«Нельга загадаць перастаць ненавідзець або сілком вынікова працаваць»

Страйкавы рух у Беларусі набірае абароты. Кожны дзень дзясяткі супрацоўнікаў сыходзяць у страйкі, а потым звальняюцца пад ціскам або аказваюцца звольненымі.


Першымі сыходзіць часцяком зусім не моладзь, якая толькі ўладкавалася на прадпрыемствы, а спецыялісты высокага класа, што адпрацавалі на прадпрыемствах дзясяткі гадоў.


«Людзі будуць сыходзіць і далей — да гэтага падштурхоўвае ўлада»

На ААТ «Нафтан» і заводзе «Палімір» да страйку далучыліся пакуль шэсць чалавек (шостым стаў машыніст устаноўкі «Пенекс» Канстанцін Рабікаў), аднак там 500 чалавек за апошнія тры месяцы ўступілі ў незалежны прафсаюз (БНП).

На ўсіх працоўных, якія выйшлі з праўладнага прафсаюза, аказваецца беспрэцэдэнтны ціск.

— Ужо 500 чалавек перайшло ў БНП і рух актыўна працягваецца. Таму цяпер усе сілы кінутыя на тое, каб спыніць выхад з Белхімпрафсаюзу.

Менавіта гэтым займаецца новы дырэктар і ўсё астатняе кіраўніцтва. Ёсць начальнікі цэхаў, якія не лянуюцца і не шкадуюць працоўнага часу, і кожны дзень па чарзе выклікаюць усіх сябраў БНП. Людзям пагражаюць звальненнем, нядопускам, непадаўжэннем кантракту — дзеліцца з карэспандэнтам «Салідарнасці» былы старшы аператар устаноўкі «Дэпарафінізацыя-2» Уладзімір Крысёнак.


Ён успамінае, як у жніўні на ААТ «Нафтан» і заводзе «Палімір» удалося сабраць 3,5 тысячы подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва з народнымі патрабаваннямі спыніць гвалт і правесці сумленныя выбары. Менавіта гэтыя людзі і выходзяць з праўладнага прафсаюза ў першую чаргу. Трэба сказаць, што для ўтрымання людзей арганізацыя абрала не зусім адэкватныя метады. Напярэдадні ў калектыўную дамову прадпрыемства па ініцыятыве Белхімпрафсаюза былі ўнесеныя змены.

— На шэсць месяцаў прыпынілі дзеянне пунктаў, якія раней не дазвалялі наймальніку без узгаднення з прафсаюзам звольніць работніка. Цяпер ён можа гэта зрабіць, да таго ж пад фармальнай падставай — за два дысцыплінарных спагнання або за адзін прагул.

Прычым ініцыятыву ўнёс Белхімпрафсаюз, гэта значыць, сам прафсаюз даў дабро: звальняйце, мы не будзем іх абараняць. Але гэта ж абсурд! — здзіўляецца суразмоўца.

Сам Уладзімір таксама ўступіў у БНП, а пасля быў абраны старшынёй цэхавага камітэта:

— Я адпрацаваў на прадпрыемстве больш за 20 гадоў без адзінай заўвагі. Але адразу пасля прыняцця паправак у калектыўную дамову кожная мая змена пачыналася не з вытворчых момантаў, а з чарговай тлумачальнай. Мне трэба было іх пісаць з любой нагоды. Кіраўнікі сталі вылічваць нашы перамяшчэння да секунды.

Калі, дапусцім, я перасёк прахадную ў 16.02, то начальнік правяраў хуткасць, з якой я мог ісці, і радасна аб’яўляў, што я сышоў са змены, якая заканчваецца роўна ў 16.00, раней на пару хвілін.

Гэта такія прыдзіркі, на якія наогул ніколі ніхто не звяртаў увагі. Апошні раз ад мяне запатрабавалі тлумачэнні па раздрукоўках сыходу з працы за пяць месяцаў! Гэта значыць, што начальнік цэлы дзень на працы не выконваў свае непасрэдныя абавязкі, а сядзеў і вылічаў усе мае хвіліны і секунды, калі я ў медпункт хадзіў або адлучаўся са звальняльнай.

Уладзімір кажа, што, нягледзячы на ціск і рэпрэсіі, незалежны прафсаюз змагаецца за кожнага свайго супрацоўніка.

— На сваёй вытворчасці я нікога ў крыўду не даў. Нас некалькі дзесяткаў і нам лягчэй бараніць адзін аднаго. Мы ўсе адразу збіралі подпісы, ішлі адкрыта да начальства.

Рэагавалі на гэта насцярожана, нам казалі, навошта мы нясем гэтыя «паперкі». На што мы тлумачылі, што гэта не паперкі, а дакументы, якія, як і многія іншыя зафіксаваныя парушэнні, абавязкова спатрэбяцца ў будучыні, каб усе вінаватыя адказалі паводле закона.

У суботу, 14 лістапада, прафсаюзны лідар адпрацаваў сваю апошнюю змену, пасля чаго абвясціў аб сыходзе ў страйк:

— Рух у БНП працягваецца і людзі будуць сыходзіць у страйк. Да гэтага ўлада падштурхоўвае сваімі дзеяннямі. У нядзелю мы хацелі проста ўскласці кветкі да імправізаванага мурала ў памяць пра Рамана Бандарэнку. Але ўсіх, хто з’явіўся з кветкамі, грузілі ў аўтазакі. Цяпер некаторыя мае былыя калегі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Вядома, яны на працу больш не вернуцца.


«Тое, што адбывалася на Плошчы Пераменаў, стала апошняй кропляй»

Яшчэ адзін старайкамавец просіць не называць яго імя, і распавядае пра настроі на «Нафтане» і «Паліміры».

— Людзі паддаюцца на пагрозы кіраўніцтва, і яно гэтым карыстаецца. Страх і запалохванне — адзіны інструмент, які застаўся ва ўлады. Ці доўга яны змогуць пратрымацца на працаўніках, якіх прымусілі працаваць пад страхам рэпрэсій, — вялікае пытанне.

Калі мы запісалі ролік, дзе распавялі, у якой краіне хацелі б жыць, усіх выклікалі ў пракуратуру і пагражалі кучай артыкулаў аж да «звяржэння ўлады», — кажа суразмоўца.

Па яго словах, на днях высветлілася, што некаторыя не ведаюць, хто такі Раман Бандарэнка і што з ім здарылася.

— Я ўвесь час задаю пытанне, што павінна яшчэ адбыцца, каб падняўся кожны? У кожнага ў сям’і павінны кагосьці пакалечыць або забіць? — эмацыйна кажа былы супрацоўнік прадпрыемства.

Пакуль жа, адзначаюць стачкамаўцы, іх многія дзякуюць, а некаторыя «проста апускаюць вочы пры сустрэчы»:

— Баяцца страціць працу і грошы — гэта нармальныя праблемы для мірнага часу. Але ў параўнанні з тым, што цяпер адбываецца ў краіне, грошы і праца — гэта такая драбніца, якая ніяк не можа апраўдаць бяздзейнасць людзей.

У нядзелю ў нас шмат людзей выйшла ў горад, мы не збіраліся ў калону: хадзілі групамі па горадзе і разумелі, што нас шмат. Гэта колькасць мяне натхніла, я вярнуўся ў добрым настроі, але калі ўбачыў тое, што адбывалася на Плошчы Пераменаў, калі з людзьмі звярталіся як са быдлам, гэта стала для мяне апошняй кропляй.

Суразмоўцы з ААТ «Нафтан» і завода «Палімір» кажуць, што асабіста да іх з-за іх актыўнай пазіцыі ніхто не звяртаўся з просьбай стаць штрэйхбрэхерамі для «Гродна Азот»:

— Думаю, ні да аднаго сябра БНП з такой просьбай не падышлі б. Але ведаю, як ўгаварылі пару чалавек, у якіх да пенсіі засталося няшмат. Ім пагражалі непрацягненнем кантракту. Яшчэ адзін трапіў за п’янку на прахадной, яму таксама сказалі: або звальненне, або паедзеш.


«Людзі баяцца гаварыць адзін з адным, вяртаецца 1937 год»

Алег і Ларыса Шанюк абодва адпрацавалі на БМЗ больш за 30 гадоў. Абодва сышлі ў страйк, а пасля, з-за пагроз і ціску праваахоўнікаў, вымушаныя былі з’ехаць з краіны.


— У нашай сям'і фармальна я першым сышоў у срайк. На самай справе спачатку рашэнне прыняла Ларыса. Яшчэ ў жніўні тое, што адбылося так яе ўразіла, што яна, чалавек глыбока веруючы, не вытрымала і напісала ўлёткі з крыкам душы «Праклён крываваму дыктатару» і развесіла іх на працы.

Яе пачалі «прэсаваць» з усіх бакоў, давялі да перадінсультнага стану, прама з працы яе забрала «хуткая» і яна два тыдні правяла ў бальніцы. У гэты час я актыўна выступаў на мітынгах і задаваў шмат пытанняў кіраўніцтву. Адказаў не атрымаў.

Я падтрымліваў хлопцаў, якія спынілі печы, быў вельмі натхнёны тым, што адбываецца, — успамінае Алег жнівеньскія падзеі.

— Цяпер на заводзе жудасная атмасфера. Ідзе вельмі сур’ёзнае нагнятанне, начальства імкнецца вылічаць кожнага, хто чымсьці незадаволены. Увесь час чакаеш падвох ад тых, хто побач, людзі баяцца гаварыць адзін з адным. Вяртаецца 1937 год — распавядае «Салідарнасці» Ларыса.

Дзеліцца, як завадчан угаворваюць уступаць у «дружыннікі»:

— Прапаноўвалі нават мне, ведаючы, што майго мужа, які сышоў у страйк, звольнілі. Абяцалі за гэта дзень да адпачынку. Кіраўніцтва паводзіць сябе абуральна, асабліва ідэолаг, які ўявіў сябе царом. Але нельга загадаць перастаць ненавідзець або сілком вынікова працаваць — - упэўненая былая супрацоўніца.

Муж і жонка, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, вельмі рады, што іх цалкам падтрымалі дзеці.

— Вядома, мы вельмі хочам вярнуцца і зноў працаваць на сваім заводзе, але не на гэты рэжым, — сказалі металургі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: