«Мы маем агрэсіўнага суседа, таму армія нам патрэбна». Якім мусіць быць войска новай Беларусі?

Армія павінна быць іншай. Яна магла б не псаваць жыццё маладым людзям, а станавіцца сацыяльным ліфтам для тых, каму ў жыцці пашанцавала менш, чым астатнім. Ёсць тры варыянты рэформаў войска: радыкальны, нармальны, і мінімальны.
Летась мы выйшлі і голасна заявілі, што хочам перамен. Але ці задумваліся мы па-сапраўднаму, якія перамены нам патрэбныя? Ці аналізавалі, што трэба змяніць у розных сферах нашага жыцця? «Новы Час» запускае серыю артыкулаў, у якіх разам з лідарамі думак паспрабуе вызначыць, якой павінна быць новая Беларусь.

У першым выпуску мы папрасілі нашых суразмоўцаў — вайсковага аглядальніка Ягора Лебядка, журналіста Сяргея Ваганава, актывіста Аляксея Лазарава і выкладчыцу і пісьменніцу Ганну Севярынец паразважаць на тэму войска. Ці патрэбна новай Беларусі армія? Ад каго яна павінна бараніць і ў якім выглядзе можа існаваць?

Ягор Лебядок: Рэформы будуць магчымыя, калі адбудзецца асэнсаванне сябе як нацыі

Войскі павінны быць у любой паўнавартаснай краіне. Разлічваць у забеспячэнні сваёй бяспекі на кагосьці ў стратэгічнай перспектыве — гэта няправільнае рашэнне. Цягам усёй нашай гісторыі па нас «хадзілі» ўсе, каму не лянотна, і гэтую сітуацыю трэба выпраўляць. А зрабіць гэта можна, калі развіваць сваю абароназдольнасць. Вядома, войскі павінны быць сучаснымі і ўключаць не толькі баявую кампаненту, але і кібераперацыі, і рабатызаваныя сістэмы, і інфармацыйна-тэхналагічнае супрацьборства.

Цяперашняе наша войска спраўляецца з задачай кааліцыйнай абароны «Беларусь — Расія», ці, яшчэ шырэй, АДКБ. У сваім колькасным і структурным складзе яно разлічана на абарону ад знешняга ворага — НАТА. Але яно не заточана на індывідуальную абарону Беларусі і ўключае толькі заходні вектар, не разглядаючы ўсходні. Абарона павінна базавацца, сыходзячы з канкрэтных мэтаў: ваенна-палітычных, эканамічных, інфармацыйных і інш., плюс з улікам наяўных рэсурсаў.
Цяперашняя змяшаная кантрактна-прызыўная сістэма — нармальны варыянт, які павінен захоўвацца бліжэйшыя гадоў 25. Ад прызыву нам ні ў якім разе адмаўляцца нельга, бо не набярэцца неабходнай колькасці салдат. Больш за тое, у рамках нашай дзяржавы, як бы пафасна гэта ні гучала, абарона павінна мець народны характар, як у той жа Швейцарыі ці Латвіі. То-бок, апроч арміі, павінен быць гатовы рэзерв. На яго фарміраванне і накіраваны прызыў. Але як рыхтаваць гэты рэзерв, колькі часу — гэта ўжо іншае пытанне, якое патрабуе дэтальных разлікаў. Можна пашыраць падрыхтоўку рэзерва і іншымі шляхамі, напрыклад, існуе служба рэзервістаў, навучанне на ваенных кафедрах. Але гэта павінна быць не фармальным, як адбываецца ў нас у большасці выпадкаў, а рэальна-прыкладным.

Я праціўнік альтэрнатыўнай службы ў тым выглядзе, у якім яна цяпер ёсць, бо гэта не мае ніякіх адносінаў да службы, гэта проста працоўная павіннасць. У нас па Канстытуцыі свяшчэнным абавязкам з’яўляецца абарона Радзімы, на гэта і павінна быць накіраваная альтэрнатыўная служба. Калі нехта не жадае па рэлігійных перакананнях абыходзіцца з боепрыпасамі — калі ласка, ёсць шмат абавязкаў, дзе наўпрост з гэтым не сутыкнешся. Можна быць санітарам у шпіталі, пячы хлеб, нават праводзіць пахаванні, выпраўляць у апошні шлях салдат і афіцэраў — на гэта ўсё патрэбныя людзі. Гэта служба ва Узброеных сілах, не звязаная з забойствам людзей, і туды трэба накіроўваць «альтэрнатыўшчыкаў».

Найперш у новай арміі трэба будзе збольшага мяняць кіраўніцтва, бо, на жаль, часта кіруючыя пасады займаюць паводле лаяльнасці, а не прафесійных якасцяў. Увогуле, любыя рэформы арміі будуць магчымыя толькі тады, калі ў беларусаў адбудзецца асэнсаванне сябе як нацыі. Вядома, у войску павінна быць ідэалогія, але яна павінна грунтавацца на нацыянальным падмурку, а не савецкім, як цяпер. Але гэта працэс не аднаго года.

Сяргей Ваганаў: Армія ў новай Беларусі — гэта армія свабодных людзей

Я не адмысловец у вайсковай справе. Мой уласны досвед у дачыненнях да войска абмежаваны вызваленнем ад службы па прычыне «арлінага» зроку — так званым «белым білетам», і, пакуль гэтага не адбылося, годам засваення артылерыйскай навукі на спецкафедры, якая рыхтавала са студэнтаў БДУ, у маім выпадку гістфака, будучых афіцэраў. Гэта быў 1958 год, калі тых, хто адслужыў у войску, залічалі ў ВНУ ў першачарговым парадку. Амаль усе мае аднакурснікі хадзілі ў гімнасцёрках і марскіх бушлатах. Не дзіва, што пэўны час яны ставіліся да мяне, учорашняга школьніка, як да «салагі», вымушаючы на палігоне рабіць самую цяжкую працу — цягаць станіны ад гаўбіцы... І ўвогуле ўсяляк прыніжалі «інтэлігента-акулярыка»...

Чаму я ўзгадаў гэты момант сваёй біяграфіі? Таму, што ўпершыню пахіснуўся вобраз войска, створаны савецкімі кнігамі і фільмамі, распаўсюджаным уяўленнем, што менавіта войска робіць з «салагаў» сапраўдных мужчын. Мо ўпершыню — не, яшчэ не зразумеў, толькі адчуў, што войска, якім яно было ў СССР, не проста робіць з чалавека паднявольнага выканаўцу загадаў, а прывучвае нібыта да натуральнасці вайсковай канструкцыі для ўсяго грамадскага ладу. Чалавек у такой канструкцыі не стваральнік дзяржавы, а яе ўласнасць, з якой можна рабіць што заўгодна. Вайсковец найперш...
Такім чынам, разважаючы пра тое, якой бачу армію ў новай Беларусі, я сыходжу з першаснага крытэрыю — гэта армія свабодных людзей, неабходнай перадумовай чаго з'яўляецца свядомы выбар вайсковай прафесіі. Адпаведна, войска павінна фарміравацца цалкам па кантрактнай сістэме.

Уся сістэма ўзаемадачыненняў у войску павінна быць беларускамоўнай. «Смирно!», «Налево!», «Шагом марш!» і гэтак далей павінны назаўжды знікнуць з вайсковага лексікона, саступіўшы месца камандам на роднай мове. Тое ж тычыцца дакументацыі. Зрэшты, гэта адбудзецца натуральным шляхам, калі, спадзяюся, беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай.

Ну а сама армія — колькасць, узбраенне, структура, дыслакацыя і г.д., павінна стварацца з улікам гістарычнага досведу, геаграфіі, месца Беларусі ў геапалітычных варунках і яе безумоўнага нейтралітэту.

Спадзяюся, што ў будучым, пажадана недалёкім, Беларусь будзе сапраўды нейтральнай дзяржавай, а геапалітычны расклад — спрыяльным для мірнага жыцця і развіцця. Калі так, дык дастаткова будзе мець вайсковыя фармаванні для ліквідацыі наступстваў магчымых НС і падтрымання парадку на межах.

А пакуль...

ПЕЧЫ
(Памяці Сашы Коржыча)

Цяпер не ўстаць мне, ані легчы…
Адно ўзляцець, нібы анёл.
Мяне спалілі вашы Печы.
Цяпер я сорам ваш і боль…
І з вышыні, з нябёсаў зорных,
Гляджу, як тлусты чорны дым
Паўзе ад Печаў тых «узорных»
Жалобай не па мне адным.
Ды нас тут столькі, што я нават
Пералічыць ўсіх не памкнусь…
Навошта ж ты нас нараджала,
Айчына наша, Беларусь?!
І тым апошнім летнім ранкам,
У росны салаўіны час
Навошта нашы маці з ганку
У войска выпраўлялі нас?
Ды дзе ж, скажыце, тое войска,
Ў якім так хочацца служыць?
Пасля якога з ласкі Боскай
Ты вернешся кахаць і жыць?
Жыццё, калі наўкол «шакалы»,
Нібы хаджэнне па лязу...
Хай прэзідэнт і генералы
Льюць кракадзілаву слязу,
Я не вярнуся з высяў зорных,
Хоць сэрцам да матулі мкнусь.
Дыміць Пячамі крэматорый —
Дзяржава з назвай Беларусь.
15. 10. 2017 г.

Аляксей Лазараў: Салдату на месяц выдаюць рулон туалетнай паперы, яна сканчаецца і пачынаецца крадзеж

Маладыя людзі баяцца аддаваць частку сваёй маладосці службе ў войску. У свой час мы ў «Моладзевым Блоку» праводзілі анлайн-даследаванне страхаў будучых прызыўнікоў адносна арміі. Больш за ўсё хлопцы баяцца дзедаўшчыны (на самай справе яе ў войску стала менш), дрэнных умоў жыцця, доўгага тэрміну службы, амаль поўнай адсутнасці ваеннай падрыхтоўкі (тут моцна залежыць ад падраздзялення, але так, усю службу можна правесці з венікам і рыдлёўкай), забароны на выкарыстанне смартфонаў і ноўтбукаў (што дурата ў 21 стагоддзі), малой колькасці выходных, нізкага грашовага забеспячэння і савецкай ідэолагі. Магу пацвердзіць, што ўсе гэтыя страхі абгрунтаваныя ў той ці іншай ступені.
Усе гэтыя праблемы носяць сістэмны характар, і для іх рашэння ў Беларусі будучыні давядзецца праводзіць глабальныя рэформы. Падліў алею ў агонь і той самы закон аб адтэрміноўцы, які не дае студэнтам атрымаць ступень магістра без праходжання службы ў войску. Што атрымліваецца ў выніку? Вельмі невялікі адсотак рабят сапраўды хочуць патрапіць у войска, астатнія аказваюцца там сілком. Ці ёсць у іх матывацыя навучацца вайсковай справе? Няма. Большасць рабят у арміі — дзеці не з самых багатых сем'яў, іх аднагодкі, якім пашанцавала нарадзіцца ў лепшых умовах, атрымліваюць перавагу, бо маюць больш магчымасцяў «адкасіць» (спосабы заўсёды знойдуцца, былі б рэсурсы). Тым часам армія забірае ў менш шчаслівых рабят магчымасць вучыцца, атрымліваць досвед працы, шукаць сваё месца ў жыцці. Усё ж такі год-паўтара — гэта вельмі шмат для маладога чалавека, у якога ў гэты час як раз актыўней за ўсё фармуецца асоба.

Армія павінна быць іншай. Яна магла б не псаваць жыццё маладым людзям, а станавіцца сацыяльным ліфтам для тых, каму ў жыцці пашанцавала менш, чым астатнім. Я бачу 3 варыянты рэформаў войска: радыкальны, нармальны, і мінімальны.

Пачну з радыкальнага. Я з'яўляюся праціўнікам манаполіі дзяржавы на гвалт. Мы ў прамым эфіры назіраем, як дзякуючы гэтай самай манаполіі ў Беларусі праводзяцца поўнамаштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Ці можна забраць у дзяржавы гэтую манаполію? Можна, для гэтага нам неабходна (але не дастаткова) мець прыватнае войска. Але сумняваюся, што грамадзянскай супольнасці хопіць палітычнай волі для такіх радыкальных зменаў.
Нармальным варыянтам я лічу знішчэнне прызыўной арміі і пабудову арміі кантрактнай. Сучасная кантрактная армія, якая набірае матываваных спецыялістаў, выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі, больш эфектыўная за прызыўную. У ёй людзі не праядаюць ваенны бюджэт, не хаваюцца ад працы за вуглом казармы. Усё ж салдат, які хоча пабудаваць кар'еру ў арміі, будзе ў разы мацней матываваны вывучаць сваё ўзбраенне, падтрымліваць фізічную форму і г.д. Пры гэтым тыя, хто не зацікаўлены ў службе, нашмат больш карысці прынясуць на «грамадзянцы» — моцная эканоміка неабходная для сучаснага тэхнічнага забеспячэння арміі.

Ну і мінімальны варыянт — рэфармаваць існуючую сістэму (хоць не факт, што гэта будзе танней, чым перайсці на кантрактную). Для таго, каб прызыўнікі не асацыявалі службу з турэмным зняволеннем, варта зрабіць войска менш падобным на турму. Армія не павінна быць чорнай скрынкай, у якой чалавек прападае на 1,5 года. Цалкам магчыма дазволіць людзям карыстацца смартфонамі і ноўтбукамі ў вольны час, даць магчымасць аддалена вучыцца, мець зносіны з блізкімі праз сацсеткі. Сур'ёзна, стрымінг цікавых момантаў службы ў Інстаграм цалкам можа зрабіць нядрэнную рэкламу для ўзброеных сілаў, а апублічванне праблемных момантаў дапаможа іх выпраўляць.

Абавязкова трэба паляпшаць умовы жыцця ў казармах і матэрыяльнае забеспячэнне. У войску салдату на месяц выдаюць адзін рулон туалетнай паперы, яна сканчаецца і пачынаецца крадзеж. І такіх момантаў шмат. А пра магчымасць памыцца ў гарачай вадзе толькі адзін раз на тыдзень нават казаць сорамна.

Грашовае забеспячэнне таксама трэба павялічваць. Раз ужо салдаты сілком аказваюцца ў месцы, у якім не хочуць быць, павінны атрымліваць хоць нейкую адэкватную грашовую кампенсацыю. У ідэале, пасля службы, малады чалавек павінен мець нейкія назапашванні, за якія можна будзе пачаць вучобу ў ВНУ, зняць кватэру і г.д.
Тэрмін службы трэба скарачаць, больш часу аддаць на навучанне і атрыманне насычанага вопыту. Нам патрэбныя ваяры або дворнікі? Гаспадарчыя працы трэба аддаць грамадзянскім рабочым, тэрмінавікі павінны вучыцца ваяваць, а не касіць траву ці збіраць ураджай. Тэрмін службы цалкам можна паменшыць да паўгода, але пры гэтым запоўніць гэты час сапраўды важнымі для салдата рэчамі — тактыкай, агнявой падрыхтоўкай, выездамі на палігон.

Ну і, вядома, трэба даваць вайскоўцам больш выходных. На самай справе цалкам можна адпускаць рабят на выходныя кожныя два тыдні, афіцэры не павінны несці адказнасць за салдат, якія парушаюць што-небудзь падчас выхадных — усе хлопцы дарослыя, і могуць самі несці за сябе адказнасць.

Яшчэ дзіўны момант, што ў войска можна толькі з 18, хоць школу некаторыя сканчаюць у 17, і вымушаныя чакаць год, нават калі і хочуць служыць.

Ну і варта правесці дэсаветызацыю арміі, у штабе патрэбныя партрэты нацыянальных герояў, а не ўсялякіх Суворава і Кутузава. Час ужо прыбраць з бляхі серп і молат, а з шапкі — савецкую зорку. Усё ж жывем у Беларусі. Таксама варта падумаць над стварэннем беларускамоўных падраздзяленняў.

І апошняе: наяўнасць праваабаронцаў абавязковая ў арміі, як і ў турме. Хлопцы не ведаюць сваіх базавых правоў, а ўжо патрабаваць іх выканання тым больш не ўмеюць.

Ганна Севярынец: У нас, колішніх савецкіх дзяцей, моцна мілітарызаваная падсвядомасць

Пра армію я магу размаўляць толькі як жанчына, як маці хлопчыка, таму, канешне, мае разважанні — гэта зусім не экспертная думка. Да таго ж, мне падаецца, у нас, у колішніх савецкіх дзяцей, моцна мілітарызаваная падсвядомасць, і дапусціць унутры сябе, што дзяржава наогул можа не мець арміі — неяк нам страшнавата (хаця насамрэч можа і не мець). У ідэале, калі краіна мае замацаваны ў Канстытуцыі нейтралітэт, калі яна не вядзе войнаў і не мае небяспекі знешняй агрэсіі — дык навошта ёй армія, так падумаўшы? Дастаткова нейкай невялікай колькасці ваенных-кантрактнікаў плюс памежная служба.
На мой жаночы погляд было б вельмі добра, каб не было ў нас не толькі арміі, але і ваеннай прамысловасці, бо яна сама сабой патрабуе ўдзелу ў ваенных канфліктах, гандлю зброяй, бо трэба ж некуды збываць прадукт. Іншы раз мне падаецца, што большасць вайсковых аперацый у свеце — гэта акцыі маркетынгавых аддзелаў сакрэтных ваенных заводаў.

Але гэта ў ідэале. Пакуль жа мы маем досыць аграсіўнага суседа і вельмі кволую незалежнасць, якую, крый Божа, можа спатрэбіцца абараняць. Таму армія нам пакуль патрэбная, кантрактная, на мой погляд. Хаця і ізраільскі варыянт існавання арміі мне таксама звонку, не паглыбляючыся, падабаецца.  

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: