NEXTA: на будаўнічай пляцоўцы АЭС у Астраўцы загінуў рабочы

Надзвычайнае здарэнне адбылося на будаўнічай пляцоўцы АЭС у Астраўцы. Паводле папярэдняй інфармацыі на будоўлі электрастанцыі загінуў рабочы. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал NEXTA.

Загінулы – працаўнік падраднай будаўнічай арганізацыі І. Быхоўскі. На АЭС ён працаваў на пасадзе кранаўшчыка.

Надзвычайнае здарэнне belsat.eu пацвердзілі ў Астравецкім райаддзеле Следчага камітэту. Разам з тым падрабязнасці і абставіны інцыдэнту пакуль не паведамляюцца.

Нагадаем, што ў ліпені падчас будаўнічых працаў на Астравецкай АЭС два працаўнікі атрымалі моцныя траўмы. 59-гадовы і 23-гадовы рабочыя зваліліся з вышыні ў выніку збою працы аўтавышкі.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расейскім праекце паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў канцы 2019 года, другі – у 2020-м. Блізкасць станцыі да Вільні выклікала нязгоду з боку літоўскіх уладаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!