Некаторым беларускім бізнесоўцам удалося выслізнуць з-пад санкцый ЕС?

Меркаваныя санкцыі супраць беларускіх бізнесменаў і юрыдычных асобаў, датычных да супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, павінны быць агучаныя і прынятыя літаральна днямі — называецца дата 17 снежня.


Але не ўсё так проста. Дый дата няпэўная — магчымы варыянт, што іх прыняцце зацягнецца яшчэ на месяц, піша «Наша Ніва».

Санкцыйныя спісы рыхтаваліся ў абстаноўцы строгай сакрэтнасці еўрапейскімі службамі, роля беларускіх дзеячаў была ў межах «акрэслівання кірункаў».

Вядома, што шырокамасштабнага эканамічнага ціску не будзе, размовы пра адключэнне банкаўскай сістэмы SWIFT — толькі размовы. Блакаванне SWIFT пакуль не гатовая падтрымаць ніводная краіна-сябар Еўрасаюза.

Поўны спіс юрыдычных і прыватных асобаў, якія маюць трапіць пад санкцыі, у публічнай прасторы не публікаваўся. У першапачатковай версіі ў яго маглі трапіць каля 70 чалавек з афіляванымі бізнэсамі, у выніковай версіі іх нібыта застанецца толькі каля 30 — некаторым удалося прыбраць сябе з-пад санкцый.

Крыніцы «Нашай Нівы» сцвярджаюць, што некаторым бізнэсоўцам удалося давесці еўрапейцам, што яны ў гэтым спісе лішнія. Прыводзіцца прыклад Аляксандра Машэнскага, уласніка «Санта-Брэмар». Ён, маўляў, давёў уладам Ісландыі — краіне, адкуль імпартуе рыбу на сотні мільёнаў долараў, — што ўдар па яго бізнесе будзе азначаць канкрэтныя страты для Ісландыі. А кіраўніцтва той краіны нібыта прыняла яго пазіцыю і паўплывала на рашэнне Еўрасаюза.

Як прызнаўся Машэнскі карэспандэнту «Нашай Нівы», ён ведае, што яго прозвішча сапраўды было ў першапачатковым санкцыйным спісе.

«Але словы аб аргументах пра аб’ёмы экспарту рыбы — гэта казкі! Я думаю, што ў тых, хто складае гэтыя спісы, ёсць пэўныя крытэрыі ўключэння. Напэўна, карэктна ставіць пытанне аб тым, ці адпавядае “Санта-Брэмар” гэтым крытэрыям? Можа, мы расстрэльвалі дэманстрантаў? Можа, мы — “гаманцы”, — у тэрміналогіі аўтараў? Я не думаю. Я думаю, што яны прымаюць рашэнні не на падставе інфармацыі, хто колькі рыбы экспартуе, а на падставе іншых крытэрыяў, якім “Санта-Брэмар” не адпавядае», — сказаў Машэнскі.

Пры гэтым ён пацвердзіў, што пэўныя захады аб выключэнні кампаніі са спісаў ім прымаліся, але якія канкрэтна, тлумачыць не стаў.

Калі ўявіць, што расказаная нам схема праўдзівая, то па такім жа прынцыпе маглі дзейнічаць і іншыя бізнесмены, выводзячы свае актывы з-пад магчымага ўдару.

Таксама пакуль невядомы лёс «Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце», які павінен прыняць Сенат ЗША. Справа ў тым, што да Новага года прыняць яго не паспяваюць, бо кангрэсмэны сыходзяць на каляндныя вакацыі. Далей зацверджанне можа зацягнуцца праз пераходны перыяд, звязаны з перадачай улады ў ЗША да Джо Байдэна.

Вынік пасяджэння ў Сенаце будзе залежыць ад паўнаты інфармацыі па беларускім кейсе і ад таго, наколькі яны будуць гатовыя кіравацца рэкамендацыямі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: