Нягледзячы на глаукому і перанесены рак. 66-гадовай пенсіянерцы далі 14 сутак

66-гадовай пенсіянерцы Зоі Кароткінай, якая знаходзіцца ў стадыі рэмісіі па анкалогіі, суддзя Цэнтральнага раёна Карсюк даў 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Сведка Аляксандр Аляксандраў, даючы паказанні, не змог нават назваць яе імя.

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшло пасяджэнне па ч. 1 арт. 23. 34 Каап па справе 66-гадовай Зоі Кароткінай. Яе затрымалі ў суботу, 23 студзеня, піша Onliner.

— У вас маецца якая-небудзь група інваліднасці? — спытаў у пачатку паседжання суддзя Карсюк.

— Ужо няма, — адказала Зоя Уладзіміраўна.

— Памер вашага сярэднямесячнага даходу?

— 520 рублёў пенсія.

— У стане цяжарнасці знаходзіцеся?

— Не, вядома, — здзіўлена адказвае пенсіянерка. Суддзя тлумачыць правы і абавязкі патэнцыйнай правапарушальніцы і зачытвае пратакол. У гэты час Зоя Кароткіна моцна кашляе.

— Я не згодная толькі з тым, што я свядома ўдзельнічала, і што я ўдзельнічала з кімсьці ўдваіх, і што я мела ў руках, што вы там кажаце, сімволіку? — сказала Зоя Уладзіміраўна. — Я прызнаю сябе вінаватай у тым, што я не ведала, што парушаю нейкія законы. Няведанне не вызваляе ад адказнасці, таму я вымушаная прыняць пакаранне. Але я зусім апалітычны чалавек і не ўнікала ва ўсе гэтыя справы, якія мяне не цікавяць. А аказалася, што ёсць такія справы. Я ішла ў краму і спынілася паглядзець, што адбываецца.

Суддзя перапыняе яе і кажа, што час для дачы тлумачэнняў у жанчыны яшчэ будзе.

— Ну я проста спяшаюся, я ж не ведаю ўсёй гэтай цырымоніі. Я не прызнаю сябе вінаватай, не ўдзельнічала ні ў якіх маніфестацыях, — адзначае яна і адмаўляецца ад далейшых тлумачэнняў.

Згодна з пратаколам яе паказанняў, яна паказвала знак «віктары» аўтамабалям, што праязджалі па праспекце Незалежнасці і сігналілі. Але Зоя Уладзіміраўна кажа, што гэта не яе словы. Яна распавяла, што спачатку па праспекце ехала калона з дзяржаўнымі сцягамі, а потым сігналілі яшчэ нейкія машыны. Да яе падышла іншая пенсіянерка, яны сталі размаўляць, а потым Зою Кароткіну ўзялі за локаць і павялі да машыны.

— Я ўжо гадоў дзесяць не гляджу тэлевізар і не цікаўлюся, што наогул адбываецца, — кажа яна.

Сведка, як і чакаецца, Аляксандраў Аляксандр Аляксандравіч.

— А хто такі Аляксандраў? Сведка нейкі ці хто? — удакладняе пенсіянерка.

Суддзя не адказвае на яе пытанне і пераходзіць да апытання сведкі, пасля чаго заяўляе аб змене анкетных звестак. Па традыцыі выступае сведка па Skype і ў масцы. Гэта міліцыянт Цэнтральнага РУУС Мінска. Сілавік прадказальна распавядае, што разам з АМАПам затрымаў двух чалавек, якія «парушалі грамадскі парадак, пікетавалі ў мэтах выказвання сваіх асабістых палітычных настрояў. Падчас пікетавання грамадзянка [неразборліва] Вера Уладзіміраўна знаходзілася з іншым удзельнікам пікету, які трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг».

Суддзя перапыняе сведку і ўслых выпраўляе прозвішча, імя і імя па бацьку затрыманай.

— Кароткінай? — здзіўлена перапытвае сведка, ўзнікае працяглая паўза. — А-а-а, усё зразумеў.

Ён распавядае тое ж самае, толькі нібыта пра Зою Уладзіміраўну, кажа, што яна трымала сцяг. Да яе паварочваюць камеру, міліцыянт кажа, што пазнае яе. Пенсіянерка адмаўляе, што ў кагосьці з іх была сімволіка.

— Я спадзяюся, што сведка не выконвае якой-небудзь спецзаказ, а проста сапраўды мяне з кімсьці пераблытаў, — падсумоўвае Зоя Кароткіна. — Я не адчуваю сябе вінаватай у нейкім злачынстве, вінаватая толькі ў тым, што не сачу за навінамі палітыкі. Да таго ж у мяне вельмі слабае здароўе: нават калі б хацела [удзельнічаць у мерапрыемствах], то не змагла б, таму што я вельмі стамляюся. У мяне была анкалогія, вельмі цяжкае лячэнне на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Зараз я ў рэмісіі, нават сёння мяне ванітавала і кружылася галава, таму што за акном змяняецца надвор'е. Прыміце, калі ласка, пад увагу, што ў нас з гэтай жанчынай не было ніякай сімволікі-звычайная бабская размова. Мы дзве пажылыя гаварлівыя бабы.

Суддзя, не раздумваючы, прызнаў пенсіянерку вінаватай і даў ёй 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

— Я асуджаная на 14 сутак? Я правяду тут 14 сутак? — у здзіўленні перапытала яна. Суддзя Карсюк паўтарыў рашэнне і агучыў тэрміны магчымага абскарджання.

— Я не ведаю, як гэта рабіць, ды і не вытрымаю. Гэта не ў маіх сілах, таму паеду сядзець, — завяршыла дыялог пажылая жанчына.

Onliner пагутарыў з мужам Зоі Уладзіміраўны, Анатолем. Ён кажа, што быў у вёсцы на дачы, яго жонка патэлефанавала яму як раз прыкладна падчас свайго затрымання, але нічога сказаць не паспела. Мужчына зразумеў, што здарылася нешта нядобрае. Пазней даведаўся, што яе забралі ў РУУС, і накіраваўся туды. Чакаў каля гадзіны, а потым яму сказалі, што спісы будуць толькі пасля 12 гадзін ночы, абмяняўся тэлефонамі з міліцыянтам. У тры гадзіны ночы быў прапушчаны званок, але да таго часу Анатоль ужо заснуў.

— Раніцай мне набралі ўжо з Акрэсціна, сказалі, што яна там і што я магу прывезці для яе лекі-таблеткі і кроплі. Я ўзяў яшчэ з сабой пару апельсінаў, бананаў і Вадзіцы, але іх не ўзялі: прымаюць толькі лекі, — сказаў мінчук.

На Акрэсціна тры тыдні не прымаюць перадачы. Па-ранейшаму вінаваты каронавірус

Па словах Анатоля, пасля хіміятэрапіі ў яго жонкі пашкоджаныя лёгкія, таму яна цяжка пераносіць нават невялікія скразнякі і перамены надвор'я — пачынае кашляць і чхаць.

— Праапераваная з усіх бакоў — і зверху, і знізу. Я ўжо не памятаю нават, колькі «хімій» у яе было. І з вачыма ў яе праблемы — глаўкома, і з ціскам — цэлы букет хвароб, пастаянна носіць з сабой шмат таблетак. Невядома, як яна там выжыве. Спадзяюся, што яна была цёпла апранутая. Але ці дадуць ёй насіць цёплую вопратку ў гэтых казематах, я не ведаю. Кажух, спадніца ў яе была доўгая, — успамінае муж затрыманай.

Мужчына кажа, што не чакаў адміністрацыйнага арышту для жонкі. Ён не быў на судовым пасяджэнні: даведаўся пра яго за пяць хвілін да пачатку.

— Я думаў, што яе адпусцяць. Трымаць такіх людзей... Ну якую яны ўяўляюць пагрозу дзяржаве? Што яны яму зробяць? Думаў, можа, штраф які дадуць. Але столькі сутак! Аб якой чалавечнасці тут можна казаць? — задае ён рытарычнае пытанне.

Анатоль Паўлавіч распавядае, што яго жонку пачалі апераваць у Бараўлянах яшчэ ў 1987 годзе — акурат пасля аварыі на ЧАЭС.

— У яе была інваліднасць, але яе знялі некалькі гадоў таму. Напэўна, каб не плаціць пенсію, — у нас жа ўсё сацыяльна арыентавана.

Пятага лютага Зоі Кароткінай споўніцца 67 гадоў. Свой дзень нараджэння яна сустрэне ў няволі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: