Нехта малаціў дручком, нехта проста нагамі

Гэта расповед Уладзіміра Піліпейкі, 33-гадовага жыхара Калінкавічаў, які запісала «Палеская Вясна» Заўважце, што мужчыну затрымалі і катавалі 13 жніўня.

— 13 жніўня каля 16 гадзін я прыехаў да сябра ў Мазыр на бульвар Юнацтва. А за два дні да таго, увечары 11 жніўня, менавіта гэтым бульварам ішла вялікая калона пратэстоўцаў. Пасля сустрэчы з сябрам, гадзін каля 18, калі яшчэ свяціла сонца, я выйшаў на бульвар, каб ісці на аўтобусны прыпынак.

У мяне ціўкнуў тэлефон, я зайшоў у яго і пачаў чытаць паведамленне. У гэты момант міма мяне марудна праехала цывільная «лада-прыёра» на расійскіх нумарах. Я зірнуў на яе і зноў апусціў вочы ў тэлефон. І раптам на мяне накінуліся чатыры чалавекі ў чорнай форме без ніякіх значкоў, зорачак ці лычак, у кепках і чорных масках, як ад каранавіруса. Яны выскачылі з той «лады». Паклалі мяне тварам у асфальт і заламалі рукі, а потым пацягнулі ў машыну. Пасадзілі паміж сабой на задняе сядзенне. Ужо калі ехалі, яны шукалі ў сябе кайданкі і, знайшоўшы, надзелі іх мне на рукі за спінай».

Мяне прывезлі ў Мазырскі РАУС. Правялі праз турнікет, павярнулі на лесвіцу і тут жа, на пляцоўцы перад прыступкамі, павалілі на падлогу тварам уніз, нацягнулі на галаву куртку і пачалі біць. Пры гэтым я не мог нават прыкрывацца, бо мае рукі былі скаваныя за спінай. Я не бачыў, чым мяне білі, але некаторыя ўдары былі як выспяткі, а некаторыя зверху па спіне, ягадзіцах, нагах, відаць, міліцэйскім гумавым дручком.
Потым мяне паднялі і пацягнулі на трэці паверх. Зацягнулі ў нейкі вялікі кабінет. Відаць, нейкага начальніка, бо я паспеў убачыць вялікі стол і шэрагі крэслаў уздоўж сценаў. Тут зноў паклалі на падлогу тварам уніз і нацягнулі на галаву куртку. Спачатку пагражалі, што, маўляў, я ўжо «накрычаў на 3 гады», а зараз яны аформяць і на «дзясятачку».

Пачалі абшукваць, спыталі, дзе тэлефон. Але яго ў мяне выхапілі яшчэ пры затрыманні. Я не бачыў твараў, спачатку бачыў толькі ногі, бо галава была прыгнутая долу і прыціснутая да падлогі чыёйсці нагой, а потым увогуле нічога не бачыў, бо на галаве была куртка. Толькі чуў, што тыя, хто мяне біў, звярталіся да кагосьці «таварыш палкоўнік». Калі прынеслі мой тэлефон, ад мяне пачалі патрабаваць пароль. А мой тэлефон можна было разблакаваць сканерам пальца альбо сканерам твару, альбо паролем. Яны спачатку паднеслі да пальца, але тэлефон не разблакаваўся, потым да твару, але, відаць, пасля таго, што адбылося, мой твар мала быў падобны да таго, які «памятаў» мой тэлефон.

Тады апарат запатрабаваў увесці лічбавы пароль. Я адмаўляўся казаць. Тады мяне зноў пачалі біць дубінкамі і нагамі. У выніку я мусіў сказаць пароль. Міліцыянты разблакавалі тэлефон і са словамі: «Так, зараз пачытаем, што ты тут пішаш!» пачалі адкрываць у тэлефоне розныя праграмы.

І раптам — моцны ўдар па галаве. Я знепрытомнеў. Што было далей, не памятаю. Відаць, потым на мяне плюхнулі вады, бо, калі прытомнасць вярнулася, я адчуў, што мокры. Мне пачалі казаць, што зараз панапісваюць ад майго імя, што я паеду на 10 гадоў. Корпаліся ў маёй тэлефоннай кнізе, пытаючы, хто ў мяне як падпісаны, і правяраючы іх недзе. Шмат разоў казалі: «Здасі вашага каардынатара, і мы цябе адпусцім». Але я казаў, што я не ведаю ніякіх каардынатараў, я прыехаў з Калінкавічаў да сябра і не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Потым я пачуў, што яны размаўлялі аб прэзерватыве, а потым адзін з іх сказаў, звярнуўшыся да мяне: «Зараз зробім з цябе дзяўчынку». Але нехта сказаў ім, што не трэба. Мяне зноў паднялі і некуды пацягнулі. Вывелі на вуліцу. Ужо было зусім цёмна.

Мяне перавялі праз вуліцу ў будынак насупраць райаддзелу міліцыі. Завёўшы ў нейкі пакой у тым будынку, мяне зноў кінулі на падлогу тварам уніз. Я паспеў заўважыць толькі нейкую даволі маладую жанчыну ў званні маёра, і побач са мной на падлозе ляжаў яшчэ адзін чалавек. Калі на падлогу ўпаў я, таго чалавека паднялі і павялі.

Я пачуў голас жанчыны-маёра: «А! Калінкавіцкі! Зараз мы табе пакажам мазырскую гасціннасць! Цяпер вядзіце сабак!»

Я падумаў, сапраўдных сабак, зараз разарвуць. Але прыйшлі людзі. Мяркуючы па тупаце і галасах — шмат людзей. І пачалі вельмі моцна мяне біць. Нехта, відаць, малаціў дручком, нехта проста нагамі. Потым я адчуў, што па мне прайшліся абцасамі. Я думаю, што гэта тая жанчына, бо абцасы адчуваліся танчэйшыя, але даўжэйшыя за абцасы берцаў. Яна ж, відаць, трапіла мне наском абутку ў скронь, бо насок быў востры, не як у берца. Я некалькі разоў траціў прытомнасць. Ачухваўся, калі мяне аблівалі вадой.

З носу проста ручаём бегла кроў, твар ляжаў у крыві. Тая жанчына казала: «Ты пашкадуеш, што сюды прыехаў!» Потым зноў шмат удараў адразу ад некалькіх чалавек. Я моцна закрычаў і зноў знепрытомнеў. Потым паступова вярнуўся ў прытомнасць. Адчуў, што мне ў спіну і ніжэй штурхаюць нечым, мабыць, дручком. Было вельмі балюча, магчыма, ад болю я і ачуўся. Потым яны ўзялі маю галаву і трэслі яе. Я расплюшчыў вочы. Зноў пачуў жаночы голас: «Хопіць, сыходзьце!». Пасля нейкі мужчына ў цывільным мяне падняў. Сурвэткай працерлі твар ад крыві. З мяне бегла вада, і яны ёю размазвалі кроў.

Затым мяне вывелі ў двор гэтага будынку. Там знялі кайданкі, з шыі знялі ланцужок і крыжык і павялі ў ізалятар часовага ўтрымання, які знаходзіцца крыху правей ад РАУС. Я не мог стаць на левую нагу, каб пераступіць нейкі невысокі парканчык, праз які мы пераходзілі, дык міліцыянты перакінулі маю нагу.

У ІЧУ на мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Загадалі падпісаць. Пры гэтым прыгразілі, што, калі не падпішу, працягнуць збіваць.

Потым мяне завялі ў 12-ю камеру. Там ужо былі тры хлопцы маладыя. Усе таксама пабітыя. Адзін крыху меней. Ён сказаў, што не варта было трываць, трэба было адразу моцна крычаць. Ён крычаў, і таму яго меней білі.

На раніцу, не даўшы ні паесці, ні папіць, мяне завезлі ў суд. Прозвішча суддзі не памятаю, гэта была мажная такая жанчына. Ніякіх ні папераў пра вынікі суду, ні копіяў пратаколаў мне не далі.

Суд доўжыўся мо якія хвіліны дзве. Мне далі 15 сутак. Прывезлі назад у камеру. Там хлопцы паказалі, што ў мяне ўся шыя ў крыві. Цікава, што гэтага не заўважыла суддзя. Ці зрабіла выгляд, што не заўважыла. Але праз тры дні мяне вызвалілі. Я выйшаў з ІЧУ — і здзівіўся. Там было шмат людзей. Былі валанцёры, якія прапанавалі адвезці, куды мне трэба, прапаноўвалі ежу і пітво, былі псіхолагі. Нас сустракалі як герояў.

Медыкі дыягнаставалі ў мяне закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мазгоў, шматлікія кровападцёкі і гематомы. Дагэтуль адчуваю галавакружэнне і млоснасць. Баліць хрыбетнік. Мне прызначылі МРТ усяго цела.
Калі я быў у ІЧУ, мяне вазілі на медыцынскі агляд у лякарню. Там я нічога не казаў пра збіццё, бо баяўся, што потым трэба было зноў вяртацца ў міліцыю. Але пазней да мяне ў ІЧУ прыходзіў следчы, апытваў наконт збівання. Я расказаў яму, як было. Цяпер ён мне тэлефануе, просіць прыехаць у Мазыр, каб зноў даць нейкія паказанні. Але я баюся.

Ходзяць размовы, што тых, хто зноў трапляе ў гэтыя ўстановы, затрымліваюць і выпраўляюць у міліцыю. А што там будзе адбывацца, можна толькі здагадвацца. Яны пастараюцца зрабіць усё, каб схаваць свае злачынствы і каб пра іх не стала вядома.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: