Не спадабаўся вэтэранам. На полацкага актывіста складзеныя пратаколы аб правапарушэнні

Савет ветэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Віктара Стукава ў перашкодзе дзейнасці вэтэранскай арганізацыі. У выніку ўчастковы інспектар склаў на яго два адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Суд прызначаны на 16 кастрычніка.
Паводле ветэранаў, якія звярнуліся з заявай ў міліцыю, Віктар Стукаў вінаваты ў зрыве працы іх суполкі. Актывіст жа сцвярджае, што ўся «перашкода» іх дзейнасці з яго боку палягала ў тым, што ён папрасіў у старшыні ветэранскай арганізацыі Кнігу заўвагаў і прапановаў.

Адміністрацыйныя пратаколы на грамадскага актывіста складзеныя за падзеі двух дзён, 26 і 27 верасня.

Распавядае Віктар Стукаў:

«Увечары 26 верасня я завітаў у кабінэт Савету ветэранаў даведацца пра абавязкі арганізацыі ў дачыненні да блізкага мне чалавека. Папрасіў Кнігу заўвагаў і прапановаў. Мне адмовілі. Я папярэдзіў адказную асобу ветэранаў, што гэта парушэнне, але настойваць на атрыманні кнігі ня стаў. Днём 27 верасьня мяне не пусцілі ў кабінэт Савету ветэранаў, выштурхнуўшы за дзверы са словамі: «Выйдзіце прэч, вы тут ніхто», і я папрасіў кнігу паўторна. Кнігу мне не далі, і я выклікаў міліцыю. Інспектар РАУС Сяргей Мацкевіч правёў апытанне прысутных і накіраваў матэрыялы ў дзяжурную частку РАУС для адпраўкі ў адміністрацыйную камісію райвыканкаму».

У адказ Савет ветэранаў 29 верасня даслаў у міліцыю заяву пра тое, што спадар Стукаў «...учыняў канфліктную і нэрвовую абстаноўку, чым перашкаджаў і замінаў працы Савету ветэранаў...» Гэтая заява і стала падставай для пратаколаў, якія ўчастковы інспэктар Полацкага РАУС Міхаіл Перапечкін склаў 2 кастрычніка.

Згодна з пратаколамі, актывіст «наўмысна, з хуліганскіх памкненняў, праявіўшы відавочную непавагу да грамадства, умяшаўся ў працу Першаснай арганізацыі вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно»... гучна крычаў, перашкаджаў выконваць службовыя абавязкі, сарваў працу». Савет ветэранаў заявіў, што яны не маглі дзьве гадзіны працаваць, хоць Віктар, паводле яго словаў, знаходзіўся ў кабінэце вэтэранаў усяго хвілін пяць. Пры гэтым ані ў пратаколе, ані ў заяве вэтэранаў не пазначана, што Савет вэтэранаў не даў Кнігу заўвагаў і прапаноў на патрабаванне грамадзяніна.

Кажа прафсаюзны актывіст:

«Калі я папрасіў Кнігу заўвагаў і прапановаў 26 верасня, адна жанчына ў кабінеце вэтэранаў мне сказала: «Вы нас так не палохайце». Мабыць, вэтэраны ўспрымаюць такую просьбу як скаргу, але ж у гэтую кнігу можна запісаць і падзяку за добрую працу арганізацыі».

Дарэчы, Віктар Стукаў і сам мог бы прэтэндаваць на сяброўства ў суполцы ветэранаў: грамадзкі актывіст прапрацаваў у ААТ «Полацак-Шкловалакно» 29 гадоў у шкодных умовах працы. Калісці яго ледзь не прынялі ў ветэранскую арганізацыю і нават ўзялі ў яго сяброўскія ўнёскі.

Рашэнне суду наконт нібыта перашкоды з боку актывіста дзейнасці Савету ветэранаў прадпрыемства даведаемся 16 кастрычніка. А вось матэрыялы пра нявыдачу вэтэранскай арганізацыяй Кнігі заўвагаў і прапаноў паступілі ў райвыканкам толькі 4 кастрычніка (праз восем дзён пасля накіравання іх туды міліцыянтам). Калі будзе складзены адпаведны пратакол аб адміністрацыйным парушэнні ў дачыненні да ветэранаў – пакуль невядома. Старшыня адміністрацыйнай камісіі Полацкага райвыканкаму Сяргей Труханаў адказаць на гэтае пытанне не змог.


Паводле vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!