Ніна, якая шпацыруе са сцягам. Фотагісторыя пра Ніну Багінскую — сімвал беларускага пратэсту

Яе затрымлівалі і адбіралі ў яе бел-чырвона-белыя сцягі, якія яна шые. Яе судзілі і штрафавалі за грамадзянскую пазіцыю. Але яна працягвае выходзіць на вуліцу, з гонарам несучы свой сцяг, надаючы людзям надзею, піша «Белсат».

30 снежня 2020 года ўжо легендарнай Ніне Багінскай споўнілася 74 гады. Фатографка Таня Капітонава шпацыравала з ёю ў Мінску амаль пяць месяцаў і задакументавала, як невысокая і далікатная пенсіянерка сталася сімвалам масавых пратэстаў і прыкладам для ўсіх пакаленняў беларусаў.

Беларуская апазіцыйная актывістка, Ніна Багінская бярэ ўдзел у пратэстах з 1988 года, а ў 2020-м зрабілася асабліва вядомаю пасля фразы «Я гуляю!», сказанай амапаўцам, калі тыя не хацелі прапусціць яе з бел-чырвона-белым сцягам. Праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і крытыку ўлад Багінская неаднаразова атрымлівала штрафы.

Незалежная фатографка і журналістка з Мінска Таццяна Капітонава з 2015 года стварае праекты на сацыяльныя тэмы, у тым ліку ў кааперацыі з беларускімі мастакамі і актывістамі. Супрацоўнічае з Getty Images, часопісам «Большой», 34mag, Citydog ды іншымі незалежнымі медыямі. Выстаўлялася ў Беларусі, Швейцарыі ды Польшчы.

— Я пачала фатаграфаваць Ніну пры канцы жніўня 2020 года ў часе самых масавых пратэстаў у гісторыі Беларусі. Добра памятаю 29 жніўня, калі ўпершыню дамовілася правесці з ёю цэлы дзень. Мы сустрэліся на плошчы Перамогі на жаночым маршы. Хвілін з пяць Ніна была ў атачэнні людзей, а пасля смела выйшла з сцягам на пустую праезную частку. Усе на імгненне заціхлі, а потым пачалі пляскаць у далоні. Колькі жанчын пайшлі следам за Багінскай. Падышлі амапаўцы, але хутка адышлі, зразумеўшы, што яны — у меншасці, — распавадае Таня. — Я назірала за ўсім збоку і не наважылася падысці бліжэй. Спачатку здавалася, што заставацца побач небяспечна: Ніна прыцягвае шмат увагі. Але потым зразумела: быць побач — найбольш бяспечна. Багінская заўжды аточаная людзьмі, а сілавікі не затрымліваюць тых, хто ідзе побач. На жаль, сітуацыя хутка змянілася — пачалі затрымліваць нават за сэлфі з Нінай.

У жніўні Нінаю пачалі цікавіцца розныя медыя, а мінакі цвердзілі: сустрэць Багінскую на маршы — добры знак. «Мы толькі дзеля вас і выходзім», — сказаў адзін хлопец, убачыўшы Ніну ў Курапатах, і хутка ўключыў франтальную камеру.

Усе хацелі сфатаграфавацца з Багінскай, і яна нікому не адмаўляла. Спачатку Ніна на секунду нерухомела і пазіравала, але з цягам часу, здаецца, перастала звяртаць увагу на смартфоны і камеры. Проста ішла і гаварыла пра тое, што ёй рупіць.

Найчасцей на маршах Ніна разважала пра свабоду, гонар і годнасць. Казала пра тое, што ў Беларусі мусяць адбыцца сумленныя выбары, вінаватыя за зверскія здзекі мусяць быць пакараныя, а палітычныя зняволеныя — вызваленыя з турмаў.

Яна з лёгкасцю распавядала пра сябе, пра працу геолагам і швачкаю, пра захапленне роварным спортам і ёгаю, пра атрыманую ў юнацтве траўму і посттраўматычную эпілепсію. Апошняя — прычына амлеласцей Багінскай. Так у пачатку гэтага лета Ніна ўпала на разагрэтую газавую пліту. У выніку давялося ампутаваць частку сярэдняга пальца.

Аднойчы мы разам ездзілі да яе на лецішча. Я захаплялася, як асцярожна Ніна ставіцца да рэчаў і прадуктаў. Яна збірае і сушыць скрыпень, вырошчвае зеляніну і садавіну, а ўдома перароблівае старое адзенне і сама шые сцягі.

Багінская «запазычылася» дзяржаве амаль 16 тысяч долараў штрафаў. Ніна лічыць іх незаконнымі і кажа, што не збіраецца «фінансаваць» рэжым Лукашэнкі і яго сілавікоў. НДА ўжо неаднойчы прапаноўвалі ёй сваю дапамогу, але Багінская адмаўляецца. Яна кажа, што ёй стае.

Мне здаецца, Ніна не адразу прызвычаілася да ўвагі і людзей, якія захапляюцца ёю і жадаюць выказаць сваю ўдзячнасць. Яна шмат разоў адмаўлялася ад падарункаў і кветак, ад прапаноў адвезці яе дадому аўтамабілем або таксоўкаю.

Толькі аднойчы я сустрэлася з негатывам у яе бок. Суседкі з двара круцілі пальцам ля скроні, убачыўшы Багінскую. Эмоцыі астатніх беларусаў заўжды аднолькавыя: Ніна Багінская — гэта захапленне, трымценне і выбух радасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: