«Не хачу мець з Васкрасенскім нічога агульнага». Большасць палітвязняў адмовіліся прасіць літасці

Шанец атрымаць памілаванне ў выніку пасярэдніцтва Круглага стала дэмакратычных сіл (КСДС) Юрыя Васкрасенскага быў у 630 палітычных зняволеных, скарысталіся магчымасцю каля двухсот, пішуць Naviny.

«Самы хуткі шлях выйсці на волю»

З пачатку лета КСДС рассылаў лісты па следчых ізалятарах і калоніях. Прапаноўваў палітычным зняволеным, якіх кіраўнік арганізацыі Юрый Васкрасенскі называе асобамі, пацярпелымі ад электаральнай кампаніі 2020 года, усвядоміць віну. «Гэта самы хуткі шлях выйсці на волю», — сказаў Васкрасенскі ў каментары для Naviny.by.

Усяго ў спісе «пацярпелых ад электаральнай кампаніі, які фармуе праваабарончая камісія КСДС, 735 чалавек», паведаміў Васкрасенскі. У пачатку чэрвеня, калі КСДС пачаў рассылаць лісты, прозвішчаў у гэтым спісе было менш — 630, і на кожнае з іх было адпраўлена пасланне.

Першапачаткова КСДС вёў гаворку аб амністыі, але па заяве шэрагу дзяржорганаў, сказаў Васкрасенскі, «амністыя немэтазгодная, таму было прынята рашэнне ісці па больш кампраміснаму варыянту — памілаванню».

Больш лісты адпраўляць нікому не будуць, хоць у спісе застануцца ўсе 735 чалавек. Васкрасенскі аргументаваў гэта тым, што «людзі дарослыя, хай думаюць самі, бо аб нашай ініцыятыве ўсе пісалі, калі «новыя затрыманыя» былі яшчэ на волі. Так што яны ў курсе».

Суразмоўца сцвярджае, што на сённяшні дзень ад тых, каму былі адпраўленыя лісты, КСДС атрымаў каля 200 заяў, у якіх асуджаныя выяўляюць жаданне прасіць Лукашэнку іх памілаваць.

Першую частку спісу (сто прозвішчаў) перадалі Лукашэнку 9 жніўня, другую — 1 верасня. Па словах Васкрасенскага, на мінулым тыдні адбылося пасяджэнне камісіі па пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, рашэнне якой яму не вядомыя.

«Мы спадзяемся, — сказаў Васкрасенскі, — што наша праца па вызваленні асоб, якія пацярпелі ад электаральнай кампаніі 2020 года, пачне прыносіць больш маштабныя вынікі».

Сярод двухсот чалавек, якіх тэарэтычна могуць памілаваць, ёсць і тыя, хто не пісаў заяў у адрас КСДС. Напрыклад, не паведамляў аб сваёй гатоўнасці прасіць аб памілаванні журналіст, член праўлення не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.

Яго, як патлумачыў Васкрасенскі, уключылі ў спіс рэкамендаваных для памілавання «з павагі да братняга польскага народа, і ўпэўненыя, што ён і другі актывіст польскага нацыянальнага руху Анжаліка Борыс неўзабаве апынуцца на волі».

Падчас «Вялікай размовы» 9 жніўня кіраўнік КСДС заявіў, што «ручаецца галавой» за тых, хто ўключаны ў перададзены Лукашэнку спіс на памілаванне. Адказваючы на пытанне, ці не змяніў ён свайго меркавання, Васкрасенскі сказаў, што не: «Для вызвалення раскаяных асуджаных грамадзян выкарыстоўваюцца ўсе метады, у тым ліку асабістае даручальніцтва».

Пры гэтым, дадаў ён, «пэўнае хваляванне выклікае тое, што некаторыя людзі парушаюць абавязацельствы». Васкрасенскі прывёў у якасці прыкладу ўчынак адваката Іллі Салея, які пакінуў Беларусь, парушыўшы ўмовы меры стрымання.

Васкрасенскі адзначыў, што «нельга быць эгаістам», бо ўлады глядзяць на паводзіны тых, каго вызвалілі, калі прымаюць рашэнні аб датэрміновым вызваленні іншых асуджаных.

«Калі ўлада праявіла да цябе міласэрнасць і гуманнасць, няма нічога ганебнага ў тым, каб сказаць «дзякуй» і ацаніць», — такая пазіцыя кіраўніка КСДС.

Чаму адмаўляюцца?

Атрымліваецца, што толькі траціна тых, каму разаслаў лісты КСДС, пагадзіліся пісаць хадайніцтва аб памілаванні. Некаторыя ўспрынялі такую прапанову як абразу.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда збег ад пераследу беларускіх уладаў за мяжу, ягоная жонка Паліна Шарэнда-Панасюк адбывае пакаранне ў калоніі. Іх малалетнія сыны засталіся з бабулямі ў Брэсце. Кватэру Шарэнды абшуквалі не раз, і вось 13 верасня, паведаміў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку, сілавікі прыйшлі зноў. Па словах Шарэнды, супрацоўнікі КДБ адначасова абшукалі яго кватэру, жылля яго бацькоў і Паліны.

Шарэнда напісаў, што праз бацькоў яму прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні. Раней ён паведаміў у фэйсбуку, што ягоная жонка двойчы атрымлівала ліст ад КСДС і адмаўлялася яго падпісваць.

На просьбу Naviny.by расказаць пра здарэнне Шарэнда сказаў, што адмаўляецца ад каментара ў тэксце, дзе фігуруе Васкрасенскі: «Я не хачу мець з ім нічога агульнага. Гэта з-за ініцыятывы арганізацыі людзей катуюць у турмах, а Паліна двойчы апынуўся ў карцары пасля адмовы напісаць прашэнне аб памілаванні».

Яшчэ да пачатку судовага разбору атрымалі вышэйзгаданы ліст КСДС Марыя Калеснікава і Максім Знак. Ні яна, ні ён не пагадзіліся пісаць хадайніцтва аб памілаванні. Адвакат Калеснікавай Уладзімір Пыльчанка адзначыў на анлайн-прэс-канферэнцыі 6 верасня, што яго падабаронная і Знак не прызнаюць віну, а «каяцца можна ў тым, што здзейсніў, але не ў тым, чаго не здзяйсняў».

Ліст ад КСДС прыйшоў і гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку, які знаходзіцца за кратамі. «Васкрасенскі прапаноўваў да 31 жніўня пакаянную напісаць. Я пакуль абраў суд. Ён жа даверанасці ад таго, Хто мілуе, не прыклаў. А раптам правакатар», — адзначыў Судаленка ў лісце, копія якога ёсць у Naviny.by.

Закрыты суд па справе Судаленкі пачаўся 3 верасня ў Гомелі, планавалася заслухаць 61 сведкі. Гэта людзі, якім праваабаронца дапамагаў аплаціць штрафы, абскардзіць рашэнні судоў. Следства расцаніла гэта як «арганізацыю і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: