«Некаторыя сілавікі катавалі людзей з асалодай». Праваабаронца расказаў, як збіраюць доказы злачынстваў

Праваабаронца Сяргей Усцінаў уваходзіць у склад праўлення беларускай арганізацыі «Прававая ініцыятыва», якая стала адным з заснавальнікаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Камітэт падрыхтаваў ужо тры папярэднія справаздачы, з якімі можа азнаёміцца любы ахвотны, а таксама справаздачы для спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі і ў межах «Маскоўскага механізму» АБСЕ, перадае «Радыё Свабода».
На пачатку красавіка ў Беларусі завялі крымінальныя справы супраць некалькіх валанцёраў арганізацыі, і таму яны вымушаныя былі ўцякаць у суседнія краіны. Але яны працягваюць сваю дзейнасць, знаходзячыся ва Украіне, Польшчы ці Літве.

Сяргей Усцінаў расказаў «Свабодзе», ці зменшыўся ўзровень катаванняў у месцах утрымання і як валанцёры збіраюць доказы злачынстваў беларускіх сілавікоў.

Не ўсе ахвяры гатовыя расказваць пра катаванні

Сяргей Усцінаў кажа, што моц ціску на затрыманых у адміністрацыйных і крымінальных справах не зменшылася ў параўнанні са жніўнем мінулага года, калі адбыліся найбольш масавыя акцыі пратэсту.

«Беларусаў як катавалі, так і працягваюць катаваць дагэтуль», — кажа Сяргей. Паводле яго, найбольш жорстка да грамадзян ставяцца ў ЦІП на Акрэсціна і ў жодзінскім ІЧУ.

«Ужо не навіна, што ў ІЧУ і ЦІП не даюць спаць, выключаюць ацяпленне, выліваюць вадкасць з хлоркай на падлогу, ад якой больш шкоды, чым карысці. Некаторых „палітычных“ беспадстаўна змяшчаюць у карцар і не перадаюць перадачы. Прымушаюць скручваць матрацы і забараняюць ляжаць удзень. Жыццё арыштаваных пад пагрозай з прычыны паўсюднага неаказання медыцынскай дапамогі. Выпадкі збіцця затрыманых таксама застаюцца нярэдкімі», — дадае праваабаронца.

Паводле яго, усе гэтыя «адмысловыя ўмовы» знаходжання ў ізалятарах прыраўноўваюцца да катаванняў.

«Мы ўжо апыталі больш за 1000 пацярпелых, працягваем апытваць і дакументаваць усе факты. Толькі пададзеных заяў па катаваннях, паводле розных даных, было каля 2300. Але ёсць мноства пацярпелых, якія не падаюць заяў ад боязі быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці або з прычыны ціску следчых на іх», — паведаміў Сяргей Усцінаў.

«Садызм сілавікоў падагравае кіраўніцтва»

Праваабаронца расказвае, што дакументацыя катаванняў і злачынстваў ажыццяўляецца паводле міжнародных стандартаў, прадугледжаных для такой дзейнасці.

«У Камітэце (па расследаванні катаванняў. — РС) працуюць некалькі груп: дакументатары, расшыфроўшчыкі, аналітычная і юрыдычная група, адвакаты. Спачатку з пацярпелым сустракаюцца дакументатары і апытваюць яго, потым расшыфроўшчыкі расшыфроўваюць інтэрв'ю. На наступным этапе ўся гэтая інфармацыя накіроўваецца ў адмысловую базу. Калі некаму з пацярпелых патрэбная юрыдычная дапамога, падключаюцца юрысты, а аналітыкі пасля вывучэння ўсіх анкет аналізуюць і зводзяць усё ў справаздачу».

Паводле Сяргея Усцінава, на тле масавасці і жорсткасці ў паводзінах сілавікоў асаблівае месца займаюць катаванні паводле нацыянальнай прыкметы, гендару і нават паводле прыкметы знешняга выгляду людзей.

«Найстрашней, што частка сілавікоў катавалі людзей з яўнай асалодай, атрымліваючы ад гэтага задавальненне, што можа сведчыць пра пэўныя праблемы з псіхікай у такіх людзей», — кажа Сяргей Усцінаў.

«Мне здаецца, што шмат у каго з іх ёсць схільнасць да садызму, якую падаграваюць персанальна Аляксандр Лукашэнка, міністар унутраных спраў або іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва сілавых органаў, якія патрабуюць „любой цаной выратаваць радзіму“. У выніку маем неадэкватных катаў, якія гатовы катаваць і забіваць па першым загадзе», — дадаў праваабаронца.

«Працягваем працаваць, нягледзячы на ціск»

Сяргей Усцінаў паведаміў, што валанцёры і праваабаронцы, якія збіраюць і дакументуюць катаванні, знаходзяцца пад ціскам улады.

«У сакавіку ў кватэру Івана Краўцова, аднаго з нашых валанцёраў, уварваліся васьмёра сілавікоў. Яны катавалі яго, каб атрымаць паролі да кампутара і тэлефона. Потым склалі адміністрацыйны пратакол і паводле ілжывых абвінавачанняў пасадзілі на 25 сутак арышту. Пасля некалькі сяброў камітэту вымушаныя былі ўцякаць з Беларусі, у тым ліку і я».

Паводле праваабаронцы, ужо пасля іх ад’езду стала вядома, што супраць Івана Краўцова завялі крымінальную справу па падазрэнні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаць грамадскі парадак, а на пачатку красавіка ў кватэры праваабаронцы Эніры Браніцкай і ў яе бацькоў правялі вобшук.

«Тыя, хто праводзіў вобшук, адкрыта сказалі, што рэальнай прычынай з'яўляецца дзейнасць Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Але нягледзячы на тое, што частка каманды з'ехала з краіны, камітэт працягвае працаваць і хутка падрыхтуе чарговую справаздачу пра катаванні. Зразумела, што наша дзейнасць — як костка ў горле для рэжыму, бо мы неаднойчы заяўлялі, што зробім усё магчымае, каб прыцягнуць усіх вінаватых у катаваннях да адказнасці, і гэтыя вінаватыя, вядома ж, баяцца», — падкрэсліў Сяргей Усцінаў.

Праваабаронца паведаміў, што Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў стаў сустаршынёй Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці («International Accountability Platform for Belarus»).

«Менавіта таму цяпер чыніцца такі ціск, і найхутчэй, што рэжым будзе звяртацца да Украіны з просьбай нас выдаць. Але мы ўсё ж спадзяёмся, што гэтага не адбудзецца і што мы зможам далей тут працаваць у бяспецы. Проста хачу сказаць, што калі мы раптам апынемся на тэрыторыі Беларусі, то гэта будзе зроблена не па добрай волі», — дадаў Сяргей Усцінаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: