Ніна Шыдлоўская пра тое, як тры месяцы жыла «справай патрыётаў»

Некалькі дзясяткаў затрыманых, ператрусы, выкрывальныя фільмы: пасля трох месяцаў зняволення з-за кратаў выходзяць усе фігуранты «справы патрыётаў». Пакуль пад падпіску аб нявыездзе.

І ўвесь гэты час грамадская актывістка Ніна Шыдлоўская кантактуе з роднымі абвінавачаных, размаўляе з журналістамі, шукае адвакатаў, збірае грошы на дапамогу. Пад сценамі “Валадарскі” ў чаканні апошняга фігуранта справы Міраслава Лазоўскага мы гаворым пра тое, як “справа патрыётаў” змяніла яе жыццё.

Ніна Шыдлоўская: Вось сёння ўжо выпіла “Навапасіту” таму магу тут спакойна стаяць. Вельмі пакутуе праца ад гэтага, але па-іншаму не магла. Калі яны ўжо будуць па хатах, можна будзе і сабой займацца, і да працы вяртацца, да асабістага жыцця.

Еўрарадыё: Які ваш звычайны дзень?

Ніна Шыдлоўская: Першыя паўтара месяца самыя цяжкія. Пасля ўсіх камунікацыяў, кантактаў, пытанняў па зборы сродкаў уначы даводзілася прыдумваць, што рабіць, каб гэта дапамагло, а не нашкодзіла. Я ж не ўмела гэтага ўсяго рабіць, даводзілася пытацца, даведвацца. З раніцы плануеш сустрэчы з адвакатамі, са сваякамі. Сваякі не ведалі адно аднаго, не ведалі, навошта нам трымацца разам.

Еўрарадыё: Было непаразуменне з боку сваякоў?

Ніна Шыдлоўская: Трэба было тлумачыць, навошта падымаць інфармацыйную хвалю. Бо ў некаторых быў падыход такі: ціхенька сядзець, і тады сына ці мужа хутка адпусцяць. Пасля прыйшло паразуменне, што калі іх разам несправядліва зняволілі, то трэба дамагацца, каб усіх разам і адпусцілі.

Еўрарадыё: За тры месяцы, відаць, пасябравалі з усімі сваякамі?

Ніна Шыдлоўская:  Практычна з усімі. Людзі праявілі сябе нават лепш, чым я спадзявалася. Цяпер у мяне шмат “сваякоў” з’явілася таксама. Я думаю, мы будзем і надалей камунікаваць з імі.

Еўрарадыё: Не было спробы на вас націснуць, каб не займаліся гэтай справай?

Ніна Шыдлоўская: Наўпроставай такой спробы не было. Былі нейкія сігналы, але, можа, нейкая публічнасць уратавала.

Еўрарадыё: Быў такі момант, калі стала зразумела, што ўсіх адпусцяць?

Ніна Шыдлоўская: Не было такога моманту. Нават учора, калі пяцярых адпусцілі адразу. Я спадзяюся, што ўжо хутка ўбачу Лазоўскага, хлопцы ўжо па хатах, з сем’ямі. Але галоўнае, каб гэты артыкул-абвінавачанне знялі.

Еўрарадыё: Высыпаліся гэтыя тры месяцы?

Ніна Шыдлоўская: Я цяпер не ведаю, што такое адпачываць. Буду прасіць сяброў навучыць. Не падаць практычна і адключацца на нейкі час, а адпачываць. Удавалася паспаць пару гадзінаў, часам на 12 гадзінаў ад стомы арганізм адключаўся. Але каб проста адпачыць — такога не было.

Еўрарадыё: На здароўі адбілася гэтая справа?

Ніна Шыдлоўская: Шмат якія хранічныя балячкі абвастрыліся, але трэба будзе цяпер з гэтым разбірацца. Найперш падтрымка людзей дапамагала, калі часам нехта можа проста плячо табе падставіць. Усялякія траўкі таксама, якія нервы супакойваюць.

Пакуль размаўляем з Нінай Шыдлоўскай, ахоўнік Валадаркі паведамляе, што Міраслава Лазоўскага выпусцілі дзве гадзіны таму. Дома яго няма, пад сценамі Валадаркі — таксама. 

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: