Не ўсё так проста: як і што можна ўтылізаваць у Беларусі

Мы высветлілі, якое смецце можна ў Мінску перапрацаваць і дзе гэта зрабіць. Адмыслова для гэтага мы выбралі некалькі відаў адходаў: ад пластыкавых бутэлек да шчолачных батарэек, старога радыёпрыёмніка і нават лекаў. У правільнай сартыроўцы смецця нам дапамаглі парады ад Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Агульны кантэйнер: што перапрацаваць нельга

Усё смецце, якое трапляе сюды, — не перапрацоўваецца і пойдзе на захаванне на звалку. Выкідваем туды харчовыя адкіды, памперсы, чэкі, сурвэткі, бяспечныя для экалогіі лекі (вітаміны, актываваны вугаль, мікстуры і сіропы) і ўсё тое, што другасна не перапрацаваць.

Найперш варта звярнуць увагу на маркіроўку адкіду і яго матэрыял. Бо ў Беларусі шмат матэрыялаў немагчыма правільна ўтылізаваць: поліэтыленавыя пакункі, баначкі ад ёгуртаў, пластыкавыя ўпакоўкі яек, аднаразовы посуд, пластмасавыя канцалярскія вырабы, латкі ад мясных прадуктаў, фотапапера, пачкі ад цыгарэт, клейкая стужка. Некаторыя рэчы, як тэтрапакеты, крышачкі ад бутэлек і лекі, у Беларусі амаль не перапрацоўваюцца і гэтым займаюцца альбо выключна адзінкавыя прадпрыемствы, альбо такое смецце вывозіцца за мяжу.

Важна: таксама не можа другасна перапрацоўвацца камбінаваная ўпакоўка са шматслойных матэрыялаў: з пласта розных відаў пластыка або з пластамі розных матэрыялаў, напрыклад, кардон і пластык, пластык і метал, або кардон, пластык і метал. Сюды трапляюць: кардонныя скрынкі ад сокаў, малочнай прадукцыі, віна і іншых напояў, тубы ад зубной пасты, крэмаў, мяккая ўпакоўка ад маянэзу, кетчупу, кавы, гарбаты, упакоўка ад чыпсаў.

Такі від смецця звычайна маркіруецца на ўпакоўцы так: лацінская літара С і праз дроб — абазначэнне асноўнага матэрыялу ў кампазіцыі (напрыклад, З / РАР, С / ПЭНП, С / АЛУ) або лічбавы код: ад 80 да 94.

Смецце з кантэйнераў для пластыка, шкла і паперы забірае адна машына. Куды адпраўляюцца адкіды з іх?

«Першапачаткова кантэйнеры ўсталявалі з разлікам на чатырохфазны збор адкідаў, — тлумачыць сітуацыю спецыялістка па адкідах Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык. — Але слаба зпрацавала інфармаванне насельніцтва. У выніку чаго ў кантэйнеры для пластыку, шкла і паперы пайшло перамешанае смецце. І пакуль насельніцтва не стане выкідваць смецце ў правільныя кантэйнеры, асобных машын для збору і транспартыроўкі не будзе. Але, з іншага боку, пакуль людзі бачаць, што толькі адна машына забірае адходы з усіх кантэйнераў, то няма сэнсу раздзяляць смецце і ўтылізоўваць яго ў адмысловых кантэйнерах. Атрымліваецца замкнёнае кола, але праз гэты пераходны перыяд праходзяць усе краіны. Беларусі яшчэ мінімум трэба гадоў 10-15, каб дасягнуць мэтаў асобнага збору адходаў».

Спецыялістка выказалася, што смецце з такіх кантэйнераў усё адно пойдзе на сартыроўку і перапрацоўку. А за адходамі з агульнага кантэйнеру прыязджае іншая машына і тое адпраўляецца на звалку.


Пластык

Большасць відаў пластыку (апроч полістыролу і поліэтылену нізкай шчыльнасці) у Беларусі перапрацоўваецца. Але ўсё адно важна шчыльнасць і памер матэрыялу. Вялікія рэчы, ёмістасці: тазікі, аднародныя цацкі, бутэлькі, пластыкавую тару ад шампуняў, геляў для душа, касметыкі і бытавой хіміі здаваць можна. А вось маленькую ўпакоўку, напрыклад, ад макаронаў і шакаладак, наўрад ці змогуць другасна перапрацаваць. Таксама можна здаць на перапрацоўку пенапласт.

Важна ведаць: поліэтыленавыя пакункі, якія можна набыць на касе ў кожнай краме, не перапрацоўваюцца! Нават так званыя біяраскладальныя пакеты адправяцца на звалку, дзе для іх не будуць створаныя ўмовы для іх раскладання. Лепш ад такіх пакунках адмовіцца і набыць экаторбу з бавоўны.

Дваякая сітуацыя з аднаразовым посудам. Такія адходы часта зроблены з матэрыялаў, якія можна перапрацоўваць у Беларусі, але далёка не заўсёды іх могуць прыняць у цэнтры збору пластыка, бо такі посуд падобны да полістыролавага ці проста брудны. Таксама можна здаць на перапрацоўку пенапласт.

Важна: сыравіна для перапрацоўкі павінна быць чыстай, сухой і аднароднай. Напрыклад, бутэлькі варта здаваць без коркаў і этыкетак, бо гэта розныя рэчывы.


Тэтрапак

У большасці гарадоў Беларусі тэтрапакеты не прымаюць і яны ідуць на захоўванне. Крыху іншая сітуацыя з Мінскам. У сталіцы ёсць адмысловая кампанія па збору гэтага матэрыялу. Праўда, такое смецце далей адпраўляецца ў Расію ці ва Украіну і толькі там перапрацоўваецца.  


Шкло

Слоікі і і шкляныя бутэлькі здаем у адмысловыя кантэйнеры. Шкло з вакенцаў таксама класці сюды. Не страшна, што яно можа разбіцца.  


Метал

Металічныя адкіды выдатна перапрацоўваюцца: кансервныя банкі, алюмініевыя бляшанкі ды іншы аднародны метал выкідваем у адмысловы кантэйнер. Калі яго няма, то хутчэй за ўсё будзе скрыня для змешаных адходаў (не блытаць з агульнай).



Папера

Непатрэбныя дакументы, друкаваныя матэрыялы, папяровую ўпакоўку, кардонныя скрынкі, рэкламныя ўлёткі, календары, упакоўку для яек з гофракардону, скрынкі з паперы і кардона ад тортаў. Зноў жа: уся ўпакоўка павінна быць чыстай. Старыя кнігі з кардонавымі вокладкамі перапрацаваць таксама можна, але ў такім выпадку варта адрэзаць пераплёт ад папяровай часткі.


Электроніка

Ні ў якім выпадку ў кантэйнеры з бытавымі смеццем нельга выкідваць небяспечныя электронныя дробныя адходы: энергазберагальныя лямпы, батарэйкі, акумулятары. Іх варта здаваць у адмысловыя кантэйнеры, якія знаходзяцца амаль у кожнай вялікай краме. Месцазнаходжанне такіх кантэйнераў глядзіце на мапе.

Невялікую па памерах электроніку, напрыклад стары радыёпрыёмнік, можна аднесці ў магазін электроннай тэхнікі. Там знаходзяцца адмысловыя кантэйнеры. Таксама ў рэгіёнах кожнае раённае спажывецкае таварыства мусіць займацца зборам электроннага абсталявання.  

Габарытную тэхніку прымаюць у адмысловым пунце прыёму і нават можна атрымаць за яе грошы. Таксама можна замовіць, каб непатрэбную бытавую электроніку забралі з дому. Праўда, тады грошы за тэхніку не выплацяць.


Бытавая хімія, касметыка

Такія рэчывы асобна ўтылізаваць пакуль немагчыма. Прыйдзецца выкінуць у агульны кантэйнер. Але саму ўпакоўку і ёмістасці ад бытавой хіміі і касметыкі перапрацаваць можна. Галоўнае, каб яна была чыстай і не вельмі маленькай (больш за 200 мілілітраў) па памеры.


Лекі

Літаральна ў сярэдзіне ліпеня ў Мінску ўсталявалі першы кантэйнер для збору лекаў. Ён знаходзіцца ў холе паліклінікі нумар 40 (вул. Люцынская, 3). Туды можна здаваць антыбіётыкі, абязбольваючыя, гарманальныя прэпараты ў форме таблетак, ампул або невялікіх па памеру мазяў. Гэта толькі пілотны праект Цэнтра экалагічных рашэнняў. У будучыні плануецца запусціць такую ініцыятыву па ўсёй краіне.

Калі смецця для перапрацоўкі (пластык, метал, папера) у вас даволі многа (больш за 100 кг), то можна яго аднесці ў адмысловыя пункты і нават атрымаць за гэта грошы.

Засталіся пытанні? Пішыце іх у каментары



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: