Ніна Багінская: Кожны месяц дзяржава забірае ў мяне з пенсіі 160 рублёў

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info пра сваю жыццёвую пазіцыю, нязломнасць і бясконцыя штрафы.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

«У мінулым годзе мне выпісалі штрафаў прыкладна на 17.500 долараў», – кажа 72 гадовая пенсінерка.

Ніна Багінская – адна з тых, хто не баіцца выйсці на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам і, дарэчы, робіць гэта пастаянна. Міліцыя кваліфікуе гэта, як несанкцыянаваныя пікеты, і ўжо працяглы час выпісвае сталай жанчыне вялікія штрафы, якія ў агульнай суме дасягнулі ўжо фантастычных для пенсінеркі памераў. Прымае актыўны ўдзел Ніна Багінская і ў абароне Курапатаў…

– Днямі мяне з нагоды абароны Курапатаў выклікалі ў Бараўляны ў міліцыю, але я не паехала, – кажа Ніна Багінская. – Я казала і кажу зараз, што гэтая ўлада нелегітымная, а значыцца я не прызнаю яе законы. Праўда, міліцыянеры самі прыехалі да рэстарана ў Курапатах. Распавялі пра тое, што, маўляў, ім патэлефанаваў нейкі чалавек і распавёў, што Ніна Багінская прыходзіць у Курапаты са свастыкай і прапагандуе яе.

Але мая свастыка на плакаце спалучаецца з сярпом і молатам, у гэтым увесь сэнс. Я хацела паказаць рэпрэсаваную Беларусь, гэты плакат у мяне тры разы забіралі, калі я хадзіла з ім па горадзе. Былі нават суды з гэтай нагоды. У першым выпадку далі штраф у памеры 40 базавых велічынь, у другім – 50. І тады я падумала: калі нельга крытыкаваць камунафашызм у цэнтры Мінска, то разгарну плакат у Курапатах. І вось з гэтай нагоды міліцыянеры і прыязджалі да мяне разбірацца. Маўляў, прапагандую свастыку.

– І чым закончылася разбіральніцтва па «прапагандзе свастыкі»?

– Натуральна, патлумачыла міліцыянерам, што ўсё гэта хлусня. Я наадварот выступаю супраць фашыскай і камуністычнай палітыкі. Выступаю супраць камунафашызма, які панаваў на нашай зямлі. Я наогул не разумею, калі нашых актывістаў штрафуюць і адпраўляюць на «суткі» толькі за тое, што яны абараняюць Курапаты – святое месца для беларусаў. І я бараніла і буду бараніць таксама інтарэсы тых, каго кідаюць за Курапаты на «суткі». А міліцыянерам патлумачыла, што мы баронім сваю нацыю, адметную культуру, мову і месца, дзе былі забіты нашы продкі.

– Вы ўдзельнічаеце не толькі ў абароне Курапатаў, але і ў іншых акцыях. Колькі штрафаў ужо атрымалі за апошні час?

– Я займаюся толькі прыкладнымі падлікамі, і калі яны правільныя, то ў мінулым годзе мне выпісалі штрафаў прыкладна на 35 тысяч рублёў (каля 17.500 долараў). А ў гэтым годзе ў асноўным штрафуюць за абарону Курапатаў – то каля 40 базавых велічынь выпісваюць. Таму некалькі тысяч долараў, відаць, ужо таксама назбіралася.

– Вы не аплочваеце штрафы прынцыпова?

– Не плаціла і не збіраюся гэта рабіць. Але з кастрычніка мінулага году кожны месяц дзяржава забірае ў мяне 50 працэнтаў пенсіі. У выніку 160 рублёў атрымліваю на рукі, столькі ж ідзе на пагашэнне штрафаў.

Адным словам, штрафы мне выпісваюць значна хутчэй, чым я паспяваю іх кампенсаваць са сваёй невялікай пенсіі. На маім прыкладзе ўлада спрабуе запалохаць іншых, каб тыя спынілі актыўную дзейнасць.

– Каб спагнаць штрафы, судовыя выканаўцы абвясцілі нават аўкцыён па продажы вашага лецішча. Чым тая справа закончылася?

– Лецішча ў Дамашанах так і не прадалі, не знайшлося ахвотных пакупнікоў. Адбылося некалькі аукцыёнаў, ніхто не прыйшоў, і Смалявіцкі аддзел прымусовага пакарання наогул адмовіўся выстаўляць на аукцыён гэтую нерухомасць. Справу перанакіравалі ў аддзел прымусовага пакарання Першамайскага раёна Мінска.

Спрабавалі прадаць мой участак і ў Пухавіцкім раёне, але там таксама, відаць, нічога не атрымалася. Быццам бы суд з гэтай нагоды быў, але я нават не ведаю, чым ён закончыўся. На суды я не езджу.

Улада наогул паводзіць сябе дзіўным чынам. З кім яна змагаецца? На што трацяцца дзяржаўныя сродкі? На пенсінерку, якая выходзіць на вуліцу з плакатамі ці бел-чырвона-белым сцягам.

– А вашу мінскую кватэру не чапаюць?

– Яна не мая, бо я ад яе адмовілася. Кватэра належыць дзецям, дакументы даўно аформлены належным чынам.

– Ці будзеце працягваць сваё змаганне?

– Адно магу сказаць: нічога супрацьзаконнага я не раблю. Мне хочацца проста справядлівасці. Я – чалавек, у якога баліць душа за Беларусь.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Антось
  • 2018-09-26 18:02:40
Віват, віват! Дай Бог здароўечка на доўгія гады! Вось прыклад для старых і маладых. Я быў бы заўсёды побач, але жыву далёка, за сотні км.
  • Генавефа Шнипко
  • 2018-09-28 06:35:08
Не адабраю! Нема чым заняцца? Вазьми, кабета, ворак на смеци и идзи у лес.Там свядомыя беларусы стольки смеци выкидываюць!Скора у краине замяст лясоу - горы з смецци будуць стаяць. И гдзе тут гаспадары?А министры - винаваты! Згаджаюся. Бо - ня катралююць брудасау. Не штрафуюць. У Беларуси працуе тольки милицыя. А павинны усе органы працаваць.

Каментаваць