах інваліднасці ў перыяд ратыфікацыі Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю.
Нацыянальнае апытанне праводзіла незалежная даследчыцкая арганізацыя ТАА «Кампанія Канвект». Даследаванне праходзіла ў кастрычніку 2019 года, пра гэтым спецыялісты стараліся прытрымлівацца максімальна аднолькавай метадалогіі з аналагічным апытаннем 2012 года, каб можна было супаставіць вынікі. Даследчыкі звяртаюць увагу, што ацэнка атрымалася досыць суб’ектыўная, паколькі грунтуецца на чаканнях і бачанні людзей.

Канвенцыя ААН аб правах людзей з інваліднасцю мае вялікае значэнне не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету, таму што яна карэнным чынам змяняе парадыгму інваліднасці і ставіць жорсткія рамкі для дзяржавы на шляху да гэтага. Калі раней у грамадстве панавала сацыяльнае ўспрыманне інваліднасці, то цяпер, паводле Канвенцыі, яно заснаванае на правах чалавека. Праблема інваліднасці — гэта не толькі пытанні парушэння здароўя і бар’ераў у грамадстве, а перадусім таго, наколькі кожны чалавек можа рэалізаваць свае правы.

Аўтары даследвання прызнаюць, што апытанні носяць досыць агульны характар, але ў іх адлюстраваныя асноўныя сферы жыцця: адукацыя, працаўладкаванне, культура, грамадскае жыццё, даступнасць.

Вынікі даследавання прэзентаваў Вячаслаў Туміловіч, дырэктар ТАА «Кампанія Канвект». Ён зазначыў, што апытанне праводзілася з выбаркай у больш за 1000 рэспандэнтаў, даследчыкі імкнуліся адлюстраваць у ім усе слаі насельніцтва краіны. Апытанне праводзілі праз мабільныя тэлефоны, праўда, сем гадоў таму такой магчымасці не было, таму людзей апыталі праз стацыянарныя тэлефоны.

Самыя лепшыя вынікі паказала сфера адукацыі. Як сведчаць лічбы, за сем гадоў яны каласальна зрушыліся ў лепшы бок: удвая больш рэспандэнтаў лічаць, што сумеснае школьнае навучанне дзяцей з інваліднасцю і без хутчэй карысным (так адказалі больш за 60% рэспандэнтаў).


Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі пацвярджае: за апошнія гады Інстытут інклюзіўнай адукацыі правёў больш за 400 семінараў, праз якія прайшло больш за 7000 спецыялістаў і бацькоў дзяцей з інваліднасцю. Гэтая праца прынесла вялікі плён. Праўда, рэспандэнты не заўжды адрознваюць паняцці інклюзіі і інтэграцыі ў адукацыйнай сферы.

«Гэта, хутчэй, не адмысловыя веды ў адукацыйным працэсе, а настроі людзей», — зазначае Сяргей Драздоўскі.

Наступны станоўчы зрух тычыцца пытання інфармаванасці насельніцтва пра Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю. У 2012 годзе пра яе чулі 28%, у 2019 — ужо 36%.

У сферы працы даследчыкі атрымалі неадназначныя лічбы. Так, у цэлым змяніўся ўзровень ведання пра тое, ці ёсць людзі з інваліднасцю на прадпрыемствах, а рэальнага прыросту ўладкавання такіх людзей на працу няма.

Па меркаванні рэспандэнтаў, верагоднасць сустрэць асоб з інваліднасцю ў грамадскіх месцах пайшла на спад. Тут назіраецца парадокс: інфармаванасць пра такіх людзей за апошні час узмацнілася, але іх бачнасць у грамадскай прасторы не паляпшаецца. На думку апытаных, часцей за ўсё іх можна сустрэць па месцы працы/вучобы і на вуліцы. Амаль немагчыма — у кафэ, рэстаранах, музеях і тэатрах. Тут можна меркаваць, што на апытанні сказалася розніца ў ладзе жыцця горада і вёскі: у сельскай мясцовасці звычайна няма ці вельмі мала тэатраў, музеяў і рэстаранаў. Сяргей Драздоўскі тлумачыць разбежку ў лічбах яшчэ і тым, што людзі, чуючы аб палітыцы дзяржавы ў галіне інваліднасці, чакаюць часцей бачыць іх у сваім асяроддзі.



«Важна, што гаворка ідзе пра бачную форму інваліднасці, а большасць інваліднасцяў маюць нябачныя формы. Іх даследаванне адлюстраваць не можа. Мы можам толькі зафіксаваць, што тут змяшчаецца процьма праблем, з якімі трэба разбірацца», — зазначае дырэктар Офіса.

З папярэдняга пытання выцякае і наступнае: як рэспандэнты ацэньваюць забяспечансць безбар’ернага асяроддзя ў іх населеным пункце. У параўнанні з 2012 годам, у гэтым плане амаль нічога не змянілася: у большасці выпадкаў людзі лічаць, што асяроддзе не прыстасаванае для камфортнага жыцця для людзей з інваліднасцю.


«Узнікае пытанне: так шмат робіцца ў гэтым плане, а мы атрымліваем негатыўны вынік. Але ў даследаванні адлюстраваная суб’ектыўная ацэнка людзей, якая залежыць ад тэмпу і характару іх жыцця. Калі мы нават робім вялікую працу па забеспячэнні даступнасці, яна не паспявае за тэмпам жыцця. Тэмпы забеспячэння даступнасці не адпавядаюць чаканням людзей», — тлумачыць Сяргей Драздоўскі.

Даследчыкі вывучылі і тое, наколькі распаўсюджаныя ў грамадстве стэрэатыпы пра людзей з інваліднасцю. Часцей за ўсё сустракаюцца меркаванні, што людзі з інваліднасцю скардзяцца на жыццё, а таксама што няма ніякага даступнага асяроддзя. Звычайна людзі без інваліднасці не цікавяцца гэтай тэмай і не ведаюць, якая праца вядзецца, паколькі гэта іх не тычыцца. І таму часта даследчыкі атрымлівалі адмовы ў адказах.
Апроч таго насельніцтва працягвае думаць, што людзі з інваліднасцю маюць патрэбу ў пастаянным клопаце дзяржавы і грамадства. Досыць трывалым застаецца стэратып пра тое, што чалавек з інваліднасцю не здольны выконваць тую ж працу, што і без інваліднасці.



СМІ таксама працягваюць трансляваць стэрэатыпы. І гэта нягледзячы на тое,што ў краіне з’явілася інфармацыйная палітыка ў адносінах да людзей з інваліднасцю і што Нацыянальны план дзеянняў па імплементацыі Канвенцыі ўключыў цэлы раздзел па працы з бар’ерамі ў стаўленні да іх.

«Мы можам ствараць выдатнае безбар'ернае асяроддзе, але ўсё роўна не ўбачым людзей з інваліднасцю, таму што яны будуць баяцца сутыкнуцца з негатыўным стаўленнем да сябе ў грамадстве», — кажа Сяргей Драздоўскі.

Людзі з інваліднасцю часцей сутыкаюцца са складанасцямі ў працаўладкаванні, матэрыяльнымі цяжкасцямі. Але значна менш яны сустракаюцца з ізаляванасцю ад культурнага жыцця, складанасцямі ў атрыманні адукацыі і няроўным стаўленнем, лічаць рэспандэнты. Але пры гэтым захоўваецца ўстойлівае меркаванне пра маргінальны стан людзей з інваліднасцю. Ацэньваецца, што ім больш складана атрымаць адукацыю, працу, захоўваецца іх ізаляванасць. Важна, каб асобы, якія прымаюць рашэнні, улічвалі гэтыя тэндэнцыі.
Магчымасці на рынку працы для людзей з інваліднасцю, сапраўды, прасоўваюцца марудна. Дзяржаўныя меры ў гэтым пытанні ўжо амаль вычарпалі свае рэсурсы. Праблема ў тым, што ўзаемадзеянні ў працоўнай сферы мяняюцца, а мы працягваем існаваць у парадыгме, якая засталася з савецкіх часоў, мяркуе Сяргей Драздоўскі. Мы маем значны пакет сацыльных гарантый для людзей з інваліднасцю, але разам з тым растуць страхі наймальніка наконт таго, ці варта браць такіх людзей на працу.


«Ёсць вялікі дысбаланс у тым, што ствараюцца станоўчыя меры для садзеяння працаўладкаванню, але дзяржава і грамадства амаль нічога не робяць дял таго, каб забараніць дыскрымінацыю», — прыводзіць прыклад кіраўнік Офіса.

Пры гэтым у нас крайне слаба развіты рынак паслуг для садзейнічання занятасці асоб з інваліднасцю. Зазвычай яны працуюць на менш кваліфікаваных пасадах, робяць менш значнуюю працу і атрымліваюць меншую зарплату, чым людзі без інваліднасці.

Па словах Сяргея Драздоўскага, праца грамадскага сектара ў сферы інваліднасці часцей за ўсё зводзіцца да рэагавання на нейкія гарачыя сітуацыі. У гэтым сектары крайне мала арганізацый, якія займаюцца вырашэннем праблем людзей з інваліднасцю, і ім даводзіцца існаваць у кантэксце дзяржаўнай палітыкі, якая часцей за ўсё накіраваная на развіццё дзяржаўнасці, чым на абарону правоў чалавека. Таму кіраўнік Офіса разлічвае, што даследаванне стане нагодай для разважанняў і зменаў у сферы інваліднасці.

Беларусь рыхтавалася да падпісання Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю восем гадоў, і зрабіла гэта ў 2015 годзе, стаўшы апошняй краінай у Еўропе, якая далучылася да міжнароднага дакумента. Пры гэтым мы хутчэй за ўсіх нашых суседзяў ратыфікавалі яго і пачалі планаванне імплементацыі. Як ужо згадвалася, быў створаны Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі нормаў Канвенцыі, летась мы хутчэй за суседзяў прыступілі да планавання рэфармавання нормаў заканадаўства. Апроч таго дзяржава досыць адказна падыйшла да падрыхтоўкі першай нацыянальнай справаздачы па выкананні Канвенцыі за два гады.

«Саўміну пастаўленая задача распрацаваць новую стратэгію сацыялізацыі людзей з інваліднасцю — гэта абсалютна новая задача, — зазначае Сяргей Драздоўскі. — У той жа час у парламенце ляжыць праект закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», але ён не ўключыў значную частку прапаноў з боку грамадзянскай супольнасці, якая вельмі актыўна спрабавала ўплываць на законапраектную дзейнасць. У прыватнасці, артыкул пра забарону дыскрымінацыі, які з’яўляецца ключавым у Канвенцыі, застаўся ў абсалютна ўрэзаным і дэкларатыўным выглядзе, у якім ён не будзе працаваць. Таксама законапраект не ўлічвае спецыфіку людзей з псіхічнымі парушэннямі».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!