Непрызнанне выбараў, працяг пратэсту і новая ахвяра ўлады. Найважнейшае за 19 жніўня

Гэта толькі падаецца, што пратэсты сцішыліся. Насамрэч, яны пераходзяць у іншую плоскасць — у плоскасць перамоў і доўгатэрміновага супрацьстаяння. І гэтага не трэба палохацца.


Еўрапейскі Саюз не прызнаў афіцыйна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня. Пра гэта заявіў прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль пасля пазачарговай відэаканферэнцыі лідараў краін ЕС.

«Мы хочам паслаць выразны мэсэдж: ЕС салідарны з беларускім народам, і мы не ўспрымаем беспакаранасць. Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні сумленным і не адпавядалі міжнародным стандартам. Мы не прызнаем вынікаў, прадстаўленых беларускімі ўладамі. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага», — сказаў Мішэль.

Лідары ЕС таксама дамовіліся ўвесці санкцыі супраць асоб, якія маюць дачыненне да гвалту і рэпрэсій і фальсіфікацыі выбараў.Пры гэтым у ЕС запэўнілі, што санкцыі не закрануць простых беларусаў.


У ваенным шпіталі Мінску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў. Сваякі мужчыны кажуць, што размаўлялі з відавочцамі і тыя распавядалі, што Генадзь не біўся, не канфліктаваў — проста ішоў.

У МУС паведамілі, што ў Брэсце ўвечары 11 жніўня міліцыя страляла ў пратэстоўцаў з агнястрэльнай зброі на паразу. Па даных міліцыі, ёсць паранены. Мелі яны на ўвазе Генадзя Шутава, невядома.

Генадзь — трэцяя ахвяра сілавога падаўлення акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.


У Мінску працягваліся вулічныя пратэсты. Гэтым разам на акцыі салідарнасці выйшлі супрацоўнікі і студэнты БДУ, працоўныя адной з ЦЭЦ.

Забастоўку ад панядзелка падтрымаў калектыў радыё «Сталіца»: у эфір не выйшла ні адна забаўляльная праграма, толькі навіны спорту і прагноз надвор’я выходзілі цягам дня. У аўторак калектыву было сказана, што іх звольняць па артыкуле, на што супрацоўнікі згадзіліся.


Тым часам сілавікі спрабуюць перашкодзіць народнай падтрымцы страйкуючым рабочым. Зранку 19 жніўня ў АМАПаўскую аблогу быў узяты МТЗ і Купалаўскі тэатр.

А сфармаваны каардынацыйны савет па трансферы ўлады звярнуўся з прапановамі аб перамовах у Адміністрацыю прэзідэнта. Адказу, зразумела, не атрымалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: