«Не трэба ахвяраваць сабой». Святлана Ціханоўская папрасіла Ігара Лосіка спыніць галадоўку

У эфіры Свабоды" Святлана Ціханоўская і Дар'я Лосік пагаварылі пра палітвязня і блогера Ігара Лосіка і пра тое, што адчуваюць тыя, чые блізкія сталі вязнямі сумленьня. Святлана заклікала Ігара спыніць галадоўку.

"Не трэба ахвяраваць сабой. Рэжыму наогул абыякавыя людзі. Мы бачым, што ён не хоча адступаць ад сваёй жорсткасці. І я б хацела, каб Ігар падумаў пра сям'ю, бо ён патрэбны жонцы, дачцэ і бацькам. Можа, Ігару псіхалагічна цяжка адступіцца ад прынцыпаў. Але ён павінен ведаць, што ніхто ніколі не падумае, быццам ён здрадзіў нейкім перакананням. Гэта проста клопат аб сям'і".

Таксама Святлана падзялілася тым, чаму, будучы сваяком палітвязня, вельмі важна знаходзіць сілы клапаціцца і пра сябе:

"Самае важнае — перажыць і выстаяць. Першапачаткова ты не ведаеш, як гэта ўсё пераадолець. Але акрамя цябе ў мужа цяпер нікога няма. Жонцы, якая стаіць гарой за сям'ю, якая ўсё робіць, каб палегчыць знаходжанне мужа ў турме і выцягнуць яго хутчэй, важна клапаціцца і пра сябе. Каб было лягчэй і яму, і вашым дзецям".

Між тым, сам Ігар з жодзінскага СІЗА перадае наступнае:

"Амаль месяц прайшоў з пачатку маёй галадоўкі. Хацеў бы выказаць падзяку ўсім, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне з аўторка мінулага тыдня перасталі перадаваць вашыя лісты, я ведаю, што вы мне пішаце. Шмат пішаце. Усім, ад каго я атрымаў лісты, я адказаў — чакайце персанальныя словы падзякі, малюнкі і навіны з майго турэмнага жыцця. Напэўна, вера ў вас, а таксама ў сваю праўду і невінаватасць даюць мне сіл трымацца. Усім даўно відавочна, што мой крымінальны пераслед беспадстаўны.

Вельмі вас усіх прашу — не трэба ўгаворваць мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі больш за паўгода мяне трымаюць у турме незаконна. Я ўжо забыўся голас сваёй дачкі. Я разумею, што мае родныя і ўсе неабыякавыя людзі вельмі хвалююцца за маё здароўе. Але спыняцца я не магу і не хачу. Сваім жыццём я буду распараджацца сам, а сілы ў мяне пакуль яшчэ ёсць. Я веру ў сілу вашай салідарнасці".

За кратамі Ігар ад 25 чэрвеня 2020 году — 199 дзён.

Адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года. У сераду, 13 студзеня Мінскі гарадскі суд разгледзіць скаргу абароны Ігара Лосіка на адмову суда Партызанскага раёну вызваліць палітвязня з-пад варты.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: