Неразуменне сітуацыі альбо «сабатаж на месцах»? Найважнейшае за 16 верасня

Складваецца ўражанне, што чыноўнікі дзейнічаюць па прынцыпе «чым горш — тым лепш». Гэткі цікавы сабатаж, што наносіць шкоду сістэме, найперш, фінансавую. Эфект ад марнавання грошай (і даволі вялікіх) — нулявы, але ва ўлады іх паменее.


Што да фінансавых паказчыкаў, то яны ўвогуле кепскія. Валавы знешні доўг Беларусі на 1 ліпеня 2020 года склаў $41,1156 млрд. Гэта азначае, што беларуская сям’я з чатырох чалавек — дваіх бацькоў і дваіх дзяцей — умоўна вінна знешняму свету $17470.

Сумарныя пазыкі прадпрыемстваў-флагманаў ідуць на гістарычны рэкорд. На 1 жніўня сукупныя запазычанасці буйных і сярэдніх прадпрыемстваў краіны склалі 148,4 млрд BYN. Па студзеньскім прагнозе Мінэканомікі ВУП Беларусі за год можа скласці 143,5 млрд BYN. Такім чынам, даўгі кампаній-флагманаў ўжо цяпер больш, чым памер эканомікі!

У той жа час Лукашэнка сабраў нараду «актыву», каб патлумачыць ім, што, на яго думку, адбываецца ў краіне. Нічога новага ён не сказаў: старая параноя пра «знешняе ўмяшальніцтва» і гэтак далей.

У Мінску прачнуліся арганізаваныя мітынгі прыхільнікаў Лукашэнкі. Прычым, арганізуюцца яны, зразумела, не за проста так.


З’явілася інфармацыя, што неўзабаве пройдзе «патрыятычны канцэрт», арганізаваны праўладным Саюзам жанчын. На яго зганяюць-звозяць бюджэтнікаў з усёй Беларусі. Гэта агромністыя выдаткі, асабліва, калі ўлічыць, што ў праграме заяўлены Мікалай Баскаў. Ён за выступы танна не бярэ, і беларускімі рублямі не бярэ таксама.

Такім чынам, улада марнуе грашовы рэзерв мінулых гадоў на абсалютна бескарысныя мерапрыемствы. Гэта можна толькі вітаць: больш грошай сыйдзе на відовішчы — менш застанецца сілавікам.


Між тым, багата хто з сілавікоў разлічвае: нібыта, санкцыі ЕС закрануць не іх, а вышэйшае кіраўніцтва, і таму думаюць, што яны будуць жыць, як раней. Дык не. Святлана Ціханоўская анансавала стварэнне «санкцыйнага спісу Калеснікавай». Паводле яе слоў, перад беларускай апазіцыяй цяпер стаіць вельмі шмат задач, сярод якіх рашэнне сітуацыі не толькі з Калеснікавай, але і з іншымі палітвязнямі. Адказваючы на пытанне, ці з’явіцца ў будучыні санкцыйны «спіс Калеснікавай», Ціханоўская сказала: «Так, вядома, з’явіцца».

Працягваецца супраціў і на вуліцах, і ў грамадстве. Толькі ўначы невядомыя зафарбавалі мурал Калеснікавай, як удзень ён ужо быў адноўлены. А ўвечары стаў яшчэ прыгажэй.


Фанаты салігорскага «Шахцёра» выступілі з моцнай заявай: яны абвясцілі, што з-за падзей у Беларусi спыняюць падтрымку каманды на сектары, а таксама любую агрэсію ў бок ультрас іншых клубаў.

Кіраўніцтва найбуйнейшага ў Нарвегіі пакупніка беларускага калію, кампаніі Yara, прыяжджае ў Салігорск на перамовы з кіраўніцтвам Беларуськалію, дзе некаторых супрацоўнікаў звольнілі ці пасадзілі за краты за пратэсты. Раней кампанія выступіла з заявай, у якой указвалася на недапушчэнне парушэння правоў працоўных.

Амерыканская Sandvine Inc. скасавала пагадненне з Беларуссю, заявіўшы, што ўрад выкарыстаў яе тэхналогіі для парушэння правоў чалавека.

Было і будзе яшчэ шмат чаго цікавага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: