«Нябачны» суслік: у Нясвіжскім раёне адмаўляюцца аддаваць рэдкіх грызуноў пад ахову

Летась грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) знайшла восем апошніх калоній рабога сусліка, віду, уключанага ў нацыянальную Чырвоную кнігу. У пачатку гэтага года большую частку самай вялікай і важнай калоніі плошчай 80 га пад Нясвіжам узялі пад ахову. Але меншыя калоніі ў тым жа раёне агульнай плошчай каля 120 га засталіся без аховы, і ім пагражае разворванне.
Пры перадачы ахоўных дакументаў эксперты АПБ пазначалі межы тэрыторый, якія неабходна перадаць пад ахову, і адзначалі каардынаты цэнтру кожнай з іх. Начальнік раённай інспекцыі Мінпрыроды Юрый Грынкевіч разам з прадстаўнікамі НАН Беларусі правяралі наяўнасць суслікаў менавіта па гэтых кропках, не дбаючы пра тое, каб агледзець усю тэрыторыю. Хаця ахоўваць трэба ўсю калонію, а не асобныя норкі: ёй патрэбна жыццёвая прастора, і ў ахоўнага ўчастка павінны быць выразныя межы накшталт дарогі, каб гэта не быў кавалак поля без арыентыраў.

Такім чынам, пры праверцы канкрэтных кропак у канцы сезона 2019 года, а потым 23 красавіка 2020 года ні суслікаў, ні норак яны не пабачылі, і таму склалі акты пра тое, што, маўляў, звяркоў там няма. Пры гэтым яны не парупіліся запрасіць і спытаць экспертаў, якія знайшлі тут суслікаў, нават мясцовага - Сяргея Шакалу, які мог бы паказаць ім і суслікаў, і іх норы.

24 красавіка 2020 года эксперты АПБ паказвалі “калоніі-невідзімкі” заолагу з НАН Беларусі, калі натыкнуліся на трактар, які дыскаваў поле з суслікамі каля вёскі Затур’я. Глебу рыхтавалі для ўзворвання! Працы прыпынілі з надзеяй, што суслікі выжывуць.Спецыяліст НАН Беларусі паведаміў у інспекцыю аб інцыдзенце і аб тым, што суслікаў і іх спецыфічныя норы знайшлі на ўсіх “калоніях-невідзімках” і што тэрыторыі калоній нельга чапаць, нават пакуль на ніх няма ахоўных пашпартоў. Суслікі выдатна суіснуюць з сенакосам ці выпасам, але пераворванне нясе ім смерць. Усе вядомыя калоніі існуюць на землях, якія не аралі 5-20 гадоў.

АПБ напісала ў Нясвіжскую інспекцыю тэрміновы ліст з просьбай прыняць захады па зацвярджэнні ахоўных пашпартоў на суслікаў, падрыхтаваных яшчэ летась, а пакуль прыняць меры па абароне гэтых калоній.
5 траўня 2020 года ў Нясвіжы адбылася нарада прысвечаная суслікам. У ёй удзельнічалі старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Сяргей Прымачэнка, намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта Мінпрыроды Аляксандр Дабрыцкі, эскперт АПБ Сяргей Шакала, вядучы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Рыгор Янута, дырэктары мясцовых сельгаспрадпрыемстваў Алег Вінаград і Аляксандр Каспер, а таксама дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.

На сустрэчы адзначалася, што зямля, на якой пасяліліся рабыя суслікі, вельмі ўрадлівая. Аляксандр Ломскі выступіў з прапановай “перасяліць або адсяліць [суслікаў] для захавання калоніі ў іншыя прыдатныя для іх месцы пражывання”, а Сяргей Прымачэнка прапанаваў вылучыць для гэтага пашы ў іншых раёнах Мінскай вобласці.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ, па выніках сустрэчы дадаў: “Мы будзем спрабаваць рабіць рассяленне ў іншыя раёны, трэба апрабаваць метады, пакуль ёсць здаровая вялікая калонія, але там, дзе яны пасяліліся, яны павінны заставацца жыць, бо яны выбралі гэтыя тэрыторыі.

Як гром сярод яснага неба быў ліст ад Нясвіжскай раённай інспекцыі Мінпрыроды, накіраваны ў АПБ 19 траўня, дзе сказана, што суслікаў яны бачылі толькі на самай вялікай калоніі, а “на астатніх месцах пражыванне сусліка рабога не ўстаноўлена, частка ўчасткаў увогуле непрыдатна для пражывання рабога сусліка (знаходзяцца пад ворыўнымі землямі)” – то бок проста таму, што калоніі знаходзяцца на тэрыторыях, якія хочуць узараць, гэтыя тэрыторыі палічылі для суслікаў непрыдатнымі.

У лісце інспекцыі гаворыцца: “Такім чынам, Нясвіжская інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя лічыць немагчымым здзяйсненне ў адносінах да ААТ “Юшавічы” ніякіх адміністрацыйных дзеянняў па факце дыскавання дадзенага ўчастка.

Але ўчора, 20 траўня, праверка калоніі суслікаў пад Затур’яй паказала, што поле пераарана, а калонія знішчана!

Такім чынам, ні раённыя ўлады, ні мясцовая інспекцыя Мінпрыроды не хочуць убачыць і абараніць рэліктавы від. Усім астанім калоніям суслікаў Нясвіжчыны пагражае знішчэнне ад сельскагаспадарчых прац: без ахоўнай паперы іх калоніі могуць перакапаць. Але ёсць закон, і павінен быць выхад з гэтага тупіка.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: