Непад'емны падарунак дзяржавы

Кіраўнік дзяржавы неаднойчы заклікаў беларускіх жанчын нараджаць больш дзяцей. Выдаюцца ўказы аб падтрымцы шматдзетных сем'яў пры будаўніцтве жылля, якія абяцаюць 100% субсідыю для тых, хто мае чацвёра і больш дзяцей. Але ці заўсёды гэтая субсідыя з'яўляецца падтрымкай з боку дзяржавы?
Случчанка Вера Няронская, якая мае пяцёра дзяцей, распавяла сваю складаную гісторыю аб будаўніцтве льготнага жылля, якое прарабіла вялізныя дзіркі ў сямейным бюджэце.

У 2014 годзе на пачатак будаўніцтва жылля ў нашай сям’і было чацвёра дзяцей, — гаворыць Вера Анатольеўна. — Падчас уступлення ў будаўнічы кааператыў у райвыканкаме нам паабяцалі 100-адсоткавую жыллёвую субсідыю на будаўніцтва кватэры ў 120 квадратных метраў пры кошце аднаго квадратнага метра 6100 недамінаваных рублёў. Кватэра павінна была абысціся дзяржаве ў 732 мільёнаў рублёў. Пры гэтым нас ніхто не папярэдзіў, што мы павінны будзем укласці вялізную суму грошай пры дадатковым аплочванні коштаў квадратных метраў - калі яны вырастуць у цане. Паколькі дом быў пабудаваны даволі хутка — за 8 месяцаў, мы з мужам былі шакаваны тым, што на выхадзе цана аднаго квадратнага метра склала 7953 рублёў, а агульны кошт кватэры падрос да 829 мільёнаў. Паколькі агульная плошча пабудаванага жылля склала ўсяго 102 квадратных метраў, мы спадзяваліся, што субсідыя на большую колькасць плошчы (120 кв.м.) перакрые ўвесь кошт, і нам не прыйдзецца шмат даплочваць.

Насамрэч, прыйшлося даплаціць яшчэ 103 мільёна рублёў з уласнай кішэні. Зразумела, што такіх грошай у нас не было, і, як малазабяспечаныя грамадзяне, не змаглі нават узяць камерцыйны крэдыт у банку. Прыйшлося ўлезці ў камерцыйныя крэдыты пад высокія адсоткі нашым родзічам.

Цікава, што дом быў здадзены ў эксплуатацыю ў канцы лістапада 2014 года, а мы без канца працягвалі ўносіць грошы на будаўніцтва яшчэ на працягу трох месяцаў 2015 года.

Напужаныя коштамі будаўніцтва, якія працягвалі расці, чальцы жыллёвага кааператыву адмовіліся ад усіх аздобных работ. Засяліліся ў будынак з голымі сценамі: ні падлог, ні дзвярэй, ні тынкоўкі, ні шпаклёўкі. Дарэчы, ад бетоннага пола ў падвале ніхто не адмаўляўся, але замест яго ляжыць толькі голы пясок. Таксама ў падвальных сутарэннях, прадвызначаных да захавання асабістых рэчаў, адсутнічаюць дзверы, але гэта не прапісана ў «адказной паперы».  

Вера Анатольеўна распавядае, што да гэтага часу не валодае інфармацыяй аб прычынах так рэзка вырасшага кошту кватэры. 


Яшчэ ў снежні 2014 года па даручэнню жыльцоў незалежны аўдытар Ларыса Козіч спрабавала высветліць дакладнасць мэтавага скарыстання грашовых сродкаў дольшчыкаў жыллёва-будаўнічага кааператыву №37, аднак, не здолела гэта зрабіць у сувязі з абмежаваным аб’емам прадстаўленых дакументаў.

Вера Няронская лічыць, што кошт будаўніцтва яе кватэры быў наўмысна завышаны і звяртаецца ў розныя кантрольныя інстанцыі з просьбай аб праверцы фінансавых затрат на будаўніцтва жылля. Атрымала шмат адказаў з Беларусбанка, райвыканкама, ЖБПК №37, камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Мінскага аблвыканкама, якія спасылаюцца на існуючае заканадаўства і дзейсныя нарматывы, але ў сваіх адказах утрымліваюць нават розныя сумы агульнага кошту яе кватэры. Звярталася і ў Мінскі абласны камітэт дзяржаўнага кантролю, які перанакіраваў яе зварот у Мінскі аблвыканкам. На чарзе — скарга ў рэспубліканскія кантрольныя інстанцыі.



Вось ужо тры гады сплочваем крэдыт на жыллё і ледзве выжываем, — скардзіцца маці пецярых дзяцей. — Муж працуе сельскім механізатарам, атрымлівае 700 рублёў. Пры іншых умовах гэта было б і нядрэнна. Але ж пяцёра дзяцей: трэба апрануць і пакарміць, падрыхтаваць да школы. Каб выправіць дзяцей належным чынам у школу прыйшлося залезці ў дадатковыя даўгі.

У апошнім звароце на імя старшыні Рэспубліканскага Камітэту дзяржаўнага кантролю жанчына просіць праверыць кошты будаўніцтва дома, зыходзячы не толькі з яе інтарэсаў, але і з дзяржаўных інтарэсаў.

Справа ў тым, што ў нашым доме за кошт льготнага крэдытавання будаваліся яшчэ 15 мнагадзетных сем’яў. Дзяржава павінна цікавіцца, ці належным чынам патрачаны грошы з казны, — гаворыць жанчына. — Ва ўсіх іншых дамах, што будаваліся ў Слуцку ў той год з прыцягненнем льготных крэдытаў, ніхто з мнагадзетных сем’яў столькі грошай не даплочваў.  

Вікторыя Грыцкевіч, якая будавался ў гэты ж год за кошт льготнага крэдыту на вуліцы 1-ы завулак Багдановіча ў Слуцку, таксама здзіўлена такімі даплатамі з боку шматдзетнай сям’і:

Я не ведаю ніводнай шматдзетнай сям’і ў Слуцку, якая б столькі мусіла плаціць за квадратныя метры. Пры тым, што гэтай сям’і яшчэ і не хапае плошчы, — выказалася шматдзетная маці.

Намеснік старшыні райвыканкама па архітэктуры і будаўніцтву Мікалай Пенязь лічыць, што Вера Няронская атрымала ўжо дастаткова інфармацыі па выніках яе запытаў у розныя ўстановы наконт кошту будаўніцтва кватэры.

Дзяржава выдзяляе субсідыю на канкрэтны кошт квадратных метраў. Усё, што каштуе больш, — праблемы грамадзян. Неронская Вера пабудавалася ў трохпавярховым доме, а не ў 5-ці павярховым, дзе пражывае больш жыльцоў. І нават той жа фундамент абыходзіцца даражэй для забудоўнікоў 3-х павярховага дома. Да таго ж ніхто не перашкаджае сабрацца жыльцам на агульны сход і запатрабаваць ад кіраўніцтва жыллёвага кааператыву дакладнай інфармацыі аб коштах будаўніцтва.

Вера Няронская ж у сваю чаргу гаворыць аб немагчымасці праз агульны сход што-небудзь праверыць і спадзяецца на дапамогу Рэспубліканскага Камітэту дзяржкантролю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: