«Не ўпэўнены ў рэсурсах свайго арганізму». Лідар «Gods Tower» абскардзіць прысуд за абразу чыноўніка

Надзея на абскарджанне выраку ёсць, але мінімальная, распавёў музыка «Белсату».

Суд не спадабаўся

Пра суд Уладзіслаў Наважылаў мае выключна негатыўныя ўражанні: кажа, «гэта не суд, а цырк». На судзе нават не сачылі за дрэс-кодам: суддзя быў наагул без мантыі, неналежна выглядалі сакратарка і пракурорка. Наважылаў кажа, што яны глядзеліся так, нібы прыйшлі з пляжу, «для поўнай карціны яны мусілі прыйсці п’янымі».

У музыкі склалася ўражанне, што вырак быў загадзя прызначаны, а яго проста паставілі перад фактам. Змякчальныя абставіны зачыталі — і тут жа сказалі, што ніякіх змякчальных абставінаў няма.

«Адзінае пазітыўнае, што можна адтуль згадаць, — гэта салідарнасць народу, — заяўляе Наважылаў. — Але, як мы ўжо маглі зразумець, гэта нашая звычайная беларуская рыса, нічога новага». 

Што за абставіны

Наважылаў працуе ў распрацоўніка відэагульняў «Wagraming», заробку хапае на сям’ю, «усё ішло нармалёва, нават вельмі годна, былі планы». Аднак калі яго забяруць з сям’і, будуць праблемы: ён і жонка выхоўваюць дваіх непаўналетніх дзяцей (14 і 15 гадоў), а Уладзіслаў — адзіны кармілец. Жонка нядаўна звольнілася з працы ў медычнай сферы, бо «ўжо сілаў не было». Сям’я жыве на здымнай кватэры, а калі за яе не будзе каму плаціць, сям’я застанецца на вуліцы. Старэйшы сын спрабаваў знайсці працу ўжо цяпер, «але праца калі і знаходзіцца, то толькі для чальцоў БРСМ».

Сам Наважылаў мае шэраг хваробаў: гіпертэнзію, хранічны гаймарыт, іншыя. Мінулаю восенню музыка цяжка перахварэў на каронавірусную інфекцыю, шмат часу рэабілітаваўся, каля трох месяцаў «быў як гародніна», дасюль цяжка пераносіць фізічныя нагрузкі. Суд гэта ўсё «не зачапіла».

«Я не ўпэўнены ў рэсурсах свайго арганізму, — кажа Наважылаў. — Да таго ж гэта ўсё лухта нейкая, не хочацца мне туды, і не трэба. Але калі прыйдзецца, буду лічыць гэта сапраўдным выпрабаваннем — кшталту таго, што мяне выкінула на бязлюдны востраў, і я там пасярод акіяну паміраю. Я разумею, што нармалёвае жыццё там немагчымае. Гэты рэжымны распарадак дня для мяне — нейкая пачварная з’ява. Мне не тое што будзе цяжка, гэта будзе для мяне катастрофа. Гэтыя казкі, «пасядзіш, нічога страшнага»… Слухайце, а за што я буду сядзець?» 

За што асудзілі

«Этот соловей — крайне глупый боров», — напісаў Уладзіслаў Наважылаў у Facebook пад відэа выдання «Сильные новости» пра сустрэчу абласных уладаў з абуранымі гомельцамі 16 жніўня 2020 года. Старшыня аблвыканкаму Генадзь Салавей успрыняў гэта як абразу, але на суд не прыйшоў.

Наважылава прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ). Сваёй віны ён не адмаўляў, толькі казаў, што не хацеў абразіць канкрэтнага чалавека, і гатовы быў папрасіць прабачэння. 

Як гэта ўспрымае сям’я

У сям’і на музыку не крыўдуюць, кажа Наважылаў: «Усе ўсё разумеюць».

Сям’я цяпер рыхтуецца да таго, што можа пазбавіцца бацькі, бо «разумеюць, у якіх умовах мы цяпер і ў які час жывем». Адзінае, на што разлічвае Уладзіслаў, гэта на дапамогу для сям’і ад сяброў і калегаў. 

Наважылаў — вядомы сярод аматараў мэтал-музыкі

Гурт Уладзіслава ўтварыўся ў Гомлі ў 1989 годзе пад назваю «Chemical Warfare», у 1992 годзе змяніў назву на «Gods Tower» і стаў граць у жанры дум-метал з дадаткам этнічных і язычніцкіх тэмаў. Выступаў у тым ліку на буйных заходніх фестывалях. Гурт распаўся ў 2002 годзе праз хваробу (а затым смерць) гітарыста, аднак уз’яднаўся ў 2010 годзе. Жанр, у якім грае каманда, на Захадзе назвалі паган-мэтал, а пра «Gods Tower» сталі казаць як пра адных з піянераў язычніцкага металу і адзін з найбольш вядомых метал-гуртоў Беларусі. Гурт запісаў тры поўнафарматныя альбомы, шэраг міні-альбомаў і самотнікаў, іншыя музыкі ў 2005 годзе выдалі трыб’ют «Gods Tower».

Ці не праз гэтую вядомасць яму дастаўся жорсткі вырак?

«Мне здаецца, спачатку ім па барабане было, каго судзіць, а потым гэта стала абцяжарвальным фактарам: паглядзелі — а, дык ён яшчэ і нефармал!» — разважае Наважылаў. Ён лічыць, быў бы ён звычайным, немедыйным чалавекам, дык прысуд мог быць меней жорсткім. 

Наважылава раней садзілі пад арышт — за канцэрт Памідорава

Летась яму і спеваку Аляксандру Памідораву прысудзілі па 8 содняў за дваровы канцэрт у парку на Ангарскай у Мінску. Канцэрт доўжыўся троху менш за гадзіну. Калі планавалі перайсці да дэсерту, у парк прыехалі людзі ў цывільным з дручкамі, АМАП, байцы ў зялёнай і чорнай уніформе без апазнавальных знакаў.

Наважылаў там не спяваў, але ладзіў выступ Памідорава як даўняга сябра, падвозіў яго да месца канцэрту і збіраўся адвозіць дамоў. 

Ці падтрымліваюць яго цяпер фанаты і музыкі

З гуртом Уладзіслаў пастаянна на сувязі, падтрымкі дастаткова. Яго маральна падтрымліваюць беларускія музыкі і фанаты, а таксама замежнікі — з Літвы, Латвіі, Польшчы ды Украіны. Яго гісторыю расказала нарвежскае тэлебачанне, з журналістам якой ён размаўляў каля гадзіны. Пра суд паведаміў папулярны амерыканскі рок-часопіс «Loudwire».

Усё гэта дапамагае пратрымацца. «Настрой не сказаць, што баявы, але блізкі да нормы», — кажа Наважылаў. Нейкіх незвычайных акцыяў не ладзяць, але ён на тое і не разлічваў, ды «хто быў сябрамі, тыя і засталіся».

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: