Надзея на «добрага цара» зноў аказалася марнай. «Ён нас не пачуў» — у роспачы абураюцца жанчыны, якія паставілі на кон сваё здароўе ў гэтым змаганні. Хочацца ўсклікнуць: а калі і каго ён «чуў»?


Ужо больш за тыдзень чытачы незалежных медыя сочаць за галадоўкай удзельніц «Матчынага руху 328». Больш за дзясятак жанчын з розных гарадоў галадаюць 11-ы дзень, патрабуючы хто перагляду прысудаў, хто сустрэчы з Генеральным пракурорам, а хто — сустрэчы з Лукашэнкам.

У нейкі момант гэтая гісторыя і метад змагання, абраны жанчынамі, пачалі выклікаць асцярожную надзею: Наталля Качанава прыняла галадоўшчыц у Адміністрацыі прэзідэнта, а законапраект аб змякчэнні адказнасці спажыўцам кантраляваных рэчываў абяцаюць разгледзець ужо ў студзені. Падавалася — Лукашэнка даведаецца пра галадоўку і, суворы да апазіцыянераў і «пятай калоны», пранікнецца праблемамі простых жанчын — тым больш, што тыя дэманстратыўна дыстанцыяваліся ад палітыкі.

Але ўжо сёння гэтыя надзеі былі зруйнаваныя на карані. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб недапушчальнасці паслаблення адказнасці за распаўсюд наркотыкаў (менавіта за гэта і былі асуджаныя дзеці актывістаў «Матчынага руху 328»), а галадоўшчыц абвінаваціў у тым, што яны «аказваюць ціск на суд» (можна падумаць, суддзі дрэнна спяць ад таго, што жанчыны забіваюць уласны арганізм) і сказаў што гэта «недапушчальна».

«Ён нас не пачуў» — у роспачы абураюцца жанчыны, якія паставілі на кон сваё здароўе ў гэтым змаганні.

Не пачуў... З эмацыйнага боку хочацца ўсклікнуць: а калі і каго ён «чуў»? Адзінае, што выразна пачуў Лукашэнка — гэта сігнал аб апалітычнасці і лаяльнасці пратэстоўшчыц. Сігнал аб тым, што яны прызнаюць яго ў праве вырашаць лёс іх дзяцей. Галадоўшчыцы выдатна разумеюць, што ні Канюк, ні Сукала не ў стане вырашыць пытанне аб артыкуле 328 — яно палітычнае, як робіцца палітычным любое пытанне, па якім Лукашэнка выразна акрэсліў сваю пазіцыю.

Вера ў «добрага цара» гэта тое, аб што адвеку спатыкаліся многія рухі і аб'яднанні людзей, што спрабавалі дагрукацца да ўлады. Гэта суддзі і пракуроры злыя і бяздушныя — калі б Лукашэнка ведаў, ён бы гэтага не дапусціў. Гэта Сукала і Канюк скрываюць праўду — Лукашэнка выправіць усё, як толькі яго паставяць у курс. І маці ў роспачы ідуць у АП як у апошнюю інстанцыю, за справядлівасцю.

І вось, апынулася, што Лукашэнка якраз у курсе. І пра жанчын, якія ледзь не губляюць прытомнасць, і пра хлапцоў-дзяўчат, якія ў свае 18 год атрымліваюць па 10-15 год калоніі. І адказ такі, як і заўжды: «узмацніць», «не дапусціць» — і абвінавачванні на адрас незадаволеных.
 
Але не такія далёкія іншыя прыклады. Увесну 2017-га пачуў? Безумоўна. Бо тысячы людзей, якія ніколі не выходзілі на вуліцы, выйшлі з лозунгам «Лукашэнка, сыходзь!» — і зразумеў, што лягчэй адмяніць дэкрэт, чым сысці. Калі акцыя «Стоп-Бензін» у 2012-м некалькі разоў перакрывала цэнтральны праспект — пачуў і панізіў цэны на паліва, бо зразумеў — у адваротным выпадку цана для ягонай улады можа апынуцца занадта дарагой.

А жанчын — якія наносяць шкоду сабе і свайму здароўю — не пачуў. І не пачуе ніколі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: