Некрафілія таварыша Бяляева

На фоне супрацьстаяння ў Курапатах днямі адзначылася рэгіянальнае выданне «Мінская праўда»: у нумары за 27 ліпеня разрадзілася невялікай, аднак даволі агрэсіўнай занатоўкай палітолага Аляксея Бяляева пад назвай «Мемориал или политический цирк?».

Гэта тым больш цікава, што дзяржаўныя СМІ, пачынаючы ад сумнавядомага фільма «Железом по стеклу», старанна хаваюць імёны стваральнікаў чарговага прапагандысцкага прадукта. Вось і нядаўна «Советская Белоруссия», падаўшы матэрыял «С особым цинизмом» з нападкамі на актывістаў, «забылася» назваць імя аўтара.

Гэта зразумела: такіх «аўтараў» могуць смела вызваць у суд, а могуць наўпрост намыліць шыю ў якім-небудзь цёмным завулку (хочацца спадзявацца, што да гэтага не дойдзе).

Відаць, Бяляеў не спужаўся і тым самым узяў на сябе прафесійную і маральную аказнасць. Адна справа, калі падобнымі опусамі займаюцца лукашэнкаўскія блогеры тыпу Мукавозчыка, аднак зусім іншая — калі прафесійныя гісторыкі, а тым больш кандыдаты навук.

Дарэчы, наконт статуса Бяляева. Ён — кандыдат гістарычных навук, дацэнт і ніякі не палітолаг. Каб падпісвацца падобным чынам, спадару Бяляеву трэба адвучыцца на адпаведнай спецыяльнасці.

Цікава, што палітолагамі і нават журналістамі называюць сябя шмат людзей, якія працуюць у дзяржаўных медыях, і якія ніколі не навучаліся па гэтых спецыяльнасцях. 

Бяляева, як іншых прадстаўнікоў «рускага света» і прыхільнікаў Лукашэнкі, адрознівае непрыхаваная непрыязнасць да Зянона Пазьняка. Нягледзячы на тое, што лідар БНФ быў асноўным аўтарам артыкула «Курапаты: дарога смерці», Бяляеў на першае месца наўмысна ставіць іншага сааўтара — Яўгена Шмыгалёва. Між іншым, самому Бяляеву не перашкаджала б быць больш дакладным, бо Пазьняк на той час быў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі.

Бяляеў ставіць у віну Пазьняку тое, што ён эміграваў і жыве ў ЗША. Гэты учынак лідара БНФ і па сённяшні дзень выклікае дыскусіі. Аднак, калі спадар Бяляеў задае такое пытанне, то мусіць ведаць, што ёсць доказ ад адваротнага. Іншымі словамі: а куды падзеліся некаторыя былыя ўплывовыя лукашэнкаўскія атачэнцы? Дзе, напрыклад, былы заўхоз Іван Ціцянкоў, альбо былі міністр унутраных спраў Навумаў, былы прэм’ер-міністр Ярмошын? Не жывуць жа ў Беларусі. Чаму?

Наконт лічбаў. Няма нічога складаней за статыстыку, гэта справа далікатная. У абодвух бакоў свая логіка. Напрыклад, дзяржаве, канешне, выгадна, каб ахвяраў Курапат было як мага меней. Але, па-першае, не толькі хаваюць лічбы, аднак сам факт масавага растрэлу грамадзянаў у мірны час з боку дзяржаўных органаў. Па-другое, у абаронцаў Курапат маецца жалезны аргумент: архівы. Чаму і ўлада, і КДБ баяцца рассакрэціць дакументы? Калі органы НКУС не датычны да растрэлаў у Курапатах, то ў чым праблема? Вось якое пытанне павінен быў паставіць у першую чаргу дацэнт Бяляеў, які, напэўна ведае, што такое прынцып аб’ектыўнасці ў гістарычнай навуцы.

Бяляеў кажа пра наяўнасць версіі пра тое, што нібыта нямецка-фашысцкія акупанты расстрэльвалі ў Курапатах. Гэтая тэорыя даўняя як свет і пачала эксплуатавацца яшчэ з 1992 года на старонках камуністычнай газеты «Мы и время» (якую на той час рэдагаваў эпатажны Віктар Чыкін). З прыходам да ўлады Лукашэнкі прыхільнікі такой тэорыі літаральна завалілі свайго куміра і ягоную адміністрацыю патрабаваннямі-просьбамі правесці праверку. Такія праверкі мелі месца ў бытнасць Генпракурорам Алегам Бажэлкам. Аднак нават пры Лукашэнку дзяржава не пасмела аспрэчыць вынікі расследвання канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Афіцыйная фармулёўка застаецца нязменнай: масавыя расстрэлы ў Курапатах у перадваенныя часы ажыццяўлялі органы НКУС.

Лагічнае пытанне: калі б расстрэлы ў Курапатах ажыццяўлялі нацысты, то няўжо савецкая ўлада, якая актыўна вяла пошукі акупантаў і іх памагатых, не даведалася б пра гэта? Знайшлі ж тых, хто кіраваў знішчэннем Хатыні? І зноў пытанне да Бяляева, які аднойчы абвінаваціў тых гісторыкаў, якіх не задавальняе афіцыйная трактоўка Вялікай Айчыннай вайны, у «бандэрызацыі» свядомасці: чаму пра працэс над Васюрам стаў вядомы толькі праз шмат гадоў? І чаму працэс быў закрыты?

Канешне, пытанне можа ўзняць і да абаронцаў Курапат, актывістаў (лукашэнкаўскія прапагандысты кшталту Мукавозчыка ўпарта бяруць гэты тэрмін у коскі). Магчыма, іх дзеянні некалькі радыкальныя, аднак каб яны пагражалі грамадскаму парадку ці спакою? Якія абразы з іх боку? Апынулася, што нават ва ўмовах сістэмы, дзе суды цалкам падначаленыя выканаўчай уладзе, суддзя ўзяў бок старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва і актывіста Дзмітрыя Казакевіча на наведавальніка «Поедем поедим» Нялюба, які лаяўся матам.  

Смешна гучаць словы Бяляева наконт таго, што «государство давно взяло курс на увековечивание памяти» ахвяр Курапатаў. Дзе курс? Дзе грошы? Лукашэнка ажно ў 2015 годзе перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі абяцаў вырашыць праблему Курапатаў (тое, што сам прэзідэнт за дваццаць пяць год свайго кіравання не наведаў урочышча — пытанне асобнае). А хто раней клапаціўся пра Курапаты? Няўжо сам Бяляеў? Не, не ён. А валанцёры, актывісты, якія марнавалі свой час, хаця маглі правесці яго са сваімі сем’ямі і блізкімі.

Няўжо не чуў, спадар Бяляеў пра тое, што яшчэ ў бытнасць Батуры мінскім губернатарам Генпракуратура заклікала яго вырашыць праблему Курапат паводле заканадаўства і не дазваляць там забудоўляў? Няўжо не чуў Бяляеў пра наведвальніка «Поедем поедим» Кудлаева (гэта ж трэба так нажэрціся), які паказваў непрыстойныя жэсты («факі») у бок крыжоў?

Канешне, ведаў. Але выраз сталініста Пакроўскага пра тое, што гісторыя — гэта палітыка, перакуленая ў мінулае, у лукашэнкаўскай Беларусі, набывае яўныя абрысы.

Здзіўленне выклікае пазіцыя кіраўніцтва рэдакцыі «Мінскай праўды». Калі б у рэдакцыі было б больш розуму і мазгоў (дарэчы, як і ў заснавальнікаў «Поедем поедим»), то газета была б больш пільнай. «Людоедские лозунги», «политические некрофилы». Ну як так можна ў дзяржаўнай газеце?

Дарэчы, у якасці выконваючага абавязкі галоўнага рэдактара (і дырэктара!) пазначаны спадар Ігар Ганчарук. Цікавая асоба… Той самы, што кіраваў «Минской волной», і на якога была заведзена крымінальная справа.
Аднак Ганчарук спрацаваўся з Бяляевым. Што тут казаць: абое рабое.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-07-30 08:01:04
"Цікава, што палітолагамі... называюць сябе шмат людзей, якія працуюць у дзяржаўных медыях, і якія ніколі не навучаліся па гэтых спецыяльнасцях". Гэта праўда, і гэта - праблема. Але нярэдка палітолагамі мянуюць сябе і філолагі, выпускнікі журфаку etc., якія мільгаюць у НЕдзяржаўных СМІ. Што, на маю думку, не меншая праблема...
"Гэтая тэорыя даўняя як свет і пачала эксплуатавацца яшчэ з 1992 года..." Раней; я бачыў і публікацыю пра "нямецкі след" 1991 г. (у "Во славу Родины", здаецца).
  • Пшеничнова Надежда Никифоровна
  • 2018-08-01 01:11:41

Очень обидно и очень стыдно за власть,которая СВОЕ родное продает в угоду тем, кто не уважает ни историю, ни страну их приютившую, ни самих беларусов, их скорбь , память и историческую правду. Честь и достоинство, где ВЫ ???
  • Кастусь
  • 2018-08-01 14:06:55
Особенно,когда так называемые "защитники Куропат",мiтусяцца там пад бчб тканiнай.Так сама пад гэтай бчб-тканiнай мiтусiлiся тыя ,хто растрэльвау людзей прывезяных iз Усходняй Яуропы у тых самых Курапатах,у тым самым Трасцянцэ,хто палiу,разам з украбандэрауцамi Хатынь,разам з лiтоускiмi,латышскiмi СС iншыя беларускiя вескi.