«Няма большай ахвяры, чым калі чалавек аддае жыццё за сяброў»

Месяц, як з намі няма Вітольда Ашурка... Свет не надта змяніўся за гэты час. А мы?
Фота з фэйсбука Святланы Каваленка

Фота з фэйсбука Святланы Каваленка

Бярозаўка — маленькае ціхае і зялёнае месца, у летнюю спёку ды яшчэ ў нядзелю, тым не менш, людзей тут даволі шмат. Нейкі мясцовы Амстэрдам: ровары, ровары, ровары. Усе перамяшчаюцца на роварах. Выбар маршрутак у мяне быў небагаты, таму давялося прыехаць загаддзя і пагуляць па Бярозаўцы колькі часу.
Напэўна, гэта такая прыемная ілюзія — верыць, што ў Заходняй Беларусі можна паўсюль пачуць беларускую мову ці што людзі жывуць нейкімі больш высокімі матэрыямі. Насамрэч, людзі такія ж, як і паўсюль, і размаўляюць яны па-руску, і жывуць яны сваімі самымі звычайнымі справамі. Пачынае нават падавацца, што зусім ужо звычайнымі.

Маючы яшчэ шмат часу, кіруюся на могілкі. Лёгка ўзгадваецца дарога, па якой ішла амаль месяц таму... Месяц таму ў турме забілі майго паплечніка. Для фронтаўцаў гэтае слова азначае трошку больш, чым проста быць запісанымі ў адны і тыя ж партыйныя спісы. Нашмат больш, насамрэч. Хоць я і не была для Вітольда блізкім сябрам, але часам людзей робіць блізкімі усё тое, што іх назаўжды раз'ядноўвае. Тое, у што ён верыў і за што змагаўся, і чаму і апынуўся за кратамі, тое, якім ён быў чалавекам сам па сабе, тое, як менавіта яго не стала... І тое, што так і не пабачыў узыход сонца свабоды над нашай Бацькаўшчынай, хаця ўсім сэрцам верыў, што гэта ўжо хутка адбудзецца. Калі для чалавека ўжо нічога больш не можаш зрабіць — ні напісаць у фэйсбуку, ні напісаць у турму, ніколі ўжо не павітацца — мозг ліхаманкава шукае хоць якую магчымасць зрабіць хоць нешта. І выбраць самую прыгожую кветку, і прыйсці на імшу, ні на кроплю не з'яўляючыся каталічкай, і ўзгадваць пра яго разам з тымі, каму таксама баліць.

На могілках тым часам не так ужо і лёгка зарыентавацца: за месяц з'явіліся новыя выспачкі з кветкамі, ну канешне, жыццё ж ідзе, і смерць таксама. Мне дапамагае пажылая кабета: "Вы кагосьці шукаеце? Вітольда?" Чамусьці яна адразу здагадваецца, потым кажа, што таксама была на пахаванні. Потым доўга распавядае пра свайго сына, які тут зусім непадалёк: як ён нарадзіўся на Раство, як ён па неасцярожнасці загінуў. Да нас набліжаецца хаўтурная працэсія — адным словам, пабыць у цішыні сам-насам з думкамі не надта атрымліваецца. Таму пакідаю кветку і рушу да касцёла.

Зялёная Бярозаўка зусім не такая свежая, як можа падавацца ад усёй гэтай зеляніны. У паветры моцна адчуваецца атручанасць: усё шкодныя выкіды ад завода, экалагічная бяда, з якой Вітольд і іншыя мясцовыя актывісты таксама змагаліся. Нешта, напэўна, змянілася, але людзі працягваюць з гэтым жыць.

У касцёле ўрачыста, акрамя сумнай нагоды ёсць і радасная: хрэсцяць дзвюх маленькіх дзяўчынак. Новае жыццё, новае духоўнае жыццё пачынаецца нягледзячы ні на што, яго немагчыма спыніць ці стрымаць. Як і звычайныя з'явы кшталту нядзельнай імшы, што будуць адбывацца тут надалей. Ксёндз узгадвае Вітольда ўрачыстымі і глыбокімі словамі: "Няма большай ахвяры, чым тая, калі чалавек аддае жыццё за сваіх сяброў".
Фота Кацярыны Шуст

Фота Кацярыны Шуст

Гэта сапраўды горкая рэчаіснасць: пасля смерці Вітольда Павел Севярынец з-за кратаў адзначыў, што стаўленне да палітвязняў стала больш уважлівым. Яго сябры ніколі не забудуць гэтую ахвяру — напэўна, мы ўсё ж сталі іншымі. Сумна тое, што ахвяра была не толькі дзеля сяброў, а дзеля шматлікіх людзей, хто, здаецца, нават не ў курсе. Па выхадзе з касцёла на адной з вуліц чую, як жанчына віншуе іншую са святам: "Сёння вялікае свята". Гэта так дзіўна — свята...

У маёй краіне амаль цэлы год працягваецца нейкае пекла — па вялікім рахунку, дваццаць шэсць год, але па маленькім, але такім, што сапраўды мусіла дайсці да кожнага, то год жаху, вусцішы і цемры. І усё ж людзі жывуць сваім штодзённым жыццём і часам зусім блізка ад чарговага агменю журбы і пакутаў. Мне бывае вельмі балюча ад гэтага. Але "няма большай ахвяры, чым калі чалавек аддае жыццё за сяброў", і ўсё, што застаецца сябрам — намагацца, каб гэтая ахвяра не была дарэмнай. Нягледзячы ні на каго, хто пра яе не памятае. І гэта тое, што можна зрабіць для чалавека, якому ўжо нельга напісаць, з якім ужо нельга павітацца. Памятаць. І працягваць змаганне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: