«Не па загадзе, а ад душы»: у Віцебску заснавалі парк імя Петруся Броўкі

 Гэтага парку афіцыйна няма: ён не пазначаны на мапе гораду. Але валанцёры грамадскай ініцыятывы «Самасад» ужо трэці раз садзяць дрэвы на пустцы ўздоўж вуліцы Петруся Броўкі.
Калі гэтую справу толькі пачыналі, пустка не мела аніякай назвы. Сёлета вырашылі: а няхай гэта будзе парк. Як распавёў Ілля Піцкалёў, адзін з удзельнікаў ініцыятывы, назву парку прыдумалі супольна.

– Пакуль ён без афіцыйнай назвы, але вуліца імя Петруся Броўкі непадалёк, таму і прапанавалі такі варыянт. Назва добрая! На гэтым участку дрэвы садзілі і раней, у 2014-2015 гадах. Зараз вырашылі працягваць, бо не ўсё прыжылося. Ну, і трэба прывесці ў парадак тое, што ўжо пасаджана. Саджанцы нагадаваныя на прыватных падворках, мы іх выкопваем і прывозім. Гэта явар, ясень, клён і вярба – для балоцістай мясцовасці.

Дрэвы тут прыжываюцца цяжка, бо не дужа спрыяльная глеба. Але найбольшая небяспека для маладык саджанцаў – гэта работнікі ЖКГ. Яны косяць траву трымерамі і падразаюць дрэўцы, кажа ўдзельнік «Самасаду» Андрэй Маслёнак.

Тут балоты, таму, можа, не прыжываюцца дрэвы. А галоўнае, хацелася б, каб быў дагляд. Каб ужо людзі з трымерамі накіраваліся кудысь на больш патрэбныя працы. І не касілі ўсю траву. Бо ў нас – барацьба з травой. Не любяць у нас траву, голае поле чамусьці больш падабаецца! Прыходзяць людзі, у іх загад. Ты кажаш: не касі тут, не трэба, хаця б трымерам ствалы не пашкодзьце! А ён адказвае: мяне начальства дакарае, калі плямка травы застаецца… Карацей, калі па загадзе, а не ад душы, то яно так і атрымліваецца.

Якраз цераз дарогу адбывалася пасадка дрэваў па загадзе. У Парку тысячагоддзя Віцебску праходзіў афіцыйны суботнік з удзелам старшыні аблвыканкаму ды іншага начальства. Адпрацаваўшы роўна 2 гадзіны і папазіраваўшы дзяржаўнаму тэлебачанню, удзельнікі суботніка з’ехалі на службовых аўтобусах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!