Незнаёмец вярнуў сям’і палітзняволенай мабільнік, куплены ў краме канфіскату

Сям’і палітзняволенай Ларысы Танкашкур, якая адбывае пакаранне за выдаванне даных міліцыянтаў, вярнулі ейны мабільны тэлефон, піша Свабода.

Гэта зрабіў з добрых пачуццяў незнаёмы Ларысе чалавек, кажуць сваякі палітзняволенай.

Мабільнік Ларысы Танкашкур быў канфіскаваны ў палітзняволенай пасля завядзення на яе крымінальнай справы. Тэлефон канфіскавалі паводле прысуду і пазней выставілі на продаж у краме канфіскату. Але цяпер ён зноў у доме Ларысы Танкашкур і чакае яе вяртання з вязніцы.

«Пазваніў невядомы чалавек. Сказаў, што купіў гэты мабільнік у краме канфіскату, мой нумар захаваўся, і ён яго набраў, каб проста высветліць гісторыю таго тэлефона. А як даведаўся, чый гэта мабільны, дык сам прапанаваў, што верне яго без усялякіх умоваў. Мабільнік ужо дома. Вось такая ў нас добрая навіна. Ларыса вернецца, а тэлефон яе ўжо чакае, можна будзе хутка звязацца з усімі людзьмі, з якімі раней яна кантактавала», — паведаміла сваячка Ларысы Танкашкур.

Паштарка з Мінску Ларыса Танкашкур з ліпеня адбывае трохмесячнае зняволенне за выдаванне прыватных звестак міліцыянтаў, якія пражываюць на ўчастку, дзе яна працавала. На судзе Ларыса Танкашкур патлумачыла свой учынак абурэннем дзеяннямі сілавікоў, якія білі пратэстоўцаў. Жанчына цалкам прызнала віну.

Адбывае пакаранне Ларыса Танкашкур у Баранавіцкім арыштным доме, які знаходзіцца на тэрыторыі Баранавіцкага СІЗА. У першыя два месяцы арышту ў палітзняволенай былі праблемы з ліставаннем. Таксама на ўмовах адбыцця пакарання адбілася тое, што яе адразу прызналі «схільнай да экстрэмізму».

Днямі сваякі атрымалі ад яе чарговы ліст.

«Пісаць асабліва няма пра што. Галоўнае, што калектыў у камеры падабраўся добры, мне пашанцавала. Але час ідзе марудна, хоць і ёсць пра што пагаварыць. Гуляем у шашкі, чытаю кнігі. Выводзяць на прагулкі і ў душ, стаўленне да нас добрае. Усё астатняе пры сустрэчы абмяркуем», — напісала Ларыса ў апошнім лісце сваякам.

Тэрмін арышту для Ларысы Танкашкур заканчваецца 30 верасня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: