Любы чалавек, які наважыцца наведаць рэстарацыю «Паедзем паядзім», павінен ведаць: яго спроба падсілкавацца ў гэтым пункце грамхарчу можа мець непрадказальныя наступствы. Прынамсі, пра гэта папярэджваюць чальцы «Курапацкай варты».


Стратны аб’ект

Уся справа ў тым, што амаль ад пачатку працы гэтай рэстарацыі і ўзнікнення «Курапацкай варты» і да сённяшняга дня (і ў далейшым) неабыякавыя грамадзяне не толькі праводзяць тлумачальную працу сярод наведнікаў «Паедзем паядзім». Яны яшчэ і фіксуюць — і машыны, і наведвальнікаў, і персанал, і фірмы, якія супрацоўнічаюць з «аб’ектам прыдарожнага сэрвісу», пабудаванага сумніўна з пункту гледжання закона і з парушэннем ахоўных межаў Нацыянальнага некропалю.

Вынікам гэтай працы стала агульная база дадзеных, якую распрацаваў журналіст Дзяніс Івашын. Пакуль гэтую базу дадзеных не выкладаюць у адкрыты доступ, але пэўныя яе часткі Дзяніс Івашын раскрыў.

За час «Курапацкай варты» здзейснена 618 фіксацый — то бок, машын, якія заехалі на тэрыторыю рэстарацыі «Паедзем паядзім». У сярэднім за дзень на тэрыторыю рэстарацыі заязджае каля 15 машын, з іх кліенцкіх — толькі дзевяць, астатнія службовыя і машыны персаналу. Прычым, у звычайны дзень, адзначае Павел Севярынец, на тэрыторыю рэстарацыі заязджае 3-4 машыны. Іх паток павялічваецца ў выходныя, калі рэстаран прапануе бясплатны плоў ці нешта яшчэ ў якасці «заманухі».

Зразумела, што для ўстановы на 200 пасадачных месцаў 3-4 машыны на дзень (максімум 16-20 кліентаў) гэта — кропля ў моры. І цалкам мажліва, што такім чынам дзейнічае кампанія байкоту. Рэстарацыя эканамічна сябе не апраўдвае, зазначыў Дзяніс Івашын.

Па-другое, удзельнікі «Курапацкай варты» фіксуюць не толькі машыны, якія заязджаюць на тэрыторыю «Паедзем паядзім». Яны таксама імкнуцца сфатаграфаваць і наведвальнікаў. А ўжо потым Івашын высвятляе, хто гэта былі і што яны там рабілі.

Робіцца гэта вельмі проста: амаль кожны чалавек зараз прысутнічае ў сацыяльных сетках. І, шляхам супастаўлення яго твару, можна знайсці яго профіль у гэтых сацсетках. А там ужо і высветліць, хто ён і чым займаецца.

Напрыклад, такім чынам прадстаўнікі «Курапацкай варты» знайшлі сям’ю літоўцаў з Вісагінаса, якія вырашылі «паехаць паесці». Зразумела, для замежнікаў ніякіх наступстваў, акрамя маральнага ганьбавання, быць не можа. Але адзін з гэтых грамадзян Літвы стала жыве ў Мінску і мае тут лагістычны бізнес. І яго фірма цалкам можа быць уключаная ў спіс «грамадскага байкоту», які праводзяць абаронцы Курапатаў.

Дзяніс Івашын паказвае, як лёгка ідэнтыфікуюцца людзі ў інтэрнэце

Праз назву фірмы можна высветліць яе кліентаў і запрасіць іх не карыстацца паслугамі чалавека, які грэбліва ставіцца да ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пра такі факт можна паведаміць у адпаведныя літоўскія органы. Тут ужо — невычарпальнае поле для фантазіі.


«Накрутка» наведвальнікаў?

На прэзентацыі базы дадзеных Дзяніс Івашын прыводзіў факты пра замежнікаў, якіх такім чынам ідэнтыфікавалі. З беларускімі грамадзянамі адначасова і прасцей, і складаней. Найперш таму, што ў Беларусі закрытая база дадзеных па нумарах аўтамабіляў. Але беларусы больш за іншых любяць сацыяльныя сеткі.

Такім чынам — у асноўным праз Інстаграм — абаронцы Курапатаў высветлілі, што частка наведвальнікаў (а дакладней, наведвальніц) рэстарацыі — гэта дзяўчыны, якія працуюць у мадэльных агенцтвах. То бок, цалкам мажліва, што яны не самі «паехалі паесці» ў сумніўную ўстанову — іх адмыслова запрасілі туды бавіць час. І можа быць, яшчэ і заплацілі за гэта, з умовай прасоўвання рэстарацыі ў сваіх акаўнтах у тым жа Інстаграме.

То бок, рэстарацыя можа быць яшчэ больш стратнай, чым падаецца на першы погляд.


З пункту гледжання законнасці…

Некаторыя кажуць, што стварэнне базы дадзеных наведвальнікаў Курапатаў — вельмі сумніўнае з пункту гледжання законнасці і захавання асабістага жыцця грамадзянаў. І што нельга збіраць звесткі пра тых, хто наведвае рэстарацыю.

Дзяніс Івашын так не лічыць. Па-першае, па яго словах, чальцы «Курапацкай варты» ў пэўным сэнсе, наадварот, імкнуцца да выканання закону. Бо адпраўны дакумент для іх — пастанова Генпракуратуры пра спыненне будаўніцтва ў Курапатах і знос пэўнай часткі комплексу ад 2012 года. Гэтая пастанова так і не была выкананая. І таму абаронцы Курапатаў своеасабліва (так, вельмі своеасабліва, але ж факт!) спрыяюць узнаўленню парушанай у гэтым выпадку законнасці.

Па-другое, рэстарацыя — гэта публічнае месца. У гэтым публічным месцы таксама ёсць сістэма відэаназірання. Таму любы чалавек, які захацеў наведаць рэстарацыю, павінен памятаць, што ён трапляе пад назіранне не толькі з боку «Курапацкай варты», і пра «прыватнае жыццё» тут размова ўжо не ідзе.

Па-трэцяе, метад расследавання праз адкрытыя крыніцы дазваляе сабраць пра чалавека толькі тую інфармацыю, якой ён сам вырашыў адкрыта падзяліцца ў сацыяльных сетках. Івашын толькі збірае гэтую публічную інфармацыю ў пэўную структуру.

Павел Севярынец выказаўся больш радыкальна. Ён лічыць, што Курапаты — не проста могілкі і не проста некропаль, гэта яшчэ і месца злачынства. Гэта было месцам злачынства, калі там расстрэльвалі людзей, і гэта месца злачынства зараз — калі здзейсненая незаконная, па яго меркаванні, пабудова. А значыць, людзі, якія наведваюць «Паедзем паядзім», наведваюць месца злачынства. І, можа быць, саўдзельнічаюць у гэтым злачынстве, падтрымліваючы рэстарацыю рублём, пакідаючы ў ёй грошы. А таму размова ідзе пра злачынства, а не пра прыватнае жыццё грамадзян.

Па словах Севярынца, асаблівасці наведвання рэстарацыі і наступствы гэтага ўчынку тлумачацца наведвальнікам, якія спыняюцца «Курапацкай вартай». І часцяком людзі, якія даведваюцца пра гісторыю пабудовы рэстарацыі і пра самі Курапаты, разварочваюцца і з’язджаюць. Такіх «Курапацкая варта» не фіксуе, і ў базу дадзеных яны не трапляюць. А тыя, хто, нягледзячы на тлумачэнні, усё роўна «едзе паесці», свядома робяць свой выбар. І, адпаведна, мусяць чакаць наступстваў.

Наступствы

Ужо складзены першы спіс «грамадскага байкоту». Туды ўключаныя ўласнікі і супрацоўнікі рэстарацыі, чыноўнікі і спецыялісты, якія былі датычныя да дазволу будоўлі, пастаўшчыкі прадукцыі (сем фірмаў, уключаючы Слуцкі хлебзавод, ААТ «Бульбашъ», «Е-доставка» і іншыя) і восем агрэсіўных наведвальнікаў.

Прычым, кажа Севярынец, некаторыя наведвальнікі кажуць абаронцам Курапатаў: «Малайцы, мы з вамі, мы вас падтрымліваем! Аднак у мяне бізнес…» Такія, нягледзячы на маральную падтрымку, усё роўна будуць унесеныя ў «ганебны спіс».

Апроч грамадскага ганьбавання да гэтых людзей і прадпрыемстваў могуць быць ужытыя і іншыя сродкі ўздзеяння. Напрыклад, праз еўрапейскія структуры будзе прапанавана адмаўляць гэтым асобам у шэнгенскай візе. Магчымае ўздзеянне індывідуальнае: напрыклад, 16 жніўня на тэрыторыю рэстарацыі заехала машына грузінскага амбасадара (мабыць, таму, што шэф-кухарам у «Паедзем паядзім» — грамадзянін Грузіі). Таму абаронцы Курапатаў маюць намер звярнуцца ў МЗС Грузіі наконт неналежных паводзінаў яе прадстаўніка ў Беларусі. Ну і наконт шэф-кухара заадно.

«Мы хочам паказаць, што наведванне гэтай рэстарацыі — гэта не проста «паехаў паеў». Гэта прадмет грамадскага абмеркавання. І некаторыя ўсё ж вырашаюць з ёй не звязвацца», — лічыць Севярынец.


Спакойнага жыцця не будзе

Што тычыцца самой «Курапацкай варты», то, па словах Севярынца, колькасць яе ўдзельнікаў стабілізавалася. Зараз штодзень пад рэстарацыяй стаяць ад трох да дзесяці чалавек. Раней планавалася, што яе працягнуць як мінімум да Дзядоў (то бок, да пачатку лістапада). Але цяпер, як кажа палітык, ёсць і тыя, хто плануе там стаяць «да пераможнага канца». І, такім чынам, збор звестак пра наведвальнікаў рэстарацыі працягнецца.

Адпаведна, працягнецца і «байкотны спіс». І, адпаведна, «Паедзем паядзім» наўрад ці выйдзе на прыбытковую працу.

Але наведвальнікам рэстарацыі ўсё ж трэба ўлічваць, ці гатовыя яны заплаціць за ежу магчымай стратай Шэнгенскай візы. Ці лепей паесці ў іншым месцы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-11 16:03:13
...чальцы «Курапацкай ваврты»

Як вядомы амерыканска-беларускі хвілёляг раю вам падправіць і напісаць слова ВАРТЫ
  • Pulsha
  • 2018-10-11 16:55:36
Дзякуй! ) Падправілі )
  • Игорь Кузнецов
  • 2018-10-11 19:47:33
В Беларуси появилась шестая "спецслужба".Хорошо то,что она негосударственная.
  • грамадзянін
  • 2018-10-11 22:12:21
Вай-вай! Калі савецкі палітрук спужаўся заходняй журналістыкі, то што будзе, калі ўбачыць сапраўдную беларускую спецслужбу? Ужо будзе не да ёрнічаньня ды не да жартаў.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-11 22:45:40
Я бачыў б-ч-б спец службу.

Дэмакратычны б-ч-б АМАП, як і дэмакратычны б-ч-б КДБ або любыя іншыя дэмакратычныя б-ч-б сілавікі пры вашай дэмакратычнай б-ч-б уладзе, ходзяць у спецыяльнай дэмакратычнай б-ч-б уніформе: белыя штаны, чырвоны пояс, белая рубашка.

Страшно аж жуть!
  • спецслужба Пагоня
  • 2018-10-11 20:24:57
Па ізраэльскім прыкладзе, такія аматары паесьці будуць дастаўленыя на суд зь любой кропкі зямлі нашымі спецслужбамі, дзе будуць адказваць за свае ўчынкі перад беларускім грамадзствам. Ім варта памятаць пра гэта, а нам не забываць!
  • Natalia Tatur
  • 2018-10-12 19:43:07
Ганаруся абаронцамi Курапат !
Бог з праудзiвымi грамадзянамi Беларусi !
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-11 23:00:32
Ну и малёк по теме. Мая не понимайт действий чальцоў «Курапацкай варты». Праўду кажу. Працу Дзяніса ў гэтай тэме - спробу разабрацца ў праекце і будоўлі рэстарацыі разумеў, маўляў, мо ёсць тамака ў рэшэннях улады парушэнні Закону. Ну дык не знойдзена парушэнняў. А што робяць чальцы «Курапацкай варты» мая не панімайт, бо калі ўлада не чапае рэстарацыю, якая зназодзіцца адпаведна Закону, то чаго яе чапаюць змагары не разумею?
  • Цьфу!
  • 2018-10-12 00:09:27
У тэксце сказана, чаму рэстарацыя незаконная. Вучыцеся чытаць, аўтар гандлёвай маркі "Бульбаш", прыкарытны бізнесмен Старкоў.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-12 00:55:31
незаконная таму, што на Беларуси з'явіліся неабыякавыя грамадзяне?
яны Зя-хворыя
  • Увага!
  • 2018-10-12 13:28:32
Жанчына, якая называе сябе праваабаронцай, Алена Красоўская,рыхтуе нешта супраць абаронцаў Курапат.

Алёна Красовская:
"Клиенты ресторана "Поедем-поедим", столкнувшиеся со змагарами! Отзовитесь в личку,есть тема.
https://m.facebook.com/story.php?story_fbid=2143555135709521&id=100001651661070