«Не спыняцца і не апускаць рукі!» — Ігар Ільяш, затрыманы журналіст «Белсата»

Ліпеньская зачыстка грамадзянскай супольнасці закранула і журналістаў «Белсата». Сярод калег, якія апынуліся за кратамі, аказаўся і карэспандэнт, палітычны аглядальнік Ігар Ільяш, жонка якога, Кацярына Андрэева, знаходзіцца за кратамі з лістапада 2020 года.
Ігар Ільяш, журналіст, муж Кацярыны Андрэевай. Фота: АВ / «Белсат»

Ігар Ільяш, журналіст, муж Кацярыны Андрэевай. Фота: АВ / «Белсат»

«Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей»

Ігара Ільяша затрымалі 16 ліпеня, у яго кватэры прайшоў ператрус. Яго акаўнты ў сацыяльных сетках былі выдаленыя, а аналітычны тэлеграм-канал — захоплены сілавікамі. Самога яго спачатку адвезлі ў Следчы камітэт, а пасля змясцілі ў ІЧУ. 19 ліпеня стала вядома, што журналіст застанецца за кратамі яшчэ прынамсі да 26 ліпеня.

У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома. 20 ліпеня праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша і іншых затрыманых журналістаў ды аналітыкаў палітвязнямі.

Як распавялі сваякі журналіста, Ігар бадзёры, не зломлены, спакойны і сабраны. Ён сядзіць з «палітычнымі», матрацаў і бялізны няма. Ігар перадаў, што лісты можна не дасылаць, усё роўна не дойдуць. Ён таксама прасіў перадаць калегам:

«Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей. Не спыняцца і не апускаць рукі!»

Хто такі Ігар Ільяш

Ігару Ільяшу 33 гады. Свой чарговы Дзень народзінаў ён сустрэў ужо за кратамі — 18 ліпеня. Ігар скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Філасофія». З 2008 года працаваў карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок». У 2014 годзе перайшоў працаваць у «Радыё Свабода», а з 2017 года з’яўляецца карэспандэнтам «Белсата».

Ігар Ільяш вядомы сваімі расследаваннямі: пра беларускіх сілавікоў, гаманцы рэжыму, зачысткі ў дзяржаўных установах і гэтак далей. Адной з галоўных тэм, над якімі ён працаваў разам са сваёй жонкай — таксама карэспандэнткай «Белсата» Кацярынай Андрэевай, — быў удзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны на баку прарасійскіх сепаратыстаў і пра іх апеку з боку беларускіх сілавікоў. У лютым 2021 года, калі Каця ўжо была асуджаная за стрым з «Плошчы Перамен» 15 лістапада 2020 года, выйшла іх супольная праца — кніга «Беларускі Данбас».

Праца над кнігай у Кацярыны і Ігара заняла некалькі гадоў. Яна паказвае людзей, якія ваявалі на Данбасе як з аднаго, так і другога боку, а таксама раскрывае шэраг спадарожных пытанняў, якімі тэма абрасла за гады працы над ёй. Гэта, напрыклад, асабістае стаўленне беларускіх спецслужбоўцаў да ўдзельнікаў канфлікту, нелегальны гандаль беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку дзяржаўных, з фірмамі, што, паводле СБУ, фінансуюць тэрарызм ва Украіне, лёс беларусаў, якія ваявалі ў групе Вагнера, ды іншыя.

Неўзабаве пасля выхаду кніга была прызнаная беларускімі ўладамі экстрэмісцкай, а за яе ўвоз у краіну людзей пачалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.

У краіне Ігар працягваў заставацца да апошняга, нягледзячы на затрыманне жонкі і ўласны арышт на 15 сутак у лістападзе мінулага года — нібыта за ўдзел у пікетаванні. Таксама ён вёў уласны аналітычны тэлеграм-канал, у якім аналізаваў актуальныя падзеі ў Беларусі. Зараз гэты канал захоплены сілавікамі.

«Што наогул рабіць у сітуацыі, калі нашы калегі за кратамі? Для сябе я адказ на гэтае пытанне знайшоў: мы павінны, сашчапіўшы зубы, выконваць свае прафесійныя абавязкі тут і цяпер. І не проста выконваць свае прафесійныя абавязкі — мы павінны працаваць у 2, 5, 10 разоў лепш, чым працавалі раней. Яны абвясцілі нам вайну, бо жудасна баяцца праўды, баяцца фактаў. Значыць, наш адказ павінен быць адзін: яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў», — пісаў Ігар пасля вынясення прысуду Кацярыне.

Кацярына Андреева і Ігар Ільяш. Фота: ІА / «Белсат»

Кацярына Андреева і Ігар Ільяш. Фота: ІА / «Белсат»

«Самаахвярнасць людзей стварае праблему рэжыму»


Дзядуля Кацярыны Андрэевай — таксама журналіст Сяргей Ваганаў — у каментары belsat.eu адзначыў, што асабіста не ведаў Ігара, пакуль той «не з’явіўся ў нашай хаце з кветкамі для Каці». Але яшчэ да таго ён сачыў за аналітыкай і артыкуламі Ільяша, і збольшага яму яны падабаліся. Паводле яго, Ігар вельмі настойлівы і ўпарты журналіст, адзін з лепшых аналітыкаў Беларусі, «маральна вытрыманы чалавек».

Сяргей Ваганаў адзначыў, што разам з бацькамі ўгаворваў Ігара і Кацю з’ехаць з Беларусі дзеля бяспекі, але тыя нават не хацелі размаўляць пра гэта, «адчуваўся ўнутраны супраціў». Раілі Ігару з’ехаць і пасля таго, як Каця ўжо была за кратамі.

«Не ведаю, ці правільна ён зрабіў, ці не. Але ён прыняў такое рашэнне. Што тут зробіш? Але ж калі так здарылася, то я лічу, што самаахвярнасць людзей, якія трапілі за краты, якія застаюцца тут пад рызыкай, ствараюць для рэжыму больш важкую праблему. Нездарма ж рэжым прапануе пісаць просьбы аб памілаванні», — падкрэсліў Сяргей Ваганаў.

Зараз Ігар за кратамі. За што канкрэтна — невядома. Пры гэтым былі знішчаныя яго прыватныя старонкі ў сацсетках і аналітычны тэлеграм-канал.

«Гэта поўнае ігнараванне правоў чалавека. Ён яшчэ не асуджаны, ёсць прэзумпцыя невінаватасці. Але ж чаму пазакрывалі такім чынам яго асабістыя каналы?» — задаецца пытаннем Сяргей Ваганаў.

Цяпер за кратамі ў Беларусі 4 журналістаў «Белсата»: Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Ігар Ільяш, Ганна Галёта.

«Белсат»


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: