Нягледзячы на драконаўскае заканадаўства, у Беларусі адзначаецца рост падлеткавай наркаманіі

Як выявілася, строгае заканадаўства па «наркатычных» артыкулах не спрыяе зніжэнню спажывання наркотыкаў і псіхатропаў.


Сярэдні ўзрост далучэння да наркотыкаў у Беларусі сёння складае 13 гадоў, паведаміла УУС Гомельскага аблвыканкама. Аднак ужо выяўленыя выпадкі наркатычнай залежнасці ў дзяцей ва ўзросце 9–10 гадоў, піша Радыё Свабода.

Па даных выбарачных апытанняў, 44% хлопчыкаў і 25% дзяўчынак спрабавалі хаця б аднойчы ў сваім жыцці наркотыкі і іншыя псіхаактыўныя рэчывы. Колькасць падлеткаў-наркаманаў, якія ўпершыню звярнуліся па медычную дапамогу з гэтай нагоды, за апошнія гады ў Беларусі вырасла на чвэрць.

Пры гэтым сярод спажыўцоў наркотыкаў пераважае моладзь ва ўзросце да 30 гадоў, і тэмпы росту наркаманіі ў гэтым асяроддзі самыя высокія.

У Беларусі адказнасць за нарказлачынствы наступае з 14 гадоў. Цяпер некалькі соцень падлеткаў ад 14 да 18 гадоў адбываюць 9–13-гадовыя тэрміны пакарання за пашырэнне наркотыкаў. Статыстыкі, якая б паказвала, што павелічэнне турэмнага зняволення за нарказлачынствы спрыяе зніжэнню іх колькасці, няма. Заканадаўства па гэтым пытанні ў розных краінах Еўропы мае вялікія разыходжанні.

У Беларусі за кратамі знаходзіцца 36-гадовы блогер Павел Спірын. Сёлета ў лютым яго асудзілі да 4,5 гадоў зняволення паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці».

У расследаванні, якое ён выклаў у фільме «Грань», Спірын на аснове атрыманай інфармацыі сцвярджаў, што да абароту наркотыкаў маюць прамое дачыненне канкрэтныя асобы з кіраўніцтва сілавога блоку Рэспублікі Беларусь. Улады вызналі фільм экстрэмісцкім, а таксама пачалі супраць блогера крымінальную справу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: