«Не магу падманваць дзяцей, што ІТ-спецыялісты патрэбныя ў Беларусі»

Некалькі дзён таму педагог Вілейскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Вольга Шостак звольнілася з працы.

— Пра звальненне я задумалася даўно. Месяц была ў адпачынку за свой кошт, бо не магла падманваць дзяцей і калег, казаць, што ў нас усё добра, гледзячы на тое, колькі вакол гвалту і хлусні.

Як я магу казаць дзецям пра тое, што ІТ-спецыялісты патрэбныя ў нашай краіне, калі ў святле апошніх падзей ІТ-кампаніі з’язджаюць з Беларусі?

Не магу казаць пра тое, што ў беларускім грамадстве цэняць камунікацыі, камунікабельнасць, крытычнае мысленне. Бо многія з тых людзей, якія валодаюць крытычным мысленнем і гатовыя адстойваць сваю пазіцыю, сёння за кратамі.

Я сыходжу, нягледзячы на тое, што нядаўна ў Цэнтры з’явіўся сучасны камп’ютарны клас, які я разам з калегамі вельмі доўга чакала і які мы атрымалі дзякуючы спонсарам.

Вольга адзначае, што рашэнне звольніцца далося нялёгка. Тут любімы калектыў і любімая праца, на якой яна — ад 2003 года.

— Апошняй кропляй стаў прыход да мяне дамоў работнікаў УУС, калі я была на працы. Мой малодшы сын адчыніў ім дзверы і вельмі спалохаўся. Лепш пакуль пабыць дома, каб дзіця было ў бяспецы.

За гады працы Вольга стварыла праект «Планета навуковых цудаў», шмат зрабіла для развіцця стэм-адукацыі ў Вілейцы. Яна сама і яе вучні маюць рэспубліканскія і міжнародныя ўзнагароды за навуковую дзейнасць.

Сёлета, 7 верасня, Вілейскі раённы суд прызнаў Вольгу вінаватай па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і прысудзіў ёй штраф — 20 базавых. Вольга вінаватай сябе не лічыць.

«Рэгіянальная Газета»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: